Забудзьце пра «белага лебедзя». Сафійскаму сабору ў Полацку прапануюць вярнуць гістарычны каляровы фасад

Хутка павінна пачацца чарговая рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. У сувязі з гэтым архітэктар-рэстаўратар Раман Забела прапануе адмовіцца ад звыклай, але ўтылітарнай белай фарбы і вярнуць галоўнаму храму Полацка яго сапраўднае, каляровае гістарычнае аблічча сярэдзіны XVIII стагоддзя, піша «Наша Ніва» са спасылкай на старонку архітэктара-рэстаўратара ў Фэйсбук.

Uznoŭlieny baročny kalaryt fasadaŭ Safijskaha sabora ŭ Polacku i jaho sučasny pabielieny vyhliad
Узноўлены барочны каларыт фасадаў Сафійскага сабора ў Полацку і яго сучасны пабелены выгляд. Мы звыкліся з беласнежным выглядам храма, але ў параўнанні з тым, які ён быў гістарычна, гэты белы колер робіць яго знежывелым, падобным да макета ў натуральную велічыню. Фота: фэйсбук Рамана Забелы

Раман Забела адзначае, што сённяшні беласнежны вобраз Сафійскага сабора, які многія паэтычна параўноўваюць з «белым лебедзем», часта памылкова ўспрымаецца як аўтэнтычны. Насамрэч гэты выгляд — вынік утылітарных рамонтаў ХІХ стагоддзя і рэстаўрацыйных падыходаў 1980‑х гадоў.

«У другой палове ХІХ стагоддзя будынак быў двухкаляровы; пасля ён быў пабелены, але дах быў цёмны, а не такі актыўна зялёны. Дый гістарычныя вапнавыя пабелкі ніколі не давалі такога трывалага ў часе яркага колеру, які адлюстроўвае святло і робіць фасад аптычна «плоскім»», — піша даследчык.


Viartannie aryhinaĺnaha baročnaha kalarytu kasciolu ordena misijanieraŭ u Viĺni
Вяртанне арыгінальнага барочнага каларыту касцёлу ордэна місіянераў у Вільні. Фота: welovelithuania.com

Спецыяліст тлумачыць, што сутнасць перафарбоўкі барочных фасадаў у адзін светлы колер у часы Расійскай імперыі — гэта выключна практыка танных рэгулярных рамонтаў і ўніфікацыі.

Паводле тагачасных імператарскіх загадаў фасады ў гарадах павінны былі фарбавацца кожныя 3‑4 гады і мець прыглушаны пастэльны тон. Гэта прыводзіла да страты ўнікальнай адметнасці аб’ектаў. У рэстаўрацыйнай метадалогіі такі рамонтны этап не лічыцца каштоўным і не павінен вызначаць новае аблічча помніка.

Барока павінна быць каляровым

На сёння Сафійскі сабор мае закончаны выгляд барочнага храма сярэдзіны XVIII стагоддзя, у які далікатна інтэграваны рэшткі храма ХІ стагоддзя. Рэстаўратар падкрэслівае, што пасля гэтага ніякіх новых аўтарскіх і стылістычна закончаных змен не адбывалася, таму вяртанне першапачатковага барочнага каларыту з’яўляецца абсалютна лагічным крокам.

Schiema zandažoŭ
Схема зандажоў па галоўным фасадзе, якія дазволілі выявіць каляровую размалёўку. Фота: фэйсбук Рамана Забелы

Тое, што Сафійскі сабор быў каляровым, даўно не сакрэт для спецыялістаў. Гэта пацвердзілі яшчэ стратыграфічныя даследаванні фарбавальных слаёў 1979 года, а таксама больш познія даследаванні 2002 і 2011 гадоў. На падставе гэтых даных Раман Забела прапанаваў умоўную графічную рэканструкцыю колеравага рашэння сабора, дзе фасад набывае цёплыя вохрыстыя адценні з тэракотавымі акцэнтамі на дэкаратыўных элементах, такіх як абрамленні вокнаў, гірлянды на пілястрах, заглыбленыя паясы цокалю (падобна да адсылкі барочных архітэктараў да паласатай муроўкі «са схаваным радам», якой да апошняга трымалася полацкая школа дойлідства — НН).

«Дагэтуль часта сустракаю аргументы супраць аднаўлення гістарычнага каларыту: «людзі прызвычаіліся», «а раптам не зразумеюць», «не трэба рызыкаваць».

Bryhicki kasciol u Hrodnie
Брыгіцкі касцёл у Гродне — адзін з першых на Беларусі, чый барочны каларыт быў адноўлены ў час рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Haloŭny fasad baročnaha kasciola Božaha Ciela ŭ Niasvižy
Галоўны фасад барочнага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы ў пачатку і пасля рэстаўрацыі. Пад пластамі ўтылітарнай белай фарбы быў выяўлены ўнікальны комплекс насценных размалёвак з картушамі, імітацыяй цаглянага мура і натуральнага каменю, пра які нічога не было вядома. Фота: Wikimedia Commons

Насамрэч аднаўленне барокавага каларыту — не нешта новае і ў беларускай рэстаўрацыйнай практыцы. Адпаведныя працы ў розны час і ў рознай ступені ўжо былі праведзеныя на брыгіцкім касцёле ў Гродне, паезуіцкім касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, пабернардынскім касцёле св. Язэпа ў Менску; цяпер вядуцца на бернардынскім касцёле Беззаганнага Зачацця ў Слоніме. Вынік як для гарадскога асяроддзя, так і для ўспрымання саміх помнікаў… выключна станоўчы», — даводзіць эксперт.


Haloŭny fasad kasciola Sviatoha Jazepa ŭ Minsku
Галоўны фасад касцёла Святога Язэпа ў Мінску пасля аднаўлення яго барочнага каларыту на аснове хіміка-фізічных даследаванняў аддзелкі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»


Kaliarovy eksterjer kasciola Sviatoj Kaciaryny ŭ Viĺni
Каляровы экстэр’ер касцёла Святой Кацярыны ў Вільні пасля нядаўняй рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Што неабходна зрабіць?

Напярэдадні новай рэстаўрацыі архітэктар заклікае сфармаваць дакладны запыт на паўнавартаснае даследаванне гістарычнага каларыту помніка.

Паводле яго слоў, з кожным новым рамонтам інфармацыі для вывучэння на фасадах становіцца ўсё менш.

Даследаванні трэба праводзіць не толькі праз вывучэнне маленькіх проб у лабараторыі, але і праз паслойныя расчысткі на самім фасадзе кожнага элемента мастакамі-рэстаўратарамі, як гэта паспяхова рабілася на касцёле ў Нясвіжы і касцёле Святога Іосіфа ў Мінску.

Акрамя каляровага рашэння, Раман Забела лічыць неабходным больш выразна экспанаваць аўтэнтычныя рэшткі муроў ХІ стагоддзя на ўсходнім і заходнім фасадах, а таксама падняць пытанне вяртання гістарычнай вышыні канька даху. Усё гэта дапаможа вярнуць Полацку не ўтылітарна-белую, а сапраўдную гістарычную Сафію.