Кім сябе лічаць беларусы? Вынікі даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці

Сацыёлагі міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta пры падтрымцы Фонду імя Фрыдрыха Эберта прэзентавалі вынікі даследавання «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у 2026 годзе». Як беларусы бачаць сваё месца ў свеце? Як ацэньваюць сябе і іншыя нацыі? Колькі беларусаў усведамляюць сябе еўрапейцамі і як ставяцца да саюзу з Расіяй? Пра гэта распавялі эксперты на падставе вынікаў даследавання.

Maliunak Andrusia Takindanha
Мая Беларусь. Малюнак Андруся Такінданга


Даследаванне праводзілася ў сакавіку-красавіку 2026-га, гэта — анлайн-апытанне беларусаў, якія жывуць унутры краіны. Апытана 803 рэспандэнты, якія жывуць у гарадах з насельніцтвам ад 20 000 і болей жыхароў.

Паводле аднаго з аўтараў даследавання, сацыёлага Філіпа Біканава, адказы дазволілі падзяліць аўдыторыю на чатыры кампаненты:

  • касмапалітычная,
  • беларуская,
  • савецкая
  • нацыянальна-індыферэнтная.

«Беларуская і савецкая нацыянальныя кампаненты — гэта дзве галоўныя, якія ўтвараюць два ключавыя нацыянальныя наратывы для Беларусі і канкуруюць між сабой у беларускім ідэнтычнасным полі», — каментуе Філіп Біканаў.

5 сегментаў беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці

«Мы выдзяляем пяць кластараў, якія інтэрпрэтуем як сегменты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», — распавёў сацыёлаг.

«Свядомыя» — гэта людзі, якія прыхільныя да таго, што мы называем нацыянал-рамантычны нацыянальны праект, ці бел-чырвона-белы нацыянальны праект.

Вялікі сегмент «савецкія» — ён ядравы для беларуска-савецкага нацыянальнага наратыву. Гэта асноўны канкуруючы нацыянальны наратыў, які найбольш блізкі да беларускай дзяржавы ў тым выглядзе, у якім яна зараз перад намі прадстае. Гэтыя людзі больш глядзяць у савецкае мінулае, як у беларускія вытокі, чым “свядомыя”, але гэта ўсё яшчэ беларуская кампанента.

«Абыякавыя» — гэта людзі нацыянальна індыферэнтныя, якім нацыянальнае падаецца трошкі менш істотным у жыцці.

«Тыя, якія фармуюцца» — група больш маладая, якой уласцівыя рысы як беларускай кампаненты, так і савецкай. І нашая бягучая гіпотэза — тое, што гэтыя людзі могуць трапіць як да аднаго нацыянальнага наратыву, так і да другога ў залежнасці ад таго, папросту як іх жыццё складзецца.

«Русіфікаваныя» — сегмент, які мы аддзяляем ад “абыякавых”. Гэта тыя “абыякавыя”, якія ў анкеце абралі тое, што яны не з’яўляюцца беларусамі, што яны — рускія. Гэта такі трэці нацыянальны праект у Беларусі, тыповы расійскі каланіяльны праект. Гэта людзі, якія лічаць, што Беларусь — гэта даволі штучнае стварэнне, беларуская нацыя — гэта штучнае стварэнне. У нашай выбарцы такіх не больш за 5%».

Skrynšot z dasliedavannia «Nacyjanaĺnaja identyčnasć bielarusaŭ u 2026 hodzie»
Скрыншот з даследавання «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у 2026 годзе»

Дзе мы бачым сябе ў свеце?

Сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч на падставе даследавання кажа, што беларусы бачаць сябе часткай усходне-славянскага кластара еўрапейскай цывілізацыі разам з украінцамі і рускімі.

«Калі мы пыталіся: «А кім вы лічыце беларусаў як нацыю?», 57% адказалі, што гэта хрысціянскі народ, — распавёў даследчык. — Існуе распаўсюджанае меркаванне, што мы — памежная нацыя, нацыя паміж Усходам і Захадам. Але, як бачым, самі беларусы сябе памежнай нацыяй не лічаць. На месца гэтай памежнасці хутчэй трапляюць народы іспанамоўнага свету — іспанцы, аргентынцы, венесуэльцы.

Калі запытаць: «Кім вы лічыце асабіста сябе і беларусаў у цэлым?», мы бачым, што 87% беларусаў лічаць сябе славянамі (…) Славянства — адна з цэнтральных наднацыянальных ідэнтычнасцяў для беларусаў».

Каб высветліць, якія сэнсы беларусы ўкладаюць у паняцце славянства, даследчыкі пагаварылі з імі пра гэта падчас глыбінных інтэрв’ю:

«Выснова наступная: славянства для беларусаў — гэта хутчэй палітычна нейтральная наднацыянальная катэгорыя, якую аб’ядноўваюць:

  • па-першае, падобныя мовы. На глыбінных інтэрв’ю некаторыя нават сцвярджалі, што, напрыклад, могуць паразумецца з сербамі.
  • Па-другое, гэта агульная гісторыя. Найхутчэй таму, што тэрыторыі сучасных славянскіх народаў у гісторыі часта ўваходзілі ў склад адных і тых жа дзяржаў.
  • Далей — знешнасць. Людзі так і кажуць, што існуе нейкая славянская знешнасць.
  • Асабістыя якасці. Напрыклад, падчас глыбінных інтэрв’ю згадвалася гэтая ўжо легендарная славянская панурасць: нейтральны выраз твару, які часта ўспрымаецца так, нібыта гэтыя людзі не надта радасныя».

Цікава, што калі гаворка ідзе пра еўрапейскасць, то

«вельмі часта, каб лічыць нейкую нацыю еўрапейскай, для беларусаў важна, каб яна была дэмакратычнай або талерантнай ці валодала яшчэ нейкімі падобнымі рысамі — і нічога падобнага няма, калі гаворка ідзе пра славянства, гэтыя каштоўнасна-палітычныя маркеры практычна не ўзнікаюць».

Паводле Несцяровіча, адна з удзельніц глыбінных інтэрв’ю вельмі добра падсумавала гэтае адрозненне: «Яна сказала, што славянін і еўрапеец — гэта зусім розныя паняцці. Славянін — гэта больш гістарычнае паняцце, а еўрапеец — больш палітычнае і тэрытарыяльнае».

Сярод апытаных існуюць два разуменні славянства: «Першае — больш вузкае. Некаторыя адносяць сюды толькі ўсходніх славян — беларусаў, украінцаў і рускіх. Іншыя ж дадаюць таксама палякаў, чэхаў, сербаў і іншыя народы. Гэта ўжо больш шырокае разуменне. Але ў любым выпадку — вузкае гэтае разуменне ці шырокае — для беларусаў славянства з’яўляецца такой катэгорыяй, якая аб’ядноўвае беларусаў з рознымі суседзямі. Ва ўяўленні беларусаў гэта больш-менш нейтральная катэгорыя, якая існавала яшчэ да цяперашніх расколаў. І адпаведна сёння яна таксама існуе па-над гэтымі міжнароднымі падзеламі».

Skrynšot z dasliedavannia «Nacyjanaĺnaja identyčnasć bielarusaŭ u 2026 hodzie»
Скрыншот з даследавання «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у 2026 годзе»

Колькі беларусаў усведамляюць сябе еўрапейцамі і як ставяцца да саюзу з Расіяй

Паводле даследавання, еўрапейцамі беларусаў лічаць 78% «свядомых» супраць 26% «савецкіх», народам ВКЛ — 78% супраць 31%, народам Усходняй Еўропы — 70% супраць 28%. А вось часткай агульнай з Расіяй культурнай і гістарычнай прасторы беларусаў называюць толькі 10% «свядомых» і 60% «савецкіх», народам былой Расійскай імперыі лічаць 10% супраць 32%, постсавецкім народам — 40% супраць 61%.

Нечаканыя адказы ад моладзі: «Маладыя людзі ўсведамляюць сябе еўрапейцамі нават радзей, чым старэйшыя (41% супраць 52%), а беларусаў як еўрапейскую нацыю апісваюць прыкладна ў такой жа ступені. Але ёсць адрозненне: маладыя радзей хочуць саюзу толькі з Расіяй (28% супраць 42%) і часцей выбіраюць саюз адначасова з ЕС і РФ (38% супраць 22%). То бок, яны не больш праеўрапейскія, а хутчэй менш палярызаваныя».

Як беларусы ставяцца да іншых нацый?

Паводле аўтараў даследавання, чым бліжэйшы народ, тым больш пазітыўных рысаў яму прыпісваюць. А саміх сябе беларусы ацэньваюць найлепш: 76% лічаць нацыю працавітай, 70% — добрай, 55% — цярпімай і талерантнай.

Рэспандэнты лічаць сэрцам ці цэнтрам еўрапейскага свету Германію і Францыю.
Сябе беларусы адносяць да катэгорыі «пераважна еўрапейскіх краін», сюды ж уключаны румыны, фіны, балканскія народы, літоўцы, латышы і эстонцы.

Украінцаў і расіян беларусы занеслі ў спрэчную зону. Толькі каля паловы апытаных лічыць іх еўрапейцамі. Так, на пытанне, ці можна назваць рускіх еўрапейцамі, станоўча адказалі 53% з групы «савецкіх» і толькі 19% «свядомых».

Skrynšot z dasliedavannia «Nacyjanaĺnaja identyčnasć bielarusaŭ u 2026 hodzie»
Скрыншот з даследавання «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у 2026 годзе»


Цалкам пра вынікі даследавання можна дазнацца па спасылцы.

Р.С., budzma.org