2022 год у Беларусі можна назваць якім заўгодна, толькі не літаратурным. Асабліва гэтае ўражанне ўзмацняецца, калі прачытаць суб’ектыўныя літаратурныя вынікі 2022 года, апублікаваныя ў адным з беларускіх медыя. Адзначыўшы шэраг надзвычай цікавых і важных трэндаў, аўтар таго падсумавання амаль не згадаў кніг, якія, нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды, усё ж працягвалі сёлета выходзіць. І мне хочацца запоўніць гэтую лакуну, прапанаваўшы яшчэ адзін, не менш суб’ектыўны погляд на тое, чым у беларускім літаратурным жыцці адзначыўся 2022 год.
Калісьці ў пачатку 2010-х я рыхтавала для часопіса «ПрайдзіСвет» агляды перакладных выданняў і публікацый, якія выйшлі за год, — у тыя часы гэта можна было зрабіць у межах аднаго невялікага артыкула. Далейшыя поспехі беларускага кнігавыдання прымусілі мяне адмовіцца ад такога падыходу: кніг, нават перакладных, рабілася ўсё больш, і гэта прымусіла мяне паверыць, што гадавыя агляды засталіся ў мінулым. Сёлета я зноў бяруся за гэты фармат, перадусім таму, што хачу яшчэ раз нагадаць: кожная кніга, якая з’яўляецца ў такія змрочныя часы, — гэта маленькая перамога ў змаганні з маўчаннем, да якога нас спрабуюць змусіць, і крок да таго, каб захаваць сябе.
Новыя беларускія калядныя гісторыі
Пачну з самага свежага і святочнага: зусім нядаўна з’явіліся дзве беларускія калядныя гісторыі: «Мышыныя Каляды» Антона Францішка Брыля з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч і «Як Святога Міколу забаранялі» Наталкі Харытанюк з ілюстрацыямі Лізаветы Ганчаровай, якая летась выйшла ў электронным выглядзе, а сёлета — і на паперы, прычым папяровая версія ўжо нават распрадалася (што праўда, наклад быў невялікі і разышоўся перадусім па перадзамове). Гэтыя кнігі вельмі розныя і ўсё ж у нечым падобныя сваёй жыццесцвярджальнасцю і абяцаннем радасці — прынамсі для чытачоў, якія возьмуць іх у рукі. Жанр каляднай гісторыі — у значнай ступені камерцыйны, разлічаны на вялікія перадсвяточныя продажы, і з’яўленне такіх кніг па-беларуску, магчыма, сведчыць, пра тое, што беларуская літаратура ўжо пачала прывыкаць да рынку і не адмаўляецца ад адпаведных мадэляў нават у цяперашняй сітуацыі.
Алесь Бяляцкі і Ані Эрно
Адным з лаўрэатаў сёлетняй Нобелеўскай прэміі міру зрабіўся Алесь Бяляцкі (разам з украінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» і расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял»), і гэтая падзея мае таксама літаратурнае вымярэння. Да цырымоніі ўручэння прэміі Беларускі ПЭН паспеў падрыхтаваць кнігу «Алесь Бяляцкі», якая змяшчае ўспаміны нобелеўскага лаўрэата, фрагменты яго выступаў, лістоў і інтэрв’ю, а таксама рэфлексіі яго паплечнікаў. А вось нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры зрабілася французская пісьменніца Ані Эрно, і хаця беларускі пераклад яе рамана «Падзея», зроблены Уладзіславам Гарбацкім, выйшаў у 2021 годзе, напоўніцу ён прагучаў менавіта сёлета.
Беларускія выдавецтвы страцілі магчымасць працаваць
У 2022-м многія незалежныя беларускія выдавецтвы страцілі магчымасць працаваць і выдаваць кнігі: «Кнігазбор», «Медысонт», «Лімарыус», «Галіяфы», больш нічога ў Беларусі не публікуе выдавецтва «Янушкевіч». Адпаведна, істотна зменшылася колькасць новых выданняў па-беларуску. Але «Кнігазбор», напрыклад, паспеў надрукаваць кнігу Надзеі Ясмінскай «Кусь-Кусяндра» з ілюстрацыямі Святланы Міхалап, а «Галіяфы» — кнігу «Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак» Наталлі Станкевіч (пераклад з рускай Паўла Касцюкевіча) з ілюстрацыямі Настассі Арайс, якія можна знайсці ў беларускіх кнігарнях ці інтэрнэт-кнігарнях.
Беларускія выдавецтвы і беларускія кнігі ў замежжы
Затое павялічваецца колькасць беларускіх выдавецтваў, якія публікуюць кнігі за мяжой Беларусі. У Польшчу перабралася выдавецтва «Янушкевіч», якое, апроч згаданых вышэй «Мышыных Калядаў», сёлета надрукавала раман «Дарога» Кормака Макарці у перакладзе Сяржа Мядзведзева і кнігу Паўла Валатовіча і Аляксея Кавалёва «От Паниковки до Шайбы: гайд по тусовочному Минску девяностых».
У Лондане створанае выдавецтва «Skaryna Press». Таксама за мяжой з’яўляецца ўсё больш пляцовак, дзе можна набыць кнігі па-беларуску. Напрыклад, у Варшаве гэта Беларускі моладзевы хаб (пл. Канстытуцыі 6). Купіць беларускія кнігі ў Польшчы можна таксама на платформе інтэрнэт-гандлю allegro.pl і ў інтэрнэт-краме Kamunikat.org.
Празаічныя навінкі 2022
З сёлетніх празаічных навінак я пакуль прачытала толькі раман Сцяпана Стурэйкі «Пасажыры карабля Тэсея», які выдавецтва «Янушкевіч» паспела надрукаваць у Беларусі да закрыцця кнігарні «Кнігаўка». Творы ў кнізе яднае тэма гісторыі, увасобленай у матэрыяльных аб’ектах, перадусім у будынках гістарычных помнікаў, і аўтар даследуе, наколькі трывалай з’яўляецца памяць, увасабленнем якой служаць гэтыя помнікі, і наколькі захаванне/руйнаванне помнікаў мяняе звязаныя з імі супольнасці. Таксама да мяне ўжо ляціць замоўленая ў выдавецтве «Skaryna Press» новая кніга Уладзіслава Гарбацкага «Mercks Graz!» пра падарожжа ў часе і каханне падчас чумы, а на камп’ютары чакае свайго часу спампаваная кніга Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага». У межах лабараторыі фемінісцкага пісьма сёлета выйшла дзвюхмоўная кніга «Расцяжэнне» — зборнік твораў пра боль, напісаных беларускімі жанчынамі, транс і небінарнымі людзьмі.
Выдавецкая каманда "Вільма" (пры падтрымцы Рамана Цымберава) падрыхтавала кнігу, якая мне, на жаль, у рукі яшчэ не трапіла, але пра якую сёлета шмат гавораць і пішуць: «Шэпт» Сяргея Лескеця пра свет беларускай вясковай магіі.
Навінкі рускамоўнай беларускай прозы
З сёлетняй рускамоўнай беларускай прозы было немагчыма прапусціць зборнік турэмных апавяданняў пісьменніка, адваката і палітзняволенага Максіма Знака «Зекамерон». Гэтая кніга ёсць ужо і ў беларускім перакладзе, які выйшаў у праваабарончай серыі «Беларуская турэмная літаратура», і выдаўцы абяцаюць, што неўзабаве будзе даступны бясплатны pdf для спампоўвання. А пакуль асобныя апавяданні можна пачытаць па-руску. Яшчэ адна рускамоўная навінка — раман «Кремулятор» Сашы Філіпенкі.
Навінкі паэзіі
Паэзіі ў 2022 годзе выйшла, бадай, больш, чым прозы. У выдавецтве «Вясна» — зборнікі Юлі Цімафеевай «Воўчыя ягады», Альгерда Бахарэвіча «Вершы» і Таццяны Сапач «Гаспадыня восеньскага дому», у выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм» — зборнікі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» і «Yesмамочка» Тані Скарынкінай (прадаюцца ў мінскіх кнігарнях). Яшчэ адна кніга Юлі Цімафеевай «Мінск. Горад, якога мне не стае» з’явілася ў нямецкім выдавецтве «Edition Frölich» па-беларуску і ў нямецкім перакладзе.
Марыя Мартысевіч выдала кнігу «Водападзел» у варшаўскіх «Polackich Labiryntach». У Ганны Комар выйшла кніга «Мы вернемся». Наста Кудасава прадставіла на Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве зборнік вершаў «Побач» з ілюстрацыямі Святланы Дземідовіч (выдавец Раман Цымбераў). Хм, нешта мне здаецца, што ў гэтага спіса ёсць адна цікавая гендарная асаблівасць.
Асобны пункт
Асобным пунктам хочацца вынесці «Анталогію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт», якую выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» надрукавала пакуль толькі невялікім накладам: кніга прэзентавалася ў Берліне і трапіла хіба што да аўтарак і невялікага кола чытачоў. Аднак спадзяваюся, што кніга выйдзе большым накладам, і яе змогуць набыць усе ахвочыя.
Анлайн-часопісу «Таўбін» — год
Увесь год арыгінальная і перакладная паэзія намаганнямі Крысціны Бандурынай і Артура Камароўскага публікавалася ў анлайн-часопісе «Таўбін», якому зусім нядаўна споўніўся год. Гэта сапраўды вельмі важны зрэз таго, што пішацца сёння. Асабліва хочацца адзначыць пераклады ўкраінскай паэзіі, якія публікуюцца ў раздзеле «Make poetry, not war», і вялікую публікацыю расстралянай беларускай і ўкраінскай паэзіі да гадавіны «чорнай ночы» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года «Забітыя, але не забытыя». Таксама ў часопісе рэгулярна выходзяць інтэрв’ю з паэтамі/паэткамі і пра паэзію, якія робяць Крысціна Бандурына і Артур Камароўскі.
Уласны праект
Хачу пахваліцца і ўласным праектам. Кніга «Геалогія: вершы, напісаныя ў музеі» (прадаецца ў мінскіх кнігарнях) з’явілася ў выдавецтве Змітра Коласа ў Мінску, а яе сястра-блізнятка «Канстытуцыя» — у беластоцкім выдавецтве Kamunikat.org. Выдаючы кнігу па абодва бакі мяжы, я хацела ў тым ліку вырашыць праблему яе даступнасці ў розных краінах, дзе цяпер жывуць беларусы, а таксама даследаваць такую з’яву, як самацэнзура.
Перавыданні
З перавыданняў, якія сёлета добра прагучалі, можна згадаць грунтоўны том «(Не)расстраляныя» і творы Уладзіміра Арлова, выдадзеныя Kamunikat.org, а таксама раманы Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» і «Апошняя кніга пана А.», якія з’явіліся ў пражскім выдавецтве «Вясна».
Новыя пераклады
Таксама выдавецтва «Вясна» выдала некалькі кніг у перакладзе Сяргея Шупы: «Песня песняў» з каментарамі Галіны Сінілы, «Ферма жывёлаў» Джорджа Оруэла і ўсе вершы і паэмы Мойшэ Кульбака (у акадэмічным, гэта значыць, даслоўным нерыфмаваным перакладзе). Таксама вершы Кульбака выйшлі асобнай кнігай на ідышы, але ў лацінскай транскрыпцыі. А вось рыфмаваны пераклад фрагментаў кульбакаўскай паэмы «Беларусь», падрыхтаваны Андрэем Хадановічам, можна зайсці ў часопісе «Таўбін».
У серыі «Паэты планеты» Змітра Коласа працягваюць актыўна выходзіць новыя зборнікі перакладной паэзіі: Паўла Цэлана (пер. з нямецкай Юлі Цімафеевай), Максіма Багдановіча (пер. рускамоўных вершаў Андрэя Хадановіча), Багдана Ігара Антоныча (пер. з украінскай Веры Бурлак, Георгія Ліхтаровіча, Марыі Мартысевіч, Алены Пятровіч), Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай (пераклад з польскай мой), Поля-Мары Верлена (пер. з французскай Максіма Багдановіча, Лявона Баршчэўскага, Леаніда Дранько-Майсюка, Андрэя Хадановіча), Антоніі Поццы (пер. з італьянскай Аксаны Данільчык), Івана Буніна (пер. з рускай Георгія Ліхтаровіча), Валадыміра Сасюры (пер. з украінскай Георгія Ліхтаровіча). Найбольш паэтычных перакладаў выдаў сёлета ў «Паэтах планеты» Лявон Баршчэўскі: Сальваторэ Квазімада, Рой Кэмпбэл, Нэлі Закс, Герыт Ахтэрберг і Нагапет Кучак. Таксама ў серыі выйшаў зборнік вершаў Язэпа Пушчы. Усе кнігі даступныя ў беларускіх кнігарнях. Апроч гэтага, да друку падрыхтаваны зборнік вершаў габрэйска-польскага паэта Уладыслава Шленгеля ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай. Да пачатку Другой сусветнай вайны Шленгель пісаў песні для варшаўскіх тэатраў-кабарэ, а трапіўшы ў варшаўскае гета, зрабіўся хранікёрам і песняром яго вусцішнага штодзённага жыцця.
Яшчэ выдавец Зміцер Колас працягнуў выдаваць збор твораў Франца Кафкі ў перакладзе Лявона Баршчэўскага (сёлета выйшлі т. 3 «Замак» і т. 4 «Зніклы») і серыю пра мумі-троляў Тувэ Янсан у перакладзе Алесі Башарымавай: «Чарадзейная зіма» і «У канцы лістапада». А ў выдавецтве «Тэхналогіі» выйшла трэцяя, заключная частка старажытнаісландскага эпасу «Эда» — «Песня пра герояў» у перакладзе Яўгена Папакуля. Шукайце ў беларускіх кнігарнях!
Новыя выдавецтвы далучаюцца да перакладаў
Да публікацыі перакладаў па-беларуску далучыліся новыя выдавецтвы. Так, у Мінску з’явілася першае перакладное выданне выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм» — аповесць «Жанчына на нулявым пункце» егіпецкай пісьменніцы Наваль Саадаві (пераклад з арабскай мовы — Аляксандра Дзмітранок), а ў выдавецтве «Skaryna Press» выйшлі «Бейруцкія апавяданні» Агатангела Крымскага (пераклад з украінскай мовы — Уладзіслаў Гарбацкі). У Літве была надрукаваная кніга ўспамінаў Далі Грынкявічутэ пра савецкія лагеры «Літоўцы на моры Лапцевых» у перакладзе Ванды Марцінш душ Рэйш.
Выдавец Раман Цымбераў і перакладчык Ігар Крэбс выпусцілі дзве новыя кнігі ў серыі «Гебраістыка Беларусі»: «Габрэйскія мелодыі» Генрыха Гайнэ, іранічны і ўзнёслы цыкл вершаў нямецкага класіка, прысвечаны габрэйскай тэматыцы, з прадмовай і каментарамі Галіны Сінілы і «Старую новую зямлю» Тэадора Герцля, утапічны раман, у якім прапануецца падыход да рацыянальнага і абачлівага выбудоўвання дзяржавы і які ў свой час натхніў людзей на стварэнне Ізраіля.
Беларуская класіка і пераклады выдавецтва «Папуры»
Як беларускую класіку, так і пераклады сучасных аўтараў (перадусім, дзіцячых) на беларускую мову працягвае выдаваць «Папуры». Сёлета яны надрукавалі шыкоўных «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра і «Новую зямлю» Якуба Коласа з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч. А нядаўна ў іх выйшла кніга Сюзаны Ізэрн «Ідэальны момант» у перакладзе Дар’і Вашкевіч. Кнігі выдавецтва можна знайсці ў беларускіх кнігарнях, а за мяжой — на сайтах alfavit.eu ці allegro.pl.
Навінкі ад выдавецтва «Тэхналогія»
У выдавецтве «Тэхналогія» выйшла кніга вершаў для дзяцей «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў», якую напісаў пісьменнік, журналіст і палітвязень Андрэй Скурко (мастак Р. Гарошка), а таксама кніга «Неверагодны свет. Дзіцячыя загадкі-рыфмаванкі на беларускай мове» Юрыя Несцярэнкі.
«Вам дапаможа КВА»
Працягваю хваліцца сваёй працай: разам з камандай «Экапартнёрства» і ілюстратаркай Ліліі Давыдоўскай мы падрыхтавалі экалагічную казку для дзяцей «Вам дапаможа КВА» пра беражлівае стаўленне да вады. Да нядаўняга часу яна была дасяжная толькі ў выглядзе пдф для бясплатнага спампоўвання ці ў выглядзе аўдыёкнігі на «Кніжным возе», а цяпер у Польшчы з’явіўся яшчэ і невялікі наклад на паперы.
Аўдыякнігі па-беларуску
У 2022 годзе надзвычай актыўна выходзілі аўдыякнігі па-беларуску. І гэта не дзіўна: калі беларусаў раскідала па ўсім свеце, аўдыяфармат — гэта адно з добрых рашэнняў, як зрабіць кнігу даступнай нягледзячы на межы. Сёлета з’явіўся агрэгатар беларускіх аўдыякніг audiobooks.by, дзе можна знайсці спасылкі на ўсе агучкі, якія ёсць па-беларуску. Агучваннем літаратуры для дарослых займаюцца каманды Audiobooks.by і Kamunikat.org, а аўдыёкніг для дзяцей (і не толькі для іх) — «Кніжны воз». А нядаўна «Кніжны воз» пачаў публікаваць серыю калядных аўдыёкніг.
Відэаматэрыялы, прысвечаныя літаратуры
З’яўляліся сёлета і новыя беларускія відэаматэрыялы, прысвечаныя літаратуры. Згадаю тут толькі тры каналы, за якімі сачыла. Цэлы год лекцыі пра беларускую і замежную літаратуру чытае на youtube Андрэй Хадановіч, канал так і называецца: ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ. Самая свежая лекцыя, дарэчы, таксама прысвечаная калядным кнігам. Відэа пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі можна знайсці на канале «Przestrzeń Kultury Polskiej», у тым ліку лекцыі і прэзентацыі, падрыхтаваныя да Месяца польскай літаратуры. А на канале Беларускага калегіума рэгулярна з’яўляюцца лекцыі, прысвечаныя беларускай культуры, і гутаркі з беларускімі творцамі, якія выдалі сёлета сваю кнігу ці пераклад.
Пераклады з беларускай на замежныя мовы
У 2022 годзе выйшаў шэраг перакладаў з беларускай на замежныя мовы, але паколькі я іх спецыяльна не адсочвала, згадаю тут толькі праект «FreeAllWords» — старонку, дзе размяшчаюцца творы беларускіх і ўкраінскіх аўтараў у перакладах на еўрапейскія мовы. Нядаўна там, напрыклад, з’явілася некалькі нататак Алеся Бяляцкага — у арыгінале, а таксама па-дацку, па-англійску, па-іспанску, па-венгерску, па-французску, па-літоўску, па-румынску і па-фінску.
Няма сумненняў, што гэта далёка не ўсе кнігі і літаратурныя праекты, якія пабачылі свет у 2022 годзе, — гэта толькі тое, што трапіла ў маё поле зроку і што не давала страціць надзею. Спадзяваюся, наступны год прынясе нам нашмат больш добрых навін, кніжных і не толькі, і беларуская літаратура зможа з большай упэўненасцю глядзець у будучыню.
Ганна Янкута, budzma.org