ШІ-анімацыя, перазагрузка «Бульбамуві» і рэдкія перамогі. Чым запомніцца беларускае кіно ў 2025 годзе

Адыходзячы год прадказальна не прынёс палёгкі беларускім кінематаграфістам. Як кажуць, не жылі добра — няма чаго і пачынаць.

Горш за тое, і без таго складаная сітуацыя са стварэннем стужак, іх паказам у Беларусі і за яе межамі яшчэ больш абвастрылася. Кіно як мастацтва амаль заўсёды калектыўнае і залежнае ад наяўнасці грошай сінхранізавалася з палітычнай нестабільнасцю ў еўрапейскім рэгіёне, якая выбіла глебу з-пад ног у незалежных творцаў.

Праз агульную маркоту прабіваліся і заўважныя перамогі, але іх было не тое каб шмат.

Расійскія камедыі і еўрапейскае мікрабюджэтнае кіно

Няпростыя часы заўважна адбіваюцца на чуллівай кінавытворчасці, якая, што тая крыніца, працягвае няспынна мялець.Таму сярод фестывальных рэлізаў у Еўрасаюзе сёлета самымі паспяховымі апынуліся ўсяго некалькі стужак.

Найбольш заўважная — фантасмагарычная камедыя «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі. Праект адабралі на Берлінале, а таксама паказвалі ў шэрагу краін: Нідэрландах, Паўднёвай Карэі, Іспаніі, Польшчы і г.д.

Kadr z karciny «Lebiadzinaja piesnia Fiodara Ozierava»
Кадр з карціны «Лебядзіная песня Фёдара Озерава»

Зняты сумарна меней чым за 50 тысяч еўра ў межах Інкубатара мікрабюджэтнага кіно і пры дапамозе двух еўрапейскіх партнёраў, праект таксама спарадзіў гарачую публічную дыскусію — наколькі плённай можа быць мэтанакіраваная стратэгія мікрабюджэтнага кіно.

Стваральнікі Беларускай сеткі кінафільмейкераў (BFN), якія дапамаглі Сямашку з праектам, лічаць, што ў сённяшніх умовах яна — адзіная магчымая. Тым часам пра іншыя праекты Інкубатара яшчэ нічога не чуваць, таму пакуль зарана рабіць высновы аб паспяховасці прапагандаванага імі падыходу.

Скарыў замежную публіку адзін дакументальны фільм, пра сюжэт і стваральнікаў якога пакуль нельга нічога распавядаць. Такую перасцярогу можна было б палічыць надуманай, але рацыянальнае зерне тут ёсць. У гэтым годзе пад каток рэпрэсій траплялі і рэжысёры, і арганізатары фестываляў, таму пэўныя перасцярогі аўтараў можна лічыць апраўданымі.

Яркім атрымаўся трыумф на кінафестывалі ў швейцарскім Лакарна «Белага слімака» Эльзы Крэмер і Левіна Петэра. Нямецка-аўстрыйскай драма пра трагічнае каханне здымалася ў Мінску з беларускімі акторамі Марыяй Імбро і Міхаілам Сяньковым. Іх сінергія прынесла аўтарам поспех — яны атрымалі спецыяльны прыз журы і ўзнагароду за лепшы акторскі перформанс.

Kadr z filma «Bieły slimak»
 Кадр з фільма «Белы слімак»
. Фота: locarnofestival

Арганізатарка фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская прэзентавала на эстонскім фестывалі «Цёмныя ночы» свой дэбютны поўнаметражны фільм «Не створаныя для палітыкі». Яго гераінямі сталі беларускія палітычныя актывісткі і адна з лідарак дэмсіл Святлана Ціханоўская.

Працягнуў збіраць узнагароды трыумфатар мінулага года — драма пра беларускіх палітвязняў «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч. Праект дацягнуўся нават да намінацыі «Еўраоскара» — падзеі Еўрапейскай кінаакадэміі, дзе ён паспаборнічае за адзнаку кінакрытыкаў FIPRESCI «Еўрапейскае адкрыццё».

У аўтараў, якія працуюць на расійскі кінарынак, па-ранейшаму ўсё стабільна. Рускамоўная індустрыя ва ўмовах адсутнасці замежнага кантэнту максімальна ўкладваецца ў свой асабісты, што прываблівае беспрацоўных кінематаграфістаў у тым ліку з Беларусі.

Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, які будаваў кар’еру ў 2010-х у Мінску, сёлета зняў па замове чарговую камедыю — на гэты раз сямейную «Не адна дома 2», галоўную ролю ў якой выканала маладая расійская відэаблогерка і спявачка Мілана Хаметава. Да падобнага праекта спрычыніўся і стваральнік «Купалы» Уладзімір Янкоўскі, зняўшы сямейную хорар-камедыю «Будзьце ласкавы».

Найбольшую прадуктыўнасць дэманструе тандэм прадзюсара Андрэя Ліпава і рэжысёра Макса Максімава. Кінематаграфісты канвеерным чынам ствараюць забаўляльны кантэнт для самай шырокай аўдыторыі: серыялы і камедыі «Дранікі», «Мой бацька мядзьведзь», «Бацькоўскі дом» і г.д.

Падпрацоўваюць у Расіі і выпускнікі майстэрні Міхаіла Пташука. Андрэй Голубеў зняў першы сезон серыяла пра паліцыянтаў «Шальны аддзел», а Аляксандра Канановіча запрасілі да пастаноўкі альманаха пра Вялікую Айчынную «Пра людзей і пра вайну».

Больш за ўсіх пашанцавала толькі Уладзіміру Зянкевічу, аўтару падлеткавага слэшара «Спайс Бойз». У партнёрстве з сэрвісам «Кинопоиск» ён выдаў крымінальную камедыю пра 90-я «Дзе нашыя грошы». Ды яшчэ з узроставым рэйтынгам 18+ і знятую па ўласным сцэнары. Для аўтара, які стала працуе з крымінальнай тэматыкай, такая супраца — безумоўны поспех, без усякіх але.

Працяг ідэалагізацыі і стаўка на моладзь

Нягледзячы на змену кіраўніцтва «Беларусьфільма» (замест гродненскага ідэолага Юрыя Аляксея вясной паставілі мінскага ідэолага Дзмітрыя Сямёнава), у гэтым годзе планы беларускіх уладаў адносна кіно не змяніліся.

Мінкульт працягвае замаўляць «Беларусьфільму» канцэнтравана ідэалагічны кантэнт, ці заахвочваць да супрацы з расіянамі ў яго стварэнні (драма «Бацька Мінай. Партызанская легенда»).

Таму сёлета ў дзяржаўных кінатэатрах было шмат ідэалагізаванай тэледакументалістыкі: пра адданых прапагандыстаў («Птушка Фенікс Аляксея Талая»), заслугі Лукашэнкі ў развіцці касманаўтыкі («Наш космас»), праслаўлення сілавікоў («Душа абаронцы» Рыгора Азаронка), генацыд беларусаў падчас Другой сусветнай («Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці») і г.д.

Для «апрацоўкі» школьнікаў працягваюць выпускаць агітацыйную анімацыю пра вайну і дзяржсімвалы рэжыму, якія ў стане запомніцца гледачам толькі што сваімі канцылярысцкімі назвамі: працяг альманаха «Мемарыяльныя комплексы Беларусі 2» і мультфільм «Каляндар святаў. Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь».

Kadr z multfilma «Dziaržaŭnyja simvały Respubliki Biełaruś. Kalandar sviataŭ»
Кадр з мультфільма «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў»

Дарэчы, на вытворчасць анімацыі ва ўладаў маштабныя планы. Іх яны хочуць рэалізаваць з дапамогай штучнага інтэлекту. Пробным шарам стаў падтрыманы Мінкультам мультфільм «Белавежская пушча» прыватнай студыі «Артэкі», які цэлы год ідзе па ўсёй краіне. Якасць згенераванай анімацыі ў ім была даволі пасрэдная, і мультфільм шмат разоў дапрацоўвалі, вяртаючы ў залы больш якасную версію.

Але невысокі кошт рэалізацыі і кароткі вытворчы працэс (працу згенеравалі літаральна за 3-4 месяцы) закруціў галаву чыноўнікам. І вось ужо сярод вакансій на «Беларусьфільм» можна было адшукаць аніматараў з вопытам працы з ШІ. Дзяржстудыя нават анансавала стварэнне дзіцячага канала, дзе будучую згенераваную анімацыю плануюць паказваць. Наколькі такія планы ажыццяўляльныя — яшчэ не ясна, кантэнту для штодзённых трансляцый яўна бракуе.

Рэжым яўна хвалюе жаданне заваяваць розумы моладзі. Для будавання мастоў паразумення восенню дзяржстудыя выпусціла ажно дзве падлеткавыя драмы, якія знялі таксама маладыя аўтары: «Класная» Кірыла Халецкага і «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі.

Afiša
Крыніца: kinominska.by

Візуальна яны сапраўды выглядаюць лепей за ўсё тое, што раней з вялікіх праектаў здымалася на «Беларусьфільме». Толькі зачароўвацца не варта — гэта ўсё яшчэ старая-кандовая прапаганда, якая выглядае больш эстэтычна, чым раней.

Нягледзячы на вялікія планы на бліжэйшую пяцігодку, дзяржсектар працягвае адчуваць востры недахоп акцёрскіх кадраў. У краіне працягваюцца рэпрэсіі, і вялікі адсотак палітычна нелаяльных артыстаў, якія не з’ехалі за мяжу, працягваюць заставацца пад забаронай.

Каб вырашыць гэтае пытанне, праўладны Саюз кінематаграфістаў у гэтым годзе правёў кастынгі ў абласных і раённых цэнтрах, вынікам якога стала стварэнне базы «дазволеных» (палітычна «бяспечных») артыстаў. Яе з’яўленне значна спрашчае працу ўладаў па наладжванні і ідэалагічным кантролі здымачнага працэсу ў краіне.

Дыскрымінацыя і татальная адсутнасць грошай

Скажоная аўтарытарызмам практыка дзяржаўнай кінавытворчасці прымусіла рэжысёраў засвоіць правілы гульні — калі ты хочаш здымаць уласнае кіно, то мусіш шукаць на яго грошы дзе заўгодна, акрамя беларускага Мінкульта. І іх знаходзілі — у замежных кінафондаў, нацыянальных кінаінстытутаў, прыватных інвестараў.

Якраз з пошукам грошай узніклі вялікія праблемы. Вярнуўшыся ў прэзідэнцкае крэсла, Дональд Трамп праз палітычныя мэты вырашыў зачыніць Агенцыю ЗША па міжнародныму развіцці (ён жа USAID), якая спансавала ў тым ліку шматлікія пітчынгі, праграмы і ініцыятывы па падтрымцы замежных кінематаграфістаў.

Асабліва ад гэтага пацярпелі дакументалісты, якія падчас безграшоўя раней маглі знайсці паратунак у ютуб- і тэлежурналістыцы. Цяпер жа рашэнні «трампістаў» урэзалі бюджэты многіх медыя, а некаторых паставілі на парог выжывання ці ўвогуле вымусілі зачыніцца («Голас Амерыкі», Сurrent Time, «Радыё Свабода» і г.д.).

Зрэшты, пэўным аўтарам удача ўсё ж пасміхнулася.

Шоўранэры Міхась Зуй і Андрэй Кашперскі адшукалі грошы на пілотную серыю свайго новага камедыйнага серыяла «Свінгеры» (на поўны сезон інвестар пакуль не знайшоўся). Дар’я Жук таксама паспяхова атрымала падтрымку ў шэрагу кінафондаў, каб экранізаваць фантастычную трагікамедыю «Менавіта тое, чым падаецца» па твору пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, а ў ігравы поўнаметражны дэбют «Спадчына» Аляксея Палуяна ўклалася Міністэрства культуры Нямеччыны. Таму зусім ужо без цікавых праектаў мы не застанемся, але іх яшчэ прыйдзецца пачакаць.

Proma-kadr z filma «Mienavita toje, čym padajecca»
Прома-кадр з фільма «Менавіта тое, чым падаецца» (Exactly What It Seems)

А вось пабачыць беларускае кіно, знятае на літоўскія грошы, бліжэйшым часам не атрымаецца. Восенню ўступіў у моц новы закон аб фінансаванні кінапраектаў, згодна з якім грамадзяне Расіі, Беларусі і яшчэ шэрагу краін не могуць прэтэндаваць на грошы Літоўскага кінацэнтра, нават калі яны маюць від на жыхарства і плацяць падаткі. Рашэнне гэтае, відавочна, дыскрымінацыйнае, і пакуль не зразумела, ці атрымаецца яго адмяніць для беларусаў.

Пацярпеў ад недахопу грошай і фестываль беларускага кіно «Бульбамуві», які, па словах яго арганізатара Януша Гаўрылюка, адмовіўся падтрымліваць даўні спонсар — Дзяржаўная фільматэка Польшчы. Фестываль ужо планавалі пахаваць, але ён усё ж адбыўся ў скарочаным фармаце ў Беластоку пры падтрымцы мясцовага Цэнтра беларускай культуры.


Януш Гаўрылюк і кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Ілона Карпюк на «пахаванні» «Бульбамуві»

Калі казаць агулам пра фестывальнае жыццё, то яно амаль не змянілася.

Сёлета ў Брэсце адбыўся фестываль нямога кіно «Кінемо», у шэрагу еўрапейскіх краін — забаронены ў краіне кінафорум «Нефільтраванае кіно», у гібрыдным фармаце на некалькі краін — «Паўночнае ззянне». Не праводзіўся ў Мінску фестываль «Глядач», магчыма, арганізатары ўзялі сёлета перапынак у працы.

У капілку новых падзей дадаўся праект «Нямая ліхаманка», якую ў Варшаве арганізавала кінакрытыца і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Ірэна Кацяловіч, а ў Брэсце аднавіўся пасля вялікага перапынку Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў.

Afiša

Астатнія дзяржаўныя фестывалі, такія як «Лістапад», «Анімаёўка», «Еўразія.Док», фестываль студэнцкага кіно «Сінопсіс», прайшлі без усялякіх праблем.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org