Кнігі — гэта пра свабоду. Якая сацыялогія вам яшчэ трэба?

Кнігі — універсальная форма нон-канфармізму. Здаецца, і купіць няма дзе. І выдавецтвы за мяжой. І аўтары — у выгнанні. І нават за захоўванне Арлова ці Філіпенкі — можаш займець праблемы... А продажы беларускіх аўтараў — у Беларусі — б’юць рэкорды. Як так?  

Aleś Kirkievič

Нашы эмігранцкія ўяўленні пра свет дэфармаваныя. Падаецца, па той бок мяжы, за Сакулкай і Каменным Логам, суцэльны зомбі-лэнд. Стас Міхайлаў на кожнай плошчы, Прылепін — у кожнай бібліятэцы, Грыша — у кожным тэлевізары... Аказваецца — не. Па выніках года продажы беларускіх кніг растуць. Не ведаю, ці людзі чытаюць, але — купляюць.

Нават «Шляхціц Завальня» Баршчэўскага атрымаў чарговае новае жыццё. Чарговае, бо так ужо было ў 1990-м. Тады, увесь 40-тысячны тыраж быў раскуплены цягам двух месяцаў. У спрэс русіфікаванай краіне, дзе настольнай кнігай мела быць «Как закалялась сталь», а ў лепшым выпадку — «Руины стреляют в упор».

Пошук продкаў і маркі з «варожага Захаду»

У чым сакрэт? А сакрэт у тым, што па нашых уяўленнях нон-канфармізм — гэта кіданне апошняй гранаты з апошніх сілаў у варожы бункер. Тыя самыя руіны, якія вечна «стреляют в упор». А нон-канфармізм мае тысячы абліччаў. Гэта не толькі джынсы з рок-музыкай.

У краінах сацлагеру формай нон-канфармізму было, як не дзіўна, ...калекцыянаванне. Так-так, калі ты збіраеш хоць бы паштовыя маркі з «варожага Захаду» — з партрэтамі варожых прэзідэнтаў. Не кажучы пра збіранне гістарычных архіваў: так ты наўпрост — дакументальна — аспрэчваеш карціну гісторыі з падручніка.

Тое самае — праца з генеалогіяй, збріанне сямейныхз архіваў. Гэта, між іншым, універсальны спосаб змагання за сваё «я» у рамках сямейнай памяці. Бо тая памяць ніколі (ніколі!) не ўпісваецца ў вузкі калідор афіцыйнай гісторыі. Кожная сям’я, дзе ведаюць сваё сапраўднае мінулае — «спячая ячэйка».

Ну і канешне — кнігі. Не дзіўна, што кожнае чарговае пакаленне беларускіх будзіцеляў пачынала з пошуку кніг. Ад Віктара Каліноўскага, які сляпіў вочы ў львоўскіх архівах, да пакалення «Майстроўні» і «Талакі», якое вышуквала сярод мукулатуры перадваенныя віленскія выданні.

Хай свет пачакае, а мы — пачытаем?

Knihi

Зразумела, купіць томік Баршчэўскага — гэта не рэвалюцыя. Нават прачытаць Баршчэўскага — яшчэ не акт прамога дзеяння. Але мы тут гаворым не пра рэвалюцыю, а пра нон-канфармізм. Пра тое, каб быць сабой. А пасля — усё астатняе.

Можа падацца, што ўсё гэта — спроба самазаспакаення. Маўляў, хай увесь свет пачакае. А мы — пачытаем. Але дзе яшчэ зараз узяць той грунт, на якім мае стаць беларускае грамадсвта? Узгадайце, што грунт мае некалькі прачытанняў. Гэта фундамент. Але таксама — глеба, з якой нешта расце.

Кнігі — наш беларускі грунт. Так ужо было. Безліч разоў. Таму, кожная чарговая несвая ўлада тыя кнігі паліць і замыкае ў «спец-сховішчах». Але нават таго, што застаецца — хапае, каб нарадзіць цікавасць. Сам дух пошуку. Бо за Мележам і Шамякіным прыходзяць Караткевіч і Сыс. Гэта лагічны працяг ланцужка.

Не дзякуючы, а насуперак

Магчыма, беларускім эмігрантам у 1980-я таксама падавалася, што па той бок мяжы — усё страчана. Засталіся руіны, якія ўжо нават не страляюць. Маўчаць. Але, там, пад друзам, было жыццё. Няхай, у спыненым часе. Так падаецца і зараз, калі мы чытаем сацыялогію па «прарасійскіх настроях» у Беларусі. А вось вам іншая сацыялогія — кніжная.

Не так важна нават, ці людзі гэтыя кнігі чытаюць. Яны іх маюць. Дораць. Аддаюць за іх пару рублёў — і гэта ўжо голас за Беларусь. За сваё. За сябе. 

Гэта сведчанне, што мы — ёсць. І будзем. Не дзякуючы, а насуперак.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org.