Жыве і грэе: 2025 вачыма беларускіх творцаў

Гэты год быў розным, але ў ім хапала цяпла, сустрэч і маленькіх цудаў. Напярэдадні новага года беларускія творцы расказваюць пра галоўныя моманты 2025-га — шчыра, светла і з надзеяй.

Альгерд Бахарэвіч, беларускі пісьменнік

Alhierd Bacharevič

У 2025 годзе было вельмі шмат светлых радасных падзей. Мяне асабіста больш за ўсё парадавала ў маім жыцці тое, што мы з Юляй Цімафеевай пасяліліся ў Берліне. Гэта адзін з маіх любімых гарадоў, у мяне іх два — Менск і Берлін. Я даўно марыў жыць у гэтым нямецкім горадзе. І вось Юля ўвасобіла маю мару ў жыццё ў гэтым годзе, бо дзякуючы ёй мы туды пераехалі. Мне здаецца, пасля пяці гадоў эміграцыі важна знайсці месца, нейкі горад, з якім можна звязаць сваю будучыню. Мы апошнія пяць гадоў вандравалі з Юляй па свеце — з краіны ў краіну, з горада ў горад, змянілі пяць гарадоў за пяць гадоў, у трох краінах. І зараз вось мы ў Берліне, і я вельмі гэтаму рады. Гэта найлепшае, што прынёс мне 2025 год.

А калі казаць пра творчасць, у гэтым годзе не выходзілі мае кнігі па-беларуску, затое выйшлі кнігі ва Украіне і ў Швецыі. А таксама я атрымаў у гэтым годзе дзве прэміі — Ляйпцыгскую прэмію еўрапейскага паразумення за раман «Сабакі Эўропы» і прэмію Цёткі за «Капітан Лятучая Рыба».

Міхаіл Зуй, беларускі актор і музыка

Michaił Zuj

Самыя яскравыя падзеі 2025 года, на маю думку, адбыліся, калі з беларускіх турмаў выпусцілі вялікую колькасць палітвязняў. Гэта такая рэдкая і вельмі шчаслівая падзея. Шчыра сказаць, 2025 год не быў багаты на добрыя падзеі, ён быў досыць няпростым, але былі яскравыя моманты.

Я ўзгадваю лета і шмат класных беларускіх фестываляў, па якіх мы паездзілі — «Тутака», «Папараць», «Летуцень» — магу нават нешта забыць. Гэта сапраўды цудоўна, што ў кожным горадзе ёсць нейкі класны беларускі двіж. 

З творчых напрацовак — у 2025 годзе мы працягнулі рабіць кароткія стужкі — фільм «Суд мёртвых», напрыклад, пракаціўся па фестывалях, яго прэм’ера адбылася ў Варшаве. Таксама серыял «Свінгеры», над якім у гэтым годзе адбывалася вельмі прыязная праца, таму што гэта дазволіла нам выйсці па-за сатыру і сур’ёзнасць, гэта серыял пра простае жыццё. А таксама была праца над польскім праектам, сцэнаром для польскай аўдыторыі. Вось такія ўспаміны пра 2025 год.

Юлія Цімафеева, беларуская паэтка і перакладчыца

Julija Cimafiejeva

У мяне ў гэтым годзе выйшла дзве кнігі — першая «Кругазварот» у выдавецтве «Янушкевіч». Гэта гісторыя пра маю сям’ю і выгнанні рознага кшталту — маё ўласнае выгнанне. Такая гісторыя пра стогадовае жыццё маёй сям’і. А ў верасні гэтага года ў Берліне ў мяне выйшла другая кніга — маіх калажаў і вершаў «Рэжу гісторыю сабой» — двухмоўнае выданне — па-нямецку і па-беларуску.
Гэта для мяне незвычайны досвед, які мне прынёс 2025 год, і я вельмі гэтаму радуюся.

Лявон Вольскі, беларускі музыка, паэт і мастак

Lavon Volski
Фота: Darya Kaliada 

Я ўдзячны 2025 году за пастаянныя падарожжы, зьвязаныя з канцэртавай дзейнасьцю. Мы гралі ў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, на Кіпры і ў Злучаных Штатах. 

У гэтым годзе адрадзілася «Крамбамбуля», адбыліся прэм’еры двух кліпаў — адзін зь іх — матывацыйна-змагарскі — «Толькі Перамога!», другі — настальгічна-цёплы — «Каляды ў Менску». Я шмат займаўся выяўленчым мастацтвам і публіцыстыкай. 

У Беларусі, на жаль, нічога да лепшага не зьмянілася, але выйшлі з палону некаторыя зьняволеныя. Шмат з кім зь іх я знаёмы асабіста, а з Максімам Знакам удалося нават разам выканаць ягоную песьню ў Варшаве на заключным канцэрце нашага Каляднага туру.

Ганна Комар, беларуская паэтка, перакладчыца, пісьменніца

Hanna Komar

Удзячная 2025 году за людзей, якія прымаюць мяне — недасканалую, супярэчлівую, падтрымліваюць і вераць у мяне. За тое, што перад імі можна плакаць, і яны проста будуць побач, вытрымліваючы мае боль і роспач. За ўсіх, хто слухае і чуе, дзеліцца энергіяй, не дае згаснуць сьвятлу.

Удзячная сабе — за сілу волі і ўпартасьць, дзякуючы якім працягваю рухацца наперад, нягледзячы на трывогу, страхі, невядомасць і жорсткага ўнутранага крытыка. Што няспынна працую, каб стаць лепшай версіяй сябе. Што ўмею бачыць прыгажосць — нават скрозь сьлёзы.

Усім тым, хто працуе дзеля Беларусі, дзякуючы каму нявінныя людзі выходзяць з турмаў і мы маем шанец вярнуцца дадому.

Хочацца падзякаваць за ўсіх нас, што і ў 2025 годзе мы не апускаем рукі, нават калі вусцішна, і балюча, і здаецца, што сіл не засталося. За тое, што жыве Беларусь.

Арцём Лобач, беларускі кінарэжысёр, дакументаліст

Arciom Łobač

У гэтым годзе дзякуючы BFA (Belarussian Independent Film Academy) я атрымаў магчымасць выступіць са сваім праектам на Берлінале EFM (European Film Market), дзе займеў узнагароду. Гэта дапамагло знайсці прадзюсараў, і мы атрымалі фінансаванне і пачалі здымкі майго новага дакфільма ў Літве. 

Таксама ў 2025-м я ажыццявіў сваю даўнюю мару — здзейсніў аўтападарожжа праз увесь Еўразвяз, праехаў ад Вільні да Гібралтара. А яшчэ ў гэтым годзе адбылася прэм’ера двух маіх фільмаў пра беларускую традыцыю «Кола Жыцця» і «Беларускі едуць на Падляшша» на тэлеканале «Белсат».

Юрый Дзівакоў, беларускі рэжысёр

Juryj Dzivakoŭ

Я ўдзячны 2025 году, што ён хутка скончыцца. Я як старая-новая істота чакаю новых перамен.

Наталля Бібікава, аўтарка, рэжысёрка і вядучая культурных праектаў 

Natałla Bibikava

Я ўдзячная 2025 году за яшчэ большае ўзмацненне маёй сям’і. Мы ёсць адно ў аднаго, мы клапоцімся, паважаем і шануем адно аднаго, і гэта цешыць. Важнай падзеяй у гэтым годзе стала тое, што наш сын пабачыў сваіх бабуль і дзядуль. А мы з мужам змаглі правесці час са сваімі бацькамі, абняць іх нарэшце. 

Як ніколі ў гэтым годзе я адчула каштоўнасць сяброўства. Бясконца ўдзячная людзям побач са мной. Нашыя ўзаемная адданасць і павага адно аднаму, падтрымка і прыняцце — гэта ўсё вельмі каштоўна, гэта дапамагае трымаць сябе ў стане веры ў лепшае. І да гэтага пункту далучу агульную салідарнасць беларусаў, якая не перастае ўражваць. Гэта сапраўдная сіла. 

Захапленне гэтага года для мяне — беларуская творчая моладзь. Маладыя тэатральныя рэжысёркі, мастакі і мастачкі, музыкі. Такая колькасць таленавітых беларусаў і беларусак натхняе і дае моц рухацца далей, не спыняцца, праяўляць сябе і ствараць важнае і прыгожае.

Павал Гарадніцкі, беларускі актор, музыка, рэжысёр і выкладчык

Pavał Haradnicki

Удзячны гэтаму году за выхад палітзняволеных, хаця радасць няпоўная, бо за кратамі застаецца яшчэ шмат людзей. Чакаю іх вызвалення ў наступным годзе. 

Таксама ў гэтым годзе выйшаў новы альбом РСП «Бо кругом свінарнік, а ты прекрасней всех» у класічным рокавым гучанні, што не можа не цешыць. У мяне адбыліся тры тэатральныя прэм’еры: паэтычна-музычны спектакль «Мужчыны плачуць» на вершы Мікіты Найдзёнава, прэм’ера ў Свабодным тэатры «Urząd przyjemności» і спектакль «Эмігранты» паводле Славаміра Мрожака. Удзячны гледачам, што наведалі гэтыя спектаклі, за давер і цікавасць да маёй творчасці.

Аляксандр Ждановіч, беларускі актор тэатра і кіно

Alaksandr Ždanovič

Удзячны кожнаму году жыцця, бо жывы! Год, які сыходзіць, падараваў мне знаёмства з неверагоднай колькасцю беларусаў, што жывуць па ўсім свеце! Шмат новых праектаў, якія пашыраюць мой уласны кругагляд, магчымасць працягваць — працаваць надалей з беларускімі дзецьмі ў Варшаве. Пабачылі свет мае кніжкі, былі напісаны новыя казкі... Але, як заўжды, надзеяў і чаканняў яшчэ больш... Як я заўсёды кажу сабе і іншым: УСЁ ТОЛЬКІ ПАЧЫНАЕЦЦА!!!

Наталля Локіць, рэжысёрка тэатральнай студыі «Купалінка»

Natałla Łokić

2025 быў для мяне дастаткова суворым. Шмат працы, шмат адказнасьці, шмат хваляваньняў. Але ён жа навучыў мяне верыць у свае сілы, спрабаваць рабіць новае і ўспамінаць даўно забытыя навыкі, атрымліваць асалоду ад зробленай працы. 

Я стала мацней адчуваць сям’ю, яе плячо і падтрымку. Яшчэ раз зразумела, што дзеці — гэта найлепшыя інвэстыцыі. Яны вырасьлі і сталі найлепшымі сябрамі. Мы шмат вандруем, сустракаемся, размаўляем. 

Нашая «Купалінка» за гэты год прырасла найцудоўнейшымі людзьмі: не толькі дзецьмі і падлеткамі, але ж і іх бацькамі, новымі выкладчыкамі, а гэта бясцэнны дар. Бо гэта, на мой погляд, найлепшыя прадстаўнікі нацыі. Кожны год жыцьця — гэта новы якасны штуршок наперад. 2025 — дзякуй! Працягваю вучыцца, верыць, спадзявацца, любіць! Забіраю гэта ў 2026-ты.

Размаўляла Наста Пабягунская, Budzma.org

Фотаздымкі, акрамя пазначаных, прадастаўлены суразмоўцамі