Літаратурныя сустрэчы з Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком

Шэраг сустрэчаў з вучнямі правялі паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк цягам апошніх дзён. 21 студзеня сутрэча адбылася ў сценах Мінскага каледжа швейнай вытворчасці, другая – перад вучнямі старэйшых класаў сталічнай школы № 205. 22 снежня з творчым візітам паэты завіталі на Слонімшчыну, а 23 – у Лагойскі раён.

“Мы з вамі у пэўным родзе калегі. Мы закліканыя ствараць. Таму ўспрымайце нашыя вершы ў кантэксце сваёй будучай мадэльнай творчасці…” З такімі словамі да навучэнак каледжу швейнай вытворчасці звярнуўся паэт і бард Эдуард Акулін.

У сярэдняй школе №205 паэтаў чакаў прыемны сюрпрыз. Вучні дзеватых класаў падрыхтавалі паэтычна-песенную кампазіцыю, назву якой даў славуты радок Яўгеніі Янішчыц “Пачынаецца ўсё з любві…”

“Нам засталося толькі гарманічна ўпісацца ў мастацкую канцэпцыю сустрэчы, каб сваімі вершамі і песнямі канчаткова пераканаць школьнікаў у дакладнасці гэтай агульнавядомай з біблейскіх часоў формуле існавання чалавецтва”, – зазначыў Эдуард Акулін.

Першая сустрэча на Слонімшчыне адбылася ў Рахавіцкай сярэдняй школе. У ёй, па словах яе дырэктара Леаніда Журовіча, сутрэча з беларускімі пісьменнікамі праводзілася ўпершыню. Да сталічных гасцей у Рахавічах далучыўся знакаміты слонімскі паэт, краязнаўца і журналіст Сяргей Чыгрын.

Сустрэча ў Слонімскай гімназіі № 1 была прымеркаваная да тыдню беларускай мовы і літаратуры. Таму выступ паэта-земляка , а таксама сталічных літаратараў прыйшоўся слонімцам вельмі дарэчы.

“ Мы зычым, каб тыдзень беларускай мовы ў вашай гімназіі ператварыўся ў дэкаду, месяц, год… І наогул ніколі не сканчваўся!”–пажадаў на развітанне гімназістам паэт Леанід Дранько-Майсюк.
У Акцябрскай школе, што на Лагойшчыне, адмыслова да прыезду паэтаў быў падрыхтаваны канцэрт народнага ансамблю “Забава”. Вучні Каменскай школы загадзя падрыхтавалі прэзентацыю сваёй школы і распавялі пра яе гісторыю і сучасны стан.

На фота:

1. Эдуард Акулін падчас сустрэчы ў Мінскім швейным каледжы.
2. Выступленне Леаніда Дранько-Майсюка ў СШ № 205.
3. Выступае паэт Сяргей Чыгрын.
4.”Янка Купала” ў выкананні Э. Акуліна перад вучнямі Акцябрскай СШ.