Археолагі раскапалі магчымы падземны ўваход у Заслаўскі замак

Магчымы ўваход у падземны ход на Заслаўскім замку ў панядзелак адкрыўся археолагам, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал Інстытута гісторыі.

Zaslaŭski zamak Фота: Інстытут гісторыі

Навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з Мінскім аблвыканкамам, Заслаўскім гарвыканкамам і іншымі зацікаўленымі ўжо каля месяца вядуць раскопкі пад кіраўніцтвам Івана Спірына.

Нягледзячы на частыя дажджы, праца па раскрыцці падземнага ходу ў старажытным насыпу Заслаўля працягвалася.

Раней паведамлялася што на тэрыторыі Заслаўскага замка пачаліся вялікія археалагічныя раскопкі. Адна з заяўленых мэтаў — вывучыць загадкавы падземны ход, які быў знойдзены яшчэ ў 1970-х гадах, але да гэтага часу не даследаваны.

Гэты ход упершыню выявіў яшчэ ў савецкія часы археолаг Георгій Штыхаў. Тады яго часткова расчысцілі: шырыня ходу складае каля 80 сантыметраў, вышыня — каля 1 метра 20 сантыметраў. Аднак адна са сцен была пашкоджаная, таму далейшыя даследаванні прыпынілі.

Zaslaŭski zamak

Цяпер каманда археолагаў, валанцёраў і студэнтаў імкнецца высветліць, якое было прызначэнне гэтага падземнага ходу. Як патлумачыў Іван Спірын, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, ход можа быць як падземным калідорам, так і дрэнажнай сістэмай або сакрэтным лазам.

Даследаванні праходзяць на заходняй частцы замка — каля замкавай брамы XVI стагоддзя, праз якую раней у яго ўваходзілі княскія дружыны і купецкія караваны. Плануецца завяршыць працу да канца чэрвеня, але тэрміны могуць зрушыцца з-за надвор’я ці знаходак.

Калі ўдасца дакладна вызначыць прызначэнне падземнага ходу і ўмовы дазволяць, гэты аб’ект можа стаць адкрытым для наведвальнікаў.

Заслаўскі замак быў пабудаваны ў XVI стагоддзі. Цяпер на яго месцы захаваліся Спаса-Праабражэнская царква, руіны замкавай брамы, валы і равы.