Літоўская літаратура: што трэба ведаць і прачытаць па-беларуску? Шкема, Гавяліс, Кунчынас, Венцлава

Беларусь і Літва — геаграфічныя суседзі, і ў нас шмат агульнага: гістарычная блізкасць, блізкасць культуры і тэмпераментаў, а таксама літаратура. У новым выпуску Андрэй Хадановіч распавядае пра літоўскую літаратуру ў беларускіх перакладах.


Litoŭskaja litaratura

Асноўнае з выпуску:

Рычардас Гавяліс «Віленскі покер»

Раман — грунтоўнае нонканфармісцкае даследаванне Вільні часоў застою. Галоўны герой — бібліятэкар і ветэран савецкага лагеру заўважае, што навокал з’яўляецца ўсё болей людзей, пазначаных усеагульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця, людзей, якія тупеюць, чые вочы згасаюць — гэткая ўсеагульная зомбіфікацыя. Герой называе такіх хворых людзей «канукамі». Герой праз застойна брэжнеўскую оптыку ўглядаецца ў папярэднія гістарычныя слаі гораду-палімсэсту Вільні.

Томас Венцлава «Выбраныя вершы»

Томас Венцлава, мабыць, найвядомейшы ў свеце літоўскі паэт. Яго кніжная навінка па-беларуску ў 2019 годзе прэзентавалася на фестывалі «Pradmova» з удзелам самога аўтара, які спецыяльна прыехаў у Менск і выступаў там разам са сваімі перакладчыкамі Лявонам Баршчэўскім, Алесем Разанавым і Андрэем Хадановічам.

Антанас Шкема «Белы саван»

Раман, які шмат у чым аўтабіяграфічны: аўтар пазычае для галоўнага героя сваё імя — Антанас, пазычае сваю прафесію — ён працуе ў нью-ёрскім гатэлі ліфцёрам. Кніга мае нелінейную будову: мы апынаемся то ў сучаснасці, то ў далёкім мінулым. Амерыканская сучаснасць — гэта тупая манатонная ліфцёрская праца, востра прыпраўленая любоўнымі перажываннямі. Яшчэ адзін важны план аповеду — нататкі Антанаса Гаршвы. Ён як бы вяртаецца ў маладосць, у найважнейшыя кропкі свайго жыцця, дзе згадвае сям’ю, эксцэнтрычнага бацьку, ваенныя выпрабаванні, лагер для перамешчаных асобаў і адносіны з іншымі прадстаўнікамі літоўскай культуры.

Юргіс Кунчынас «Туўла»

Героя «Туўлы» немагчыма пераблытаць ні з кім. Ён нонканфарміст савецкіх застойных часоў, герой, у якога з савецкай уладай эстэтычныя нестыкоўкі, герой, для якога алкагольныя заплывы, размытасць нецвярозай оптыкі ў поглядзе на свет робяцца свайго роду ўнутранай эміграцыяй, спробай выйсці ў сваё шчаслівае вымярэнне, дзе ў сіле законы магічнага рэалізму, дзе герой можа ўзяць і ператварыцца ў кажана, што дае яму адначасова праклён і прывілею палёту над любай Вільняй — горад, у які ён закаханы настолькі ж, як і ў сваю Туўлу.

Чытайце яшчэ: Задача з трыма невядомымі