«Гэта перавысіла нашы мары». У Беларускі ліцэй у Гайнаўцы прынялі рэкордную колькасць вучняў

Больш за сотню вучняў пачнуць 1 верасня вучобу ў першым класе Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым выкладаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы на Падляшшы, піша Беларуская служба Польскага радыё.

hajnauka250729-wn6eu.jpg.jpg
Беларускі ліцэй у Гайнаўцы. Фота: Польскае радыё

Адукацыйная ўстанова запрашае таксама тых выпускнікоў пачатковых школ, якія яшчэ не паступілі ў іншыя сярэднія школы. Пасля першага этапу набору ўжо вядома, што прыняты 102 асобы. Яшчэ ёсць 21 месца.

«Гэта перавысіла нашы мары», — адзначае выконваючы абавязкі дырэктара беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Дарыюш Мусюк.

Планавалі набраць 90 асоб, але заяваў на навучанне аказалася нашмат больш, і ліцэй атрымаў дазвол на дадатковы набор вучняў. Большасць вучняў з Гайнаўкі і Гайнаўскага павету.

ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы (Польшча), вядомы як проста Гайнаўскі беларускі ліцэй, бярэ свае пачаткі з 1949 года. Гэта не проста школа, але таксама непаўторная атмасфера, народжаная дзесяцігоддзямі руплівай працы настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Большасць з іх — гэта нашчадкі тутэйшых беларусаў, якія захоўвалі сваю тоеснасць, не зважаючы на неспрыяльныя гістарычныя турбуленцыі.