Рэпер зь Віцебску робіць вытанчаную, шчырую і сумленную музыку, нягледзячы на вонкавую мішуру і напускную самаўпэўненасьць.
Пакуль на белТБ ладзяць чарговае шоў зь нікому не патрэбнымі зоркамі, а на радыё гучыць чысты шырспажыў, у музычнай прасторы зьяўляюцца рэальныя героі пакаленьня. ЛСП сьледам за Каржом яскрава даводзіць, чаго можна дасягнуць самастойна – і пляваць ім на мэдыі. Віцебскі рэпер мае 75 000 падпісантаў “УКантакце”, тры ўдалыя альбомы, зьбірае аншлягавыя канцэрты ў Беларусі і Расеі, але ня даў яшчэ ніводнага талковага інтэрвію і ў менскім мэтро, відаць, езьдзіць можа без боязі быць парваным прыхільнікамі на шматкі.
Каржа пакінем у спакоі, ЛСП працуе трохі на іншую аўдыторыю – больш прасунутую і яўна 18+. Ён закладае ў свае тэксты іранічныя падсэнсы, часам не адразу чытальныя, і дужа патрабавальны да агульнай падачы і гучаньня. Ён абсалютна валодае словам – недарма вучыўся на філфаку – і папракнуць яго можна хіба толькі ў залішнім злоўжываньні лаянкай. Але цуд у тым, што пры гэтым у яго атрымліваецца не выглядаць тупым і пошлым. Няма ў яго вось гэтай “банькі, рыбкі і піва”. ЛСП апявае нялёгкую працу стрыптызёрак, сьцябецца з расейскіх тэлезорак, рэспэктуе Наторыюсу і сьніць сны пра нешта большае. Альбом, як здалося, якраз пра гэта – згубленасьць у сьвеце мрояў ды ілюзіяў і пошук сябе сапраўднага. І найлепш гэтая тэма раскрываецца ў трэках “Что-то ещё” і “Синее”. Агулам жа ў “Magic City”, у адрозьненьне ад папярэдніх рэлізаў, зусім няма прахадных трэкаў. ЛСП робіць даволі вытанчаную, інтымную, шчырую і сумленную музыку, нягледзячы на вонкавую мішуру і напускную самаўпэўненасьць.
Досыць рэдкая зьява на беларускай сцэне, калі выканаўца нібы распускаецца ў стылі, які мэнтальна дужа далёкі ад нас. Такое было, напрыклад, зь Сьветам Хадановічам, які граў блюз так, нібы нарадзіўся ў дэльце Місісіпі. Блізкія эмоцыі выклікае і ЛСП у рэп-музыцы. Яго расейскамоўная чытка цалкам гарманічна кладзецца на тлусты біт, яго не папракнеш у найгрышы, ён не гуляецца ў рэп, зь ім гэта адбываецца па-сапраўднаму – у гэтым і ёсьць сакрэт. Праўда, у трэку “Безумие” зьяўляецца запрошаны госьць – расейскі рэпер Oxxxymiron, які сваёй вакальнай харызмай цалкам перакрыў ЛСП.
“Magic City” – гэта ўнёсак хутчэй у расейскую, а не ў беларускую музкультуру. Калі не лічыць фразы “дайце грошы” ў песеньцы “Бэнкрол”, беларускі калярыт і тутэйшыя рэаліі ў “Magic City” не адлюстраваныя ніяк. Але чаму б не парадавацца за беларусаў, якія дасягнулі такіх вяршыняў на чужой тэрыторыі.
Ідэя: 7
Выкананьне: 10
Тэксты: 7
Запіс: 10
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін