Працягваем вандроўкі разам з «Будзьма!» па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем скіравацца на Палессе, у Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці па маршруце Лунін — Палескі — Лунінец — Язвінкі — Кажан-Гарадок — Сінкевічы — гранітны кар’ер Мікашэвічы — Вялікія Чучавічы — Бастынь — возера Белае. Дзе спыніцца, падсілкавацца і што паглядзець у самім Лунінцы і па правы бок ракі Прыпяць у Лунінецкім раёне, скарыстаўшыся паромнай пераправай, мы распавядалі раней у вандроўцы па Палессі Сёння спынімся ў трох цікавых месцах: Кажан-Гарадок, Сінкевічы ды наведаем маляўнічы гранітны кар’ер пад Мікашэвічамі і самі Мікашэвічы.
Фота: planetabelarus.by
Кажан-Гарадок
Наступным нашым прыпынкам у Лунінецкім раёне будзе вёска Кажан-Гарадок. Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра Гарадок, пазней Кажан-Гарадок як уласнасць Пятра Мантыгірдавіча датуюцца 1493 годам. Але паводле даных археалагічных раскопкаў, першыя паселішчы ўзніклі тут ужо ў VI–VII стагоддзях. Пра гэта сведчыць знойдзенае падчас раскопкаў 1981 года ва ўрочышчы Гарбарава Гара селішча, ды гарадзішчы на ўсходняй ускраіне вёскі. Усе гэтыя археалагічныя помнікі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: vedaj.by
Ёсць яшчэ адно цікавае месца на поўдзень ад Кажан-Гарадка, недалёка ад таго месца, дзе рака Цна ўпадае ў Прыпяць. Завецца яно па-рознаму: Авідушава Гара, Авідава Гара, Вітава Гара і інш. Існуюць розныя паданні пра гэты маляўнічы ўзгорак: што быццам тут жыў і пахаваны антычны рымскі паэт-выгнаннік Авідзій, які, паводле легенды, быў сасланы рымскімі ўладамі на землі сучаснага Палесся за колкія вершыкі ў адрас імператара Аўгуста. Некаторыя даследчыкі звязваюць назву ўзгорка з язычніцкім боствам Вітам.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Ад Мантыгірдавічаў праз шлюб Соф’і, дачкі першага вядома ўладальніка Кажан-Гарадка Пятра Мантыгірдавіча, паселішча перайшло да роду Кішкаў, як і шматлікія іншыя колішнія маёнткі Мантыгірдавічаў. Іх часткова спрабавалі адсудзіць Радзівілы, бо мясціны славіліся сваімі борцямі, што часткова ў іх атрымалася, але Кажан-Гарадок застаўся за Янам Кішкам, сынам Соф’і Кішкі з Мантыгірдавічаў.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка першая
Кажан-Гарадок, Рынак, 1901–1939
Упарадкаванне планіроўкі Кажан-Гарадка звязана з каралевай Бонай Сфорцай. Загадам каралевы ў цэнтры Кажан-Гарадка была сфармаваная плошча, ад якой адведзена сем роўных вуліцаў. Рэшткі радыяльнай планіроўкі ў Кажан-Гарадку захаваліся і па сённяшні дзень ажно з пачатку XVI стагоддзя. У гэты час на цэнтральнай плошчы праводзіліся кірмашы, ажно пяць на год.
Фота: vedaj.by
Пасля Кішкаў у Кажан-Гарадку на працягу трыццаці гадоў гаспадарыў род Падбярэзскіх. Дарота Падбярэзская была пратэстанткай і ў 1635 годзе фундавала ў Кажан-Гарадку будаўніцтва кальвінскага збору. Ад таго будынка, на жаль, да нашых дзён нічога не засталося. Але засталося некалькі праваслаўных храмаў, на якія варта звярнуць увагу.
Фота: fotobel.by
Першы з іх Сімяонаўская царква — капліца, пабудаваная на пачатку ХІХ стагоддзя на Кажан-Гарадоцкіх могілках мясцовымі майстрамі з дрэва. Гэтая царква — помнік народна-этнаграфічнага дойлідства. Разьбяны навес над алтаром, ківорый, быў выкананы Іосіфам Астапчыкам у 1818 годзе. У храме да нядаўняга часу захоўваліся абразы пінскіх майстроў XVIII стагоддзя, якія былі перавезены ў Нацыянальны мастацкі музей.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Наступнымі гаспадарамі ў Кажан-Гарадку стаў род Шчытоў-Неміровічаў. Самым запамінальным з іх быў Крыштаф Шчыт. Ён быў вядомы не толькі тым, што збудаваў у Кажан-Гарадку барочны палац, дзе захоўваўся архіў роду Шчытоў, бібліятэка з каштоўнымі выданнямі ды калекцыя прадметаў мастацтва, адчыніў тут тэатр, дзе гралі мясцовыя акцёры, але і сваімі адыёзнымі ўчынкамі. Сярод месцічаў ходзіць легенда, як Крыштаф Шчыт у васямнаццаць год, вандруючы па Італіі, вырашыў патрапіць на аўдыенцыю да Папы Рымскага, скарыстаўшыся аслом як транспартным сродкам, апрануты ў адзенне часоў Ісуса Хрыста ды з пальмавымі галінкамі ў руцэ, яшчэ і ўкусіў Папу за палец.
Свята-Мікалаеўская царква, 1910 год
Наступны ўладальнік Кажан-Гарадка Ян Шчыт фундаваў тут узвядзенне ўніяцкай царквы, якая была канчаткова дабудавана ў 1818 годзе. Але пасля скасавання уніі царква была перададзена праваслаўным. У 1867 годзе царкву перабудавалі, у такім выглядзе яе можна пабачыць і сёння. Свята-Мікалаеўская царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік усходнепалескай школы дойлідства. Падобных цэркваў захавалася ў Беларусі толькі тры, у найбольш аўтэнтычным выглядзе менавіта тут, у Кажан-Гарадку, таму яе абавязкова варта наведаць.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Звонку царква вельмі сціплая, не мае асаблівых дэкаратыўных элементаў. Але ўнутры, у адрозненне ад іншых падобных храмаў, багата аздоблена. Сёння там варта звярнуць увагу на іканастас і шэраг абразоў, створаных у XVIII—ХІХ стагоддзях мясцовымі майстрамі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Як у любым беларускім мястэчку, у Кажан-Гарадку жыло шмат яўрэяў. Адпаведна, тут была і сінагога, пабудаваная ў 1880 годзе. Пагаворваюць, што яна была аздоблена адмысловым чынам, інтэр’ер вылучаўся сваёй адметнасцю сярод іншых сінагогаў наваколля. Але да нашых дзён сінагога не захавалася, яна згарэла ў 1942 годзе.
Кажан-Гарадоцкая сінагога, 1929 год
Кажан-Гарадоцкая сінагога, 1929 год
Барочны палац Неміровічаў-Шчытоў згарэў у ХІХ стагоддзі. Але на яго месцы быў пабудаваны новы, які да нашых дзён таксама не захаваўся. У 1939 годзе і ён быў знішчаны. Апошнім уладальнікам маёнтка быў Крыштаф Шчыт-Неміровіч. Ён загінуў у засценках НКУС горада Лунінца. Месцічы ўзгадваюць яго як чалавека высокай культуры, адукаванасці, як выбітнага краязнаўцу свайго часу.
Фота: wikimedia.com
Да нядаўняга часу на тэрыторыі колішняга сядзібна-паркавага ансамбля Шчытоў расла 300-гадовая ліпа — помнік прыроды з 1963 года. Сёння там можна пабачыць яшчэ адзін батанічны помнік рэспубліканскага значэння — кажан-гарадоцкія дубы. Сярод іх, паводле мясцовай легенды, і яшчэ адзін дуб Міцкевіча, які наведваў сядзібу Шчытоў, каб задаволіць свае рамантычныя цікаўнасці адносна магчымага знаходжання тут паэта Авідзія ў далёкім мінулым. Кажуць, што менавіта пад гэтым дубам любіў мроіць ды адпачываць знакаміты пясняр.
Фота: wikimedia.com
Сінкевічы
Далей прапануем рушыць у вёску Сінкевічы, дзе пабачым унікальны помнік народнага драўлянага культавага дойлідства рэспубліканскага значэння — Свята-Юр’еўскую царкву.
Фота: planetabelarus.by
Упершыню вёска Сінкевічы ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1493 годзе як частка маёнтка Лахава, якім валодаў ужо вядомы нам трокскі ваявода Пятро Мантыгірдавіч. Затым маёмасць перайшла да Радзівілаў: у 1588 годзе вёска ўзгадваецца як уладанні Мікалая Крыштафа Радзівіла, а ў 1626 годзе Караля Радзівіла.
Свята-Юраўская царква, Сінкевічы, 1920
У міжваенны час у Сінкевічах размяшчаўся мясцовы аддзел корпуса памежнай аховы Польшчы, намаганнямі якога ў 1938 годзе тут быў збудаваны касцёл. Але, на жаль, савецкага часу ён не перажыў і да нашых дзён не захаваўся.
Нягледзячы на тое, што паводле перапісу 1921 года, большасць жыхароў Сінкевічаў вызнавалі сябе прадстаўнікамі польскай нацыянальнасці, паводле веравызнання месцічы былі праваслаўнымі. У Сінкевічах захаваўся ўнікальны помнік драўлянай архітэктуры — Юр’еўская праваслаўная царква. Храм разам са званіцай-брамай быў узведзены на мясцовых могілках ў XVIII стагоддзі першапачаткова як уніяцкі, а ў 1830 перабудаваны пад праваслаўную царкву.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
У царкве захоўваюцца іконы XVIII—ХІХ стагоддзяў: «Дабравешчанне», «Нараджэнне Хрыста», «Маці Божая з дзіцём», «Святыя Касма, Аляксей і Дзям’ян».
Фота: lnc.by
Фота: lnc.by
Мікашэвічы — кар’ер
Далей прапануем рушыць па прыгожыя фотаздымкі да гранітнага кар’ера, што размяшчаецца побач з горадам Мікашэвічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Вядома, што з 70-х гадоў ХХ стагоддзя пад Мікашэвічамі здабываюць граніт. Першы выбух тут адбыўся ў 1973 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
За амаль пяцьдзясят гадоў глыбіня гранітнага кар’ера, падобнага з вышыні да вялізнага амфітэатра, дасягнула ста трыццаці пяці метраў. Ягоная плошча таксама паступова павялічваецца, зараз ён мае амаль две тысячы метраў шырыні і каля трох тысячаў метраў даўжыні. Вытворчае прадпрыемства «Граніт» з’яўляецца найбуйнейшым у Еўропе распрацоўшчыкам нярудных будаўнічых матэрыялаў. Апроч таго, цягам апошніх гадоў кар’ер стаўся папулярнай дэкарацыяй для шматлікіх кінастужак ды фотасесіяў.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Чыгуначная станцыя Мікашэвічы, 1925
У саміх Мікашэвічах варта звярнуць увагу на каталіцкі, праваслаўны ды пратэстанцкі храмы. Каталіцкая капліца месціцца ў прыстасаваным пад яе цагляным будынку пачатку ХХ стагоддзя. Царква, асвечаная ў гонар Раства Яна Прадцечы, месціцца ў будынку колішняга касцёла 1936 года ўзвядзення, які напрыканцы ХХ стагоддзя перабудавалі ў праваслаўны храм.
Касцёл у Мікашэвічах да 1939 г.
Фота: wikimedia.com
Фота: wikimedia.com
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ