Нашумелы ўжо стол Караткевіча, за якім класік пісаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі», мог займець аскетычнае жыццё музейнага экспаната. Але Адам Глобус, падарыўшы стол кнігарні «логвінаЎ», наканаваў яму больш прывабны лёс. Цяпер кожны ахвочы можа пасядзець за ім, сфатаграфавацца ці нават паспрабаваць злавіць натхненне, зрабіўшы накіды новага твора. Хто ведае, якія яшчэ прыгоды чакаюць тут гэты прасякнуты творчасцю прадмет мэблі. Пакуль жа вакол стала разгарнуўся літаратурны фестываль, прысвечаны ягонаму славутаму гаспадару.
Аднойчы жонка Караткевіча Валянціна Браніславаўна купіла пісьменніку новы вялікі стол. Караткевіч прыйшоў да сям’і Адамчыкаў і па-суседску прапанаваў: “Стары шкада выкідаць, можа, хоць на дачу возьмеце?” Праз многія гады Адам Глобус вырашыў знайсці для памятнай рэчы новага гаспадара і даў абвестку ў інтэрнэце. Узнік ажыятаж, але ў выніку стол быў падораны кнігарні, якая паабяцала зладзіць гэты фестываль.
На адкрыцці Адам Глобус прыгадаў вядомы факт пра тое, як Караткевіч працаваў: “Ён уставаў раніцой, прымаў душ, выпіваў паўлітра кавы з перцам, надзяваў белую кашулю, гальштук, свой найлепшы касцюм і ў такім парадным строі сядаў пісаць, бо верыў, што робіць вялікую справу”.
Адчуць сябе сапраўдным пісьменнікам хоць бы вонкава Адам Глобус прапанаваў усім наведнікам кнігарні. Для гэтага трэба сфатаграфавацца за сталом у элегантным парадным строі, а пераможцу абяцаны прыз у 700 тысяч рублёў. “Можна набыць некалькі тамоў са збору твораў Караткевіча”, – палічыў Глобус, які і сам прыйшоў на выступ у касцюме.
Радасныя колеры афішы, на якой модны Караткевіч у кедах дрэсіруе стол ружовым бізуном, змушалі чакаць нейкага суперзабаўляльнага і асучасненага падыходу. Але асцярогі не спраўдзіліся, фестываль распачаўся ў спакойным традыцыйным рэчышчы. Гучалі песні пад гітару на словы Караткевіча – спявалі паэты Андрэй Хадановіч і Анатоль Івашчанка, а таксама бард Алесь Камоцкі. Малады аўтар Антон Рудак прачытаў некалькі сваіх вершаў-прысвячэнняў.
У вобразах балотнага чорціка і зайца-півавара, які смачна каўтаў, відаць, безалкагольнае піва, выступіў актор Раман Падаляка. А віктарына ад “Будзьма беларусамі!” лёгка вызначыла знаўцаў паэзіі класіка.
Гісторык і адданы чытач Караткевіча Уладзімір Арлоў пачаў з абсурднага ўспаміну:
“Калі я быў студэнтам, мы імкнуліся прачытаць усё, што друкавалася пад імем Караткевіча. Аднойчы мы даведаліся, што ў цэнтральнай кнігарні будуць прадаваць новы зборнік “З вякоў мінулых”, у якім упершыню ў кніжным варыянце выйшла “Дзікае паляванне”. Большая частка нашага курса замест лекцыі рынулася ў кнігарню, там стаяла велізарная чарга, кнігу размяталі. Мы вярталіся шчаслівыя з кнігамі, калі ўбачылі, што па Мінску ідуць сланы. Прыехаў нейкі цырк, і з вакзала вялі сланоў, якіх чамусьці можна было транспартаваць толькі сваім ходам. У дэканаце з’явілася тлумачэнне нашай адсутнасці на лекцыі: аказваецца, мы, будучыя байцы ідэалагічнага фронту, гісторыкі, гатовыя безадказна кінуць заняткі, каб толькі паглядзець на сланоў”.
Арлоў згадаў таксама пахаванне Караткевіча ў ліпеньскім пустым Мінску, калі развітацца з пісьменнікам прыйшло не так шмат людзей. І скончыў гісторыяй пра тое, як праз год вуліца Касманаўтаў у Оршы была перайменаваная ў вуліцу Караткевіча: “На семінары творчай моладзі партыйны функцыянер пачуў прапанову назваць вуліцу Касманаўтаў, на якой нарадзіўся пісьменнік, вуліцай Караткевіча. Функцыянер адразу закіпеў гневам. І тут я нясмела кажу: “А што, савецкія касманаўты, ці хаця б хто-небудзь з іх, нарадзіліся ў Оршы?” Функцыянер меў пачуццё гумару і сказаў: “Савецкія касманаўты над Оршай праляталі”. Але не прайшло і года, як вуліца ўсё ж атрымала імя пісьменніка”.
Наперадзе яшчэ чатыры імпрэзы ў межах фестывалю, які скончыцца ў дзень народзінаў Караткевіча, 26 лістапада. Праграму імпрэзаў можна паглядзець тут:
9 лістапада – Дзікае маляванне. Фэст “Лятучы стол Караткевіча”
12 лістапада – Скрыпка дрыгвы. Вайцюшкевіч выконвае Караткевіча
19 лістапада – Karatkievič international
26 лістапада – Быў. Ёсць. Буду. Закрыццё фэста “Лятучы стол Караткевіча”
Аляксандра Дорская
Фота: belapan.com
Тэгі: Мінск