«Цёпла й хораша (халодна й мярзотна) на душы». Лявон Вольскі пра сустрэчы з фанатамі і беларускую мову

Лявон Вольскі прыгадвае часы, калі яго толькі пачалі пазнаваць на вуліцах роднага Менска, і расказвае некалькі цікавых гісторый, калі знаёмствы з выпадковымі людзьмі прыносілі прыемныя эмоцыі, а таксама пра нядаўні выпадак, калі некалькі простых сказаў разбурылі ўсю цеплыню ад сустрэчы з земляком.


Volski_Vilnia_31/05_16

...і на душы зрабілася цёпла й хораша

Гэтымі словамі сканчаюцца допісы ў сацыяльных сетках пра тое, як кіроўца таксоўкі (пачыналася з таксоўшчыка, але потым флэшмоб ператварыўся ў магутную плынь, і якіх толькі кіроўцаў (і ня толькі кіроўцаў) там не фігуравала) пазнае аўтара зацемкі і дзякуе яму за тое, што гэты аўтар робіць — піша артыкулы, вядзе навінавую праграму, актыўнічае, змагаецца з рэжымам, кпіць, выдурваецца... І вось пасьля гэтае падзякі й робіцца на душы героя цёпла й хораша.

Пазнаваць на вуліцах роднага Менску мяне пачалі ў далёкіх 1990-х. І я, як і належыць інтравэрту (сацыяпату?), палохаўся, заходзіў у ступар, саромеўся, але па мне гэта было не відаць:

— Здароў, Лявон!
— Прывітаньне!
— Пап’еш з намі піўка?
— Не, хлопцы, часу няма, прабачце, наступным разам.

Часам усьлед чулася:

— Во які ён зрабіўся фанабэрлівы, ужо й піва з фанамі ня вып’е!

А на душы ўсё адно рабілася цёпла й хораша.

Выпадак у тралейбусе

Неяк аднаго разу Міхал Анемпадыстаў падараваў мне падрамнік для карціны. Вялікі такі падрамнік — 120×130сm. Міхал жыў на Паўднёвым захадзе. Мне трэба было завезьці шыкоўны падарунак адтуль у раён бульвару Шаўчэнкі — ледзьве не цераз увесь горад. Я падумаў, што ў таксоўку, відаць, ня ўлезе (дый былі такія часы, што на таксоўку не заўсёды ставала грошай), і вырашыў везьці грамадзкім транспартам. Тым болей, што там курсаваў наўпроставы тралейбус. На Паўднёвым захадзе ў тралейбусе было няшмат людзей, я зручна ўладкаваўся са сваім падрамнікам каля задняе шыбы. Чым бліжэй да цэнтру, тым паўнейшы рабіўся тралейбус. І на Нямізе ў ім ужо быў перааншляг — як селядцы ў бочцы. Я стаю сабе заціснуты ззаду, трымаю падарунак і раптам чую:

— Ды ну на..., гэта ж сам Лявон Вольскі!

Азіраюся й бачу, як ад пярэдніх дзьвярэй у мой бок скрозь людзей прадзіраецца не зусім цьвярозы, але вельмі захоплены ды актыўны панк — усё як трэба — з іракезам, у пракляпанай скураной куртцы, з напульсьнікамі. Ён прадзіраецца празь людзей, нібыта празь лясны гушчар:

— Вось гэта прыкол — сустрэць у тралейбусе Лявона Вольскага! Мне ніхто не паверыць! Лявон, ты ж дасі аўтограф? — людзі вакол, мякка кажучы, незадаволеныя ягонымі паводзінамі, тым болей, што ніхто зь іх ня ведае, хто такі гэты Лявон, да якога так мэтанакіравана вяслуе панк. Але яму ўсе яны малацікавыя, ён прагне дабрацца да мэты і атрымаць аўтограф. Пад няўхвальныя камэнтары пасажыраў панк нарэшце дагроб да мяне й працягнуў скамечаную паперку:

— Расьпішыся, калі ласка, а то ж мне ніхто не паверыць!

Я, як мог, у штурханіне паставіў сваім маркерам (дзякуй Богу, што ён быў!) подпіс на скамечанай паперцы, потым расьпісаўся яшчэ й на руцэ, якую, як сказаў панк, ён ня будзе мыць тыдзень, пасьля гэтага хлопец пакінуў транспартны сродак:

— Усё, Лявон, давай, трымайся, можа быць, як-небудзь піўка пап’ем!

І выйшаў. Пасьля ўсяго гэтага тралейбусныя людзі з такім асуджэньнем і дакорам глядзелі на мяне, што давялося выйсьці і некалькі прыпынкаў прашыбаваць пешкі. Але на душы, як вы разумееце, было цёпла й хораша.

Штосьці няўлоўнае беларускае...

Мінула шмат гадоў. Зьявіліся сацыяльныя сеткі з фанамі і хэйтэрамі. А, усё адно, бывае, ідзеш па вуліцы (што ў Менску, што ў Варшаве, што ў Бэрліне, што ва Уроцлаве, што ў Вільні), і з табою выпадковы мінак павітаецца, падыдзе, пацісьне руку, падзякуе за творчасьць, пазычыць усяго найлепшага. Яно й ясна — нашых цяпер паўсюль багата. І вось — цікавая акалічнасьць! — у інтэрнэце дык пішуць часам нейкія адмоўныя непрыемныя рэчы, а ў рэчаіснасьці дык ня памятаю такога выпадку, каб падышлі на вуліцы і сказалі: «Лухтой нейкай займаецеся! Абы што». А дзякуюць шмат. Ці проста вітаюцца. З усьмешкаю. І на душы, як вы ўжо зразумелі, робіцца цёпла й хораша.

Здараецца, цябе пазнаюць. А бывае, што й ты пазнаеш. Напрыклад, земляка-беларуса. Па акцэнце, па выразе вачэй, па манэры трымаць сябе, па чымсьці няўлоўным...

Аднойчы ў рэстарацыі

Надоечы зь сябрамі наведалі адну рэстарацыю. Падышоў афіцыянт, мы запыталіся, адкуль ён. Афіцыянт адказаў (мы ўжо й так ведалі!), што зь Беларусі. І так цёпла й хораша зрабілася на душы, што мы сказалі:

— А-а, дык з вамі можна па-беларуску!
— К сожалению, я белорусским не владею, — прагучаў адказ. — Я из Лиды, и в нашей школе белорусский язык не изучали.
— Ня можа быць! — не паверылі мы. — Зусім не было беларускай мовы?
— Да, совсем не было. Не учили.

І так неяк халодна й мярзотна зрабілася на душы, што дагэтуль непрыемна.

Лявон Вольскі, Budzma.org