Лявон Вольскі: Што далей?

Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org піша пра нябачную рысу, да якой мы незаўважна падышлі амаль праз тры гады пасля вядомых падзеяў і пра тое, што нам усім рабіць — тым, хто застаецца ў Беларусі, нягледзячы ні на што, і тым, хто вымушаны быў з’ехаць, каб наблізіць нарэшце тое, чаго мы ўсе чакаем.


Frame 156.png


Максымум на некалькі месяцаў

Людзі ўцякалі. Беглі хто куды. Куды вочы глядзелі. Якая была віза — туды й ехалі. Не было візы — ехалі туды, дзе яна не патрэбная. Незаконна пераходзілі мяжу. Пераплывалі рэкі. Дабіраліся ў Злучаныя Штаты праз Мэксыку. Спачатку беглі ад тэрору. Ад нябачаных дагэтуль рэпрэсіяў. Потым беглі ад вайны.

Людзям здавалася, што яны зьяжджаюць ненадоўга — максымум на некалькі месяцаў. А потым на радзіме перамогуць сілы дабра, і ўсе дружна паедуць на вялікае Сьвята на Плошчы.

Людзі не распакоўвалі валізкі, не здымалі надоўга кватэры, не набывалі посуд і іншыя побытавыя рэчы — хутка ж Перамога, і трэба ехаць назад.

Людзі пачалі гуртавацца, сустракацца, знаёміцца. Яны пабачылі, што іх шмат, што яны — сіла. Завіхурыліся ініцыятывы, акцыі дыяспараў, сустрэчы з творцамі, магутныя канцэрты. Калі раней эмігранты зь Беларусі былі незаўважныя, нябачныя, неактыўныя, цяпер яны паднялі голаў, узялі нацыянальныя сьцягі і пагрузіліся ў хвалі актыўнасьці. Падняліся нават тыя, хто дзесяцігоддзямі моўчкі сядзелі ў сваіх асобна ўзятых замежжах.

А жыць трэба

Але час ішоў, і новым эмігрантам валізкі ўсё ж-такі давялося распакаваць. І зьняць кватэру. Спачатку на год, а там паглядзім. Яны яшчэ нядаўна й эмігрантамі сябе не лічылі — так, перасядзець пару месяцаў. Месяцы расьцягнуліся на гады, і давялося прыстасоўвацца да замежнай рэчаіснасьці. Праз крызысы і няспраўджаныя надзеі. Легалізавацца. Зрабіць карту побыту. Набыць посуд і нават тое-сёе з мэблі. Асімілявацца.

Людзі, якія засталіся (а засталося іх шмат, значна болей за эмігрантаў), таксама вымушаныя былі прыстасоўвацца. Асімілявацца. Бо тая краіна, у якой яны апынуліся — гэта была новая, іншая краіна. Дзяржава без законаў, бяз правілаў гульні, што ўжо там казаць пра гарантаваныя свабоды! Дзяржава, у якой нельга ставіць лайкі пад пэўнымі пастамі. Нельга камэнтаваць. Нельга выходзіць на вуліцу ў чырвона-белай вопратцы. Непажадана вылучацца з натоўпу і гаварыць па-беларуску. Гэта небясьпечна. Сьмяротна небясьпечна. А жыць трэба.

Ня кожны мае сілы й жаданьне пакідаць «свой родны кут». А шмат хто з розных нагодаў папросту ня можа яго пакінуць. Таму гэты народ вымушаны быў прымаць новы лад, новую краіну. Гэта таксама адбывалася праз крызысы, няспраўджаныя чаканьні і разьбітыя надзеі. Бо вялікае Перамогі прагнулі й тут. А яна ўсё не набліжалася.

Што за ўсім гэтым?

І вось цяпер мы падыходзім да фінальнае рысы. Што за ўсім гэтым? За паламанымі лёсамі, ахвярамі (у тым ліку, і чалавечымі), гераічнымі ўчынкамі і самаахвярнасьцю?

Няўжо ўсё зноў суцішыцца, заціхне, зьмярцьвее? Няўжо тыя, хто зьехаў, паступова абрастуць новымі знаёмствамі і сябрамі, новай маёмасьцю, новымі мовамі, новым жыцьцём і забудуцца на сваё беларускае жыцьцё як на трывожны (часам і страшны!) сон?

А тыя, хто застаўся — што, яны ўрэшце цалкам прымуць гэтую новую беларускую (ці беларускую?) рэчаіснасьць — з паўсюднымі абмежаваньнямі (і самаабмежаваньнямі), татальнай цэнзурай (і самацэнзурай), бясконцай хлусьнёй і рознымі губазікамі?

Бо ўжо цяпер хтосьці за мяжой гаворыць, што наўрад ці вернецца на радзіму. Бо іншы ўзровень камфорту.

А хтосьці на радзіме кажа, што ў Беларусі жыць ня так ужо і кепска, і, прынамсі, адчыняюцца новыя кавярні, крамы і рэстарацыі.

І ўсё? І сьвет прыме гэты новы парадак рэчаў?

Што рабіць, каб наблізіць Перамогу?

Нехта вымавіць: «А што рабіць?».

Ды зрабіце хоць штосьці. Хоць нешта, каб наблізіць тое, чаго мы ўсе чакаем. У тых, хто за мяжой — наагул неабмежаваныя магчымасьці — можна данаціць, прыцягваць увагу міжнароднае грамадзкасьці да нашай сытуацыі, зьбірацца, абмяркоўваць, здымаць блог, пісаць прозу-вершы-песьні і выкладаць у інтэрнэт, здымаць фільмы, хадзіць на акцыі.
І быць беларусамі!

А ў тых, хто застаўся ў Беларусі, безумоўна, магчымасьцяў меней. Але што-нішто рабіць можна. Можна (трэба!) выхоўваць сваіх дзяцей беларусамі, купляць ім беларускія кнігі, гульні, мульцікі. Гаварыць зь імі на нашай мове. Кшталтаваць сябе — чытаць новыя творы пісьменьнікаў, слухаць новую музыку. Урэшце гэтая цемра скончыцца, а тады ўжо як ніколі трэба быць ва ўсеўзбраеньні. У новай Беларусі людзей, якія ведаюць свой род, мусіць быць шмат, большасьць, каб зноў краінай не авалодаў які «крэпкі хазяйсьцьвеннік-калгасьнік».

Можна ў думках набліжаць Перамогу. Пастарацца не губляць веру ў нашае з вамі сьветлае заўтра. І не скарацца. Не, ня трэба з транспарантам ісьці на плошчу. Цяпер гэта як мінімум неразумна. Ня трэба вешаць бел-чырвона-белы сьцяг на вашае вакно. Проста ўяўляйце, што ён там ёсьць.

І ўсё будзе добра!

Лявон Вольскі, budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі