Легендарная “Фатаграфіка” святкуе юбілей (фотарэпартаж)

20.01.2011 Мастацтва

Больш за сто здымкаў з унікальнага праекту «Межклубные выставки фотографики в Минске» прадстаўлена на рэтраспектыўнай выставе «Фатаграфіка праз сорак год», якая адкрылася 19 студзеня ва ўтульных залах Музея гісторыі Мінска.


Юрый Васільеў і Яўген Казюля

Легендарны праект «Фатаграфіка» ўключыў у сябе 6 выставаў, арганізаваных Народным фотаклубам «Мінск» у перыяд з 1971 па 1989 г., які, па словах цяперашняга старшыні фотаклуба Яўгена Казюлі, на доўгія гады замацаваў за Мінскам славу «фатаграфічнай Меккі». Выстава мела ашаламляльны поспех — тысячы фотаздымкаў з усіх куткоў неабсяжнай краіны. Фотаклуб «Мінск» увайшоў у гісторыю савецкай фатаграфіі менавіта дзякуючы гэтаму праекту.

«Зусім нядаўна ў гэтых жа сценах мы адзначалі вялікі юбілей нашага фотаклуба («Крокі-50»). Сёння таксама своеасаблівы юбілей — сорак гадоў таму нарадзілася ідэя выставы, якая б змяніла стаўленне мастацтва да фатаграфіі, да нашага тады вельмі маладога аб’яднання. Гэта ў нейкай ступені была авантура, таму што клуб, які меў мінімум выставачнага досведу, замахнуўся на правядзенне (па сутнасці сваёй) усесаюзнай выставы», — патлумачыў Яўген Казюля, адкрываючы выставу.


Валерый Вядрэнка

Але азнаёміўшыся з экспанатамі, можна смела сказаць, што яна сапраўды была ўсесаюзная. Тут можна ўбачыць здымкі, дасланыя аўтарамі ад Брэста да Сахаліна, выкананыя ў зусім неймавернай тэхніцы (бо фаташопу тады яшчэ не было!): ад шырока вядомага складанага мантажу да фантастычнай псеўдасалярызацыі, эфекту Сабацье і іншых хітрыкаў.

Толькі некалькі імёнаў, якія не пакінуць безуважнымі не толькі прафесіяналаў, але і аматараў фотамастацтва, чые працы прадстаўляе «Фатаграфіка праз сорак год»: Віталь Бутырын (Вільня), Ігар Косцін (Кіеў), Раман Баран (Львоў), Станіслаў Яворскі (Горкі), Уладзімір Філонаў (Запарожжа), Юрый Палыганаў (Северадзвінск), Генадзь Бяліцкі (Віцебск), Аляксандр Супрун (Харкаў), Юрый Шпагін, Міхаіл Жылінскі і многія іншыя.


Юрый Васільеў і Уладзімір Парфянок

Павіншаваць адзін аднаго са святам прыйшлі прызнаныя майстры айчыннай фатаграфіі: Іван Пятровіч, Анатоль Дрыбас, Валерый Вядрэнка, Віктар Жураўкоў, Уладзімір Парфянок, Канстанцін Мельнік, Віктар Суглоб, Сяргей Плыткевіч, Аляксей Брагін, Віталь Раковіч і іншыя, а таксама маладыя аўтары, аматары і проста людзі, захопленыя гэтым чароўным мастацтвам.

Адзін з арганізатараў знакамітага праекту, Юрый Васільеў, у сваю чаргу ўспомніў імёны тых, хто мае дачыненне да поспеху «Фатаграфікі»: аўтара самага першага каталога — архітэктара Георгія Меньшыкава, выдатных мастакоў-керамістаў, у тым ліку Аляксандра Зіменку, дзякуючы якім пераможцы «Фатаграфікі» атрымлівалі хай не залатыя медалі, але «творы керамічнага мастацтва вельмі высокай пробы» (таксама прадстаўленыя на выставе), мастакоў-дызайнераў Сяргея Саркісава і Валянціна Латушкіна, якія стваралі фірмовы стыль і цудоўныя плакаты, кіраўніка друкарні ЦК КПБ Барыса Аляксандравіча Крутавога, «які на ноч спыняў машыны, каб надрукаваць нам каталогі. Гэта быў вялікі подзвіг, таму што такога друку, які ёсць цяпер, тады проста не было». А таксама Ларысу Міхайлаўну Барабанаву, сакратара рэспубліканскага савета прафсаюзаў, якая ў крытычны для выставы момант (адкрываць — не адкрываць) усё ўзяла на сябе. Яна тады казала: «Вы рана нарадзіліся. Такую выставу яшчэ рана рабіць».


Артур Гапановіч

“Гэтая выстава вымушаная — столькі было заявак, столькі людзей хацела паглядзець гэтыя фота, што было вырашана прымеркаваць яе да юбілею — 40 гадоў. 50-годдзя чакаць небяспечна, таму што ўсе мы старэем. Мы паказваем «Фатаграфіку» такой, якая яна ёсць. Тады не было кампутараў, не было лічбавай фатаграфіі, усе цуды рабіліся пры дапамозе фотапавелічальніка.

Сёння гучаць такія галасы: «Давайце паўторым гэтую выставу, давайце яе працягнем, цяпер столькі магчымасцяў ёсць». Не, дарагія мае! Два разы ў адну і тую ж раку не ўваходзяць. У тым, што трэба іншую выставу рабіць, я не сумняюся. Але трэба знайсці пульс часу і рабіць выставу пад гэты час», — сказаў Юрый Васільеў.

Безумоўна, «Фатаграфіка праз сорак год» — свята для ўсіх сябраў фотаклуба «Мінск», усіх, хто мае дачыненне да фатаграфіі, усіх, у каго ёсць фотаапарат (у каго яго цяпер няма!), нават у мабільным тэлефоне. Таму што, фатаграфія — адбітак нашага жыцця. Усё гэта застаецца ў памяці. І памяць гэтая — не асобна ўзятага пакалення або чалавека, а наша агульная.