Прэзентацыя кнігі адбудзецца сёння, 19-га лютага, а 20-й у кнігарні “логвінаЎ”. Напярэдадні падзеі мы пагутарылі з Кацярынай Маціеўскай, якая пераклала з французскай знакамітую п’есу, што другое стагоддзе хвалюе неадназначнай трактоўкай вядомага біблейскага сюжэта. Кніга, аздобленая знакамітымі малюнкамі Обры Бёрдслі, выйшла ў бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” і бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” і ўвайшла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.
— Чаму вы абралі для перакладу п’есу Оскара Ўайлда “Саламея”? Чаму важна было яе перакласці?
— Часта можна сустрэць меркаванне, што перакладныя кнігі — яны, здаецца, і на сваёй мове, але ўсё ж нешта не тое, маўляў, пераклады нашую літаратуру не ўратуюць. Мне цяжка паверыць, што хтосьці сур’ёзна думае, нібыта перакладны тэкст працуе яшчэ на нейкую культуру, апроч той, на мову якой ён перакладзены. Так, пераклады спрыяюць распаўсюджанню ангельскай/французскай/нямецкай культуры ў свеце, але не яе ўзбагачэнню, таму што замежніку ад перакладнога тэксту ні холадна ні горача, ён яго не чытае. Для мяне арыгінальны тэкст (добра напісаны) і тэкст перакладны (добра перакладзены) — абсалютна раўназначныя ў плане “працы на культуру”. І натуральна, што першымі выбіраюцца тыя тэксты, якіх табе ў тваёй літаратуры не хапае. Мне асабіста не хапае эстэтаў з іх моўнымі карункамі і фінціфлюшкамі, таму Ўайлд — амаль непазбежны выбар. Так склалася, што ў нашай літаратуры аналагу Ўайлду няма, адпаведна, не распрацаваная ягоная эстэтыка. Можна чакаць гадоў трыста, пакуль прыйдзе свой, але, па-першае, і цяпер пісаць “пад Ўайлда” смешна, не тое што праз трыста гадоў, а па-другое, навошта чакаць, калі можна проста перакласці?
— Як доўга ішла праца над перакладам? Ці чыталі вы пераклады на іншыя мовы? П’еса была напісаная па-французску. Ці заўважна, што яна напісаная не на роднай мове аўтара?
— П’есу я перакладала чатыры вечары. Увечары прыходзіла дадому, і мяне, як кажуць, несла. Цяжкасцяў практычна не было, французская Ўайлда вельмі простая. І так, бачна, што яна яму не родная. Я ведаю ангельскую і французскую прыкладна аднолькава, і Ўайлда з ангельскай мне перакладаць цяжэй. Але “Саламея” — акурат той выпадак, калі добры вынік дасягаецца найпрасцейшымі сродкамі. Паўторы і экзатычныя словы — вось і ўсё, чым Ўайлд дазваляе сабе ўпрыгожваць тэкст, які за кошт гэтай прастаты атрымліваецца вельмі пластычным і гучыць практычна як верш прозай.
Я праглядала пераклады п’есы на рускую, іспанскую і, безумоўна, ангельскую — той самы пераклад Алфрэда Дугласа, якім сам Ўайлд быў не вельмі задаволены і які, кажуць, даволі моцна правіў, а потым яшчэ сябрам у лістах лаяўся. Нічога кепскага сказаць не магу, пераклады роўныя, адно што вельмі ўражвае, што некаторыя з іх па-ранейшаму робяцца з ангельскай.
— Што яшчэ ўвайшло ў кнігу, апроч самой п’есы?
— Па-першае, блізкія па стылістыцы вершы прозай Ўайлда. Я вышэй казала, што “Саламея” часам гучыць як верш прозай, і мне здаецца, што параўнаць тэксты будзе цікава. Дарэчы, у гэтых вершах карунак ужо больш — тут табе і архаіка, і закручаны сінтаксіс, і ўвогуле ўсё, чым душа разгулялася.
Па-другое, гэта артыкул сябра і паверніка Ўайлда, мастацтвазнаўцы Роберта Роса, пра першыя пастаноўкі п’есы на сцэне, пра самую раннюю яе рэцэпцыю ў ангельскім друку. Рос даволі з’едліва піша пра крытыкаў, якія не распазналі ў тэксце біблейскіх цытат і назвалі іх… які-небудзь цяперашні крытык сказаў бы пра гэта “тыповая дэкадэнтшчына”. Не ацанілі, карацей, крытыкі Біблію. І ўвогуле, артыкул цікавы тым, што развейвае міфы, якія так “прыліплі” да п’есы і яе аўтара, што здаюцца праўдзівейшымі за праўду.
Па-трэцяе, бібліяграфія перакладаў Ўайлда на беларускую мову, складзеная Ганнай Янкутай. Можна вельмі здзівіцца, паглядзеўшы туды, бо налічвае яна не адзін дзясятак пазіцый. Гісторыя беларускіх перакладаў Ўайлда цягнецца з самага пачатку ХХ стагоддзя. Праўда, у асноўным перакладаліся толькі казкі.
— П’еса сталася скандальнай у часы Ўайлда. Чым сам сюжэт альбо акалічнасці выхаду п’есы ўражваюць асабіста вас?
— Мяне ўражвае якраз тое, што асаблівай нагоды для скандалу там і не было, а быў, так бы мовіць, чорны піяр. Бярэцца скандальная асоба аўтара, які без зялёнага гваздзіка ў пятліцы нібыта з дому не выходзіць, прыплятаецца абсурдны ангельскі закон, паводле якога на сцэне нельга было выяўляць біблейскіх персанажаў, дадаюцца чуткі, плёткі і смакаванне ўсялякіх табе “непрыстойнасцяў” — і грымучая сумесь гатовая: вып’еш — так ап’яніць, што цытатаў з Бібліі не пазнаеш. Безумоўна, у такога скандальнага хлопца нічога вартага атрымацца не можа, да таго ж ён акурат сядзіць, не проста ж так пасадзілі. Для мяне ў гэтай “амаральнай” гісторыі прысутнічае хіба што адна мараль: часам вельмі асабістае стаўленне да аўтара вельмі шкодзіць адэкватнай ацэнцы яго твораў — як у лепшы, так і ў горшы бок.
Паэт Андрэй Хадановіч пра п’есу “Саламея”:
— Пераклад “Саламеі” Оскара Ўайлда — на маю думку, адна з найлепшых беларускіх мастацкіх кніжак апошняга часу, таму хачу павіншаваць перакладчыцу з класна зробленай працай. Культавая п’еса, якая абрасла легендамі, гэтая адзіная некамедыя знакамітага ангельскага камедыёграфа, адзіная п’еса не па-ангельску вядомага сваёй бліскучай ангельскай мовай аўтара. Гэтая кніга вельмі эстэцкая. Вядома, што Ўайлд частку свайго жыцця правёў у Францыі і перш за ўсё натхняўся дэкадэнцкай, сімвалісцкай літаратурай мяжы стагоддзяў — паэзіяй Бадлера, Малармэ і іншых вялікіх французаў.
П’еса служыць прыгажосці, але на мяжы з рызыкоўнымі рэчамі. Ўайлд карыстаецца вядомым біблейным матывам пра Яна Хрысціцеля, Ірадыяду і Саламею, якая за свой эратычны танец просіць галаву прарока на сподзе. Але ён дае абсалютна нечаканую матывацыю ўчынкам кожнага з персанажаў, перш за ўсё Саламеі. Нават у рызыкоўных тэмах, дзе прыгажосць праходзіць на тонкай мяжы з рэчамі брыдкімі, жорсткімі, дзе адкрываюцца цьмяныя стыхіі ў чалавеку, паказана, што каханне можа быць не толькі стваральнай сілай, але і ўсё разбураць на сваім шляху. Мне здаецца, што ў абсалюце гэтая п’еса ўсё-ткі паказвае каханне і прыгажосць, як бы ад супраціўнага, ад парадаксальнага.
Падрыхтавала Аляксандра Дорская