Служба падтрымкі «Робім Гуд», што дапамагае беларусам палепшыць якасць жыцця ў двары, раёне і горадзе, распавяла чытачам і рэдакцыі 1387.by пра спосабы, якімі можна паўплаваць на лёс твора мастацтва. Гаворка ў прыватнасці ідзе пра захаванне першай бабруйскай мазаікі аўтарства мастака Сямёна Абрамава, што апынулася пад пагрозай знішчэння. Таксама ў канцы артыкула знойдзеце шаблон, па якім можна напісаць зварот чыноўнікам, як мясцовым, так і ад Мінкульта.
— Па пытанні, якое тычыцца знішчэння мазаікі, ёсць некалькі варыянтаў для дзеянняў. Калі яе магчыма зняць і перамясціць на новае месца, тады бабруйцам неабходна заручыцца падтрымкай Мінкульта, даказаць каштоўнасць гэтага твора мастацтва. Для гэтага неабходна падрыхтаваць абгрунтаванне і звярнуцца ў аблвыканкам, — раяць кансультанты Робім Гуд. — Альбо другі варыянт: дамаўляцца з арганізацыяй, якая будзе займацца зносам і дэмантаваць мазаіку сваімі сіламі.
Аўтары урбан-пректу падрыхтавалі публікацыю, прысвечаную нашай мазаіцы, у сваім інстаграм. Паміж іншым яны пішуць, што, магчыма, бабруйцам мае сэнс скласці петыцыю, сабраць подпісы, каб твор захавалі ці перанеслі. «З рэалістычных крокаў — напісаць зварот у аблвыканкам з мэтай высветліць, ці ўзгоднена знішчэнне стрыт-арта з абласным мастацка-экспертным саветам», — адзначае Робім Гуд.
Так! Бо нават згодна з «Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва» ад 19.09.2008 № 1372, зацверджанага Саветам міністраў — бабруйская мазаіка адносіцца да манументальна-дэкратыўнага мастацтва. То-бок — мае каштоўнасць. Нагадаем, пра высокую мастацкую вартасць твора Сямёна Абрамава казалі культуролагі.
А тое, што яна значыць для некалькіх пакаленняў бабруйцаў, наагул цяжка ацаніць.
У ідэале — для таго, каб мазаікі заховаліся належным чынам, для іх трэба намагацца надання статуса культурных каштоўнасцей. Гэтае пытанне рэгулюецца Кодэксам РБ аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З.
У главе 16 «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны», у артыкуле 83 ёсць пералік відаў, сярод якіх маюцца «помнiкi мастацтва — творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога i iншых вiдаў мастацтва».
Згодна з артыкулам 84, такі статус творам мастацтва надае «Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і саветы па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны».
Спецыялісты вызначаюць, ці ёсць у творы значнасць для асобнага рэгіёна, на тэрыторыі якога яна знаходзіцца, і рэкамендуюць адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці; неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да пэўнай катэгорыі; магчымасці (немагчымасці) узгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, iх знiшчэння, страты або знiкнення.
Артыкул 90 апісвае сам парадак унясення прапаноў аб наданні мастацкім творам статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Яны падаюцца ў пісьмовай форме ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню. Да іх дадаюцца:
Зазірнем таксама ў артыкул 92, ён кажа пра крытэрыі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. І бачым, што мазаіка цалкам адпавядае. Вось некаторыя з крытэраў:
Таксама адзначаецца, што з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці павiнна прайсцi не менш за сорак гадоў. А мазаіка Сямёна Абрамава была створаная ў 1968 годзе.
Фота: wiki.bobr.by
Прыклад афармлення зваротаў у ведамствы, напрыклад — мясцовы аддзел культуры, абласны аддзел культуры, міністэрства культуры:
назва ведамства, у якое звяртаецеся
адрас ведамства
прозвішча, імя заяўніка, месца жыхарства, тэлефон
ЗАЯВА
Кароткае апісанне праблемы. (Што, дзе і калі адбылося. чаму праблема хвалюе гараджан. У якім стане знаходзіцца аб’ект, чаму ён важны для горада...).
На падставе выкладзенага просім:
Правесці праверку выканання дзеючага заканадаўства пры прыняцці рашэння і выкананні работ па дэмантажы мазаікі па адрасе...., у тым ліку патрабаванняў, прадугледжаных Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 № 1372
Аб выніках праверкі праінфармаваць заяўніка.
« »____________ 2022 года ______(подпіс)_____________ ___Ініцыялы, Прозвішча__