«Як заўсёды — ціха, бязь лішніх гукаў, была гімназія імя Каліноўскага (што й абсалютна зразумела — ён жа ж там вучыўся!), а цяпер — не. Ужо не Каліноўскага. Так ціха, што такое ўражаньне, што нешта пакралі».
Адзіную ў Беларусі гімназію, якая насіла імя Кастуся Каліноўскага, перайменавалі. Цяпер гэта гімназія імя падпольшчыцы Пашы Васіленка. Пра гэтае ціхае перайменаванне, развянчанне нацыянальных герояў і перагляд гісторыі піша Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org.
Былых герояў цяпер разьвенчваюць і пераглядаюць гісторыю
Мы цяпер вельмі любім Расею. Мы яе любім нават болей, чымсьці за савецкім часам. Бо за савецкім часам мы любілі сваіх герояў-паўстанцаў 1863 году. А цяпер — не! Цяпер мы настолькі любім Расею, што нават тыя, хто змагаўся з царызмам, для нас цяпер — таксама ворагі. Таму што нельга змагацца з самадзяржаўем. Яно — апірышча вялікае Расеі. І таму былых герояў цяпер разьвенчваюць і пераглядаюць гісторыю. Каліноўскага, напрыклад, запісалі ў польскія патрыёты. Маўляў, змагаўся за Рэч Паспалітую. А тое, што «Мужыцкую праўду» пісалі па-беларуску, дык яно й ясна — палякі ж. Вось і пісалі па-беларуску. Былі б нармальныя, нашыя людзі, дык пісалі б на нармальнай нашай вялікай ды магутнай расейскай мове.
Мы цяпер так любім Расею, што нават гімназію, дзе некалі вучыўся Кастусь Каліноўскі, ціхенька перайменавалі. Так, як заўсёды — ціха, бязь лішніх гукаў, была гімназія імя Каліноўскага (што й абсалютна зразумела — ён жа ж там вучыўся!), а цяпер — не. Ужо не Каліноўскага. Так ціха, што такое ўражаньне, што нешта пакралі. Як, напрыклад, помнік Ларысе Геніюш ці памятны знак у гонар таго самага паўстаньня ў Горадні — зьнік помнік, зьнік і памятны знак. Дзе падзеліся? Можа, пакраў хто? Бюракратычныя інстанцыі нічога адэкватнага ня кажуць. Пыкаюць-мыкаюць, спрабуюць неяк выкручвацца. Атрымліваецца ня вельмі.
Гімназія імя Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы. Фота: radzima.org
Што мы ведаем пра Каліноўскага
Раней пра Каліноўскага ў школе вучылі. Там яшчэ рэпрадукцыя была карціны Пётры Сергіевіча — Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году.
Карціна Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў», 1959
Але за савецкім часам гісторыю ў школе выкладалі дрэнна, таму асабліва мы нічога пра тое паўстаньне ня ведаем — ну, змагаліся там супраць цара, за што іх і пакаралі. Я надоечы бачыў здымкі з Маладэчні, з вуліцы Каліноўскага. Рэпартэр пытаецца ў жыхароў гэтае вуліцы: «А хто ж такі Кастусь Каліноўскі?». Большасьць сказала: «Пясацель нейкі». Карэспандэнт пытае: «Дык а паэт ці празаік?». «Скарэй усяго, празаік», — адказваў народ. А што, калі ў сталіцы правесьці такую акцыю на вуліцы імя легендарнага змагара, як вы думаеце, што адкажа сталічная публіка? А-а, прабачце, я забыўся, ніхто цяпер нічога такога там не наздымае. Бо толькі пачнеш здымаць, адразу прыедуць і завязуць куды належыць. І самі з табою здымуць сюжэт. Называецца — пакаяльнае відэа.
Не чапайце легендарнага паўстанца
Так мы цяпер любім Расею, што ня трэба нам нашых князёў, магнатаў, шляхты! Не патрэбныя нам яны! Як пачнеш корпацца з гэтымі ўсякімі Сапегамі-Радзівіламі, дык адразу нейкія там сувязі з Эўропай, заходнім сьветам. А ў нас цяпер вэктар супрацьлеглы — у бок Расеі! Таму ня трэба нам такая гісторыя, хай гэтых магнатаў забіраюць, хто хоча — Польшча, Літва, ня нашыя яны! Усіх забірайце, пакіньце толькі вайну і партызанаў. Гэта сьвятое.
Кастусь Каліноўскі
А з Каліноўскім вы ўсё ж такі паасьцярожней, спадарства, ой, даруйце, таварышы, ці як вас трэба называць? Паасьцярожней, бо гэта такая магутная постаць, што можа вас за гэтыя перайменаваньні і пакараць. Не баіцеся? Аднаго разу вунь перапахавалі парэшткі — і што пачалося! Каронавірус, рэвалюцыя, вайна. Так што лепей не чапайце вы легендарнага беларускага паўстанца! Кіньце дурное, бо сабе бяду на галаву наклічаце!
Лявон Вольскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Чаму варта шанаваць Каліноўскага? Разбураем міфы, створаныя прапагандай