Праект бабруйскай мастачкі Людмілы Кіслёнак па фармаце чымсьці нагадвае папулярны блукаючы скетчбук. “Адкрый Бабруйск” — гэта серыя гарадскіх малюнкаў, шэсць з якіх неўзабаве стануць паштоўкамі. Якім бачаць горад і чаго не заўважаюць жыхары Бабруйска, навошта маляваць роднае места і ў чым карысць мастацкай тэрапіі, budzma.org даведалася ў аўтара ініцыятывы.
Людміла Кіслёнак малюе сама і заахвочвае да малявання іншых. На яе заняткі ў студыі Art Line, што адбываюцца на прасторы вядомага ў Бабруйску тайм-клуба “1387”, прыходзяць тыя, хто праз мастацтва хоча перагледзець свой унутраны свет. Арт-тэрапія, упэўненая мастачка, здольная пазбавіць стрэсу, змяніць стаўленне да сябе і, не ў апошнюю чаргу, да свайго горада. Нездарма ў прапанаваным на Кірмашы ідэй праекце Людміла заклікала ўдзельнікаў маляваць горад — яго вуліцы, адметныя старонкі гісторыі, цікавыя будынкі ці малавядомыя месцы, на якія варта звярнуць увагу. “Неаднойчы мне даводзілася бачыць фотапаштоўкі з выявамі буйных беларускіх гарадоў, — кажа Людміла. — Але як мастачцы заўсёды хацелася больш маляванага. У мяне з’явілася ідэя далучыць гараджан да творчага працэсу. Я хацела, каб яны паказалі горад такім, якім яго бачаць. Сама б я намалявала Бабруйск у адным стылі, шмат людзей зрабілі яго разнастайным”.
Праект стартаваў улетку, калі надвор’е дазваляла праводзіць адкрытыя майстар-класы на вольным паветры. Дарэчы, першы занятак адбыўся на бабруйскай крэпасці — на прыкладзе тамтэйшых краявідаў і палігонаў Людміла рабіла паказальныя замалёўкі. Менавіта гэтым тлумачыцца вялікая колькасць малюнкаў з мясцовай цытадэллю. “Мы выходзілі на вуліцу і пачыналі маляваць разам, — працягвае Людміла. — Заканчвалі працу дома. Хто фарбамі, хто графічна, алоўкамі. І нават адзін і той жа аб’ект, намаляваны ў розных тэхніках і з розных ракурсаў, выглядаў па-іншаму”. Падчас наступных арт-шпацыраў мастачка звяртала ўвагу ўдзельнікаў на іншыя месцы горада. Так намаляванымі сталіся былая воданапорная вежа, а цяпер рэстаран “Чырвоная вежа”, гатэль “Бабруйск”, пажарнае дэпо на вуліцы Кастрычніцкай, Свята-Ільінская царква на Лукавай гары, Бабруйскі форт, сінагога на вуліцы Чангарскай, Порт-Артур, вядомы як купецкі гатэль, вуліца Сацыялістычная, альбо Сацыялка, якую гараджане выкарыстоўваюць як модны подыум і месца для праменаду, дом купчыхі Кацнэльсон. Згадалі гарадскі Дом культуры, домік на Камуністычнай, белую капліцу і падзеі войнаў 1812 і 1945-га. “На малюнках дамінавалі помнікі архітэктуры. Хоць я спадзявалася, што ў бабруйчан з горадам будзе больш абстрактных асацыяцый, з зефірам, напрыклад, — прызнаецца Людміла. — У гарадской свядомасці ўжо закладзены шэраг аб’ектаў, з якімі атаясамліваецца Бабруйск. З іншага боку, ёсць над чым працаваць. Асабіста мяне цікавяць утульныя бабруйскія дворыкі, старыя дамы. Пэўны час я збірала ліштвы, фатаграфуючы іх на дамах. Гэта цэлы пласт культуры. На жаль, іх цяпер часта здымаюць, а дамы абшываюць сайдынгам”.
Першы публічны паказ створаных гараджанамі малюнкаў адбыўся ў другой палове студзеня. Для выставы ў тайм-клубе адабралі 31 працу — не арыгіналы, але адсканаваныя ў фармаце А3 версіі малюнкаў. “Удзельнікі малявалі на аркушах рознага памеру, — тлумачыць Людміла. — Такім чынам мы ўпарадкавалі экспазіцыю. Выставу аформілі асаблівым чынам — усе малюнкі з паспарту размясцілі пад пластыкавым шклом”.
Згодна з праектам, з некалькіх дзясяткаў малюнкаў трэба было выбраць шэсць, якія неўзабаве набудуць фармат паштовак. Аддаць свой голас найбольш цікавым сюжэтам можна было адразу на выставе, дзе кожнаму наведніку выдавалася адпаведная колькасць стыкераў. А таксама ў рэжыме анлайн на часовай старонцы праекта, створанай спецыяльна для галасавання. Колькасць галасоў штодзень падлічвалася, але канчатковае рашэнне прымала журы. “У мяне былі сумненні наконт яго складу, — прызнаецца Людміла. — Бо ў праекце ўдзельнічалі не прафесійныя мастакі, а, хутчэй, аматары мастацтва — бабруйчане ва ўзросце ад 8 да 80 гадоў. І ацэньваць іх працу трэба было з розных бакоў, не толькі з гледжання тэхнікі і кампазіцыі малюнка. Далучыцца да журы я запрасіла людзей, неабыякавых да мастацтва, гісторыі і культуры Бабруйска”. Такім чынам, дапамагалі выбіраць малюнкі адна з стваральніц гарадскога Жаночага клуба, бізнес-лэдзі Юлія Саковіч, дызайнер і мастачка Настасся Дудаль, старшыня габрэйскай абшчыны Алег Красны. Дарэчы, на будынак бабруйскай сінагогі на вуліцы Чангарскай, на рэстаўрацыю якой габрэі Бабруйска збіраюць грошы, удзельнікі таксама звярнулі ўвагу.
Большасць галасоў атрымаў малюнак Змітра Мурашкі з выявай старога езуіцкага касцёла, што стаіць на тэрыторыі крэпасці. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе. Калі на крэпасці знаходзілася вайсковая частка, касцёл служыў гаўптвахтай. На жаль, цяпер святыня не дзейнічае. Аднак статус помніка архітэктуры і ўвага з боку гараджан, магчыма, зменяць сітуацыю. Гледачы і журы адзначылі працу Ірыны Трэбінай з Чырвонай вежай і замалёўкі любімага горада Настассі Барцэвіч. Паштоўкамі стануць дом купчыхі Кацнэльсон Людмілы Кіслёнак, рэдзюіт пятага палігона Бабруйскай крэпасці Руслана Гайдукова і мясцовы Арбат — вуліца Сацыялістычная Людмілы Дабравольскай. “У праекце няма пераможцаў, — акцэнтуе Людміла. — Сюжэты адбіралі такім чынам, каб калекцыя паштовак атрымалася разнастайнай і ўтрымлівала галоўныя архітэктурныя адметнасці Бабруйска. Астатнія малюнкі, не менш важныя і цікавыя, мы скарыстаем у іншых ініцыятывах — яны могуць быць паўнавартаснымі ілюстрацыямі календара ці даведніка па Бабруйску”.
6 абраных гледачамі і журы малюнкаў зменшацца да фармату паштовак, што будуць надрукаваныя накладам 2400 асобнікаў. “Гэта не камерцыйны праект, — кажа Людміла. — Таму паштоўкі будуць распаўсюджвацца бясплатна. Выніковую прэзентацыю праекта я планую правесці падчас акцыі “Бабруйск — мая любоў”, у межах якой паштоўкі можна будзе падпісаць і адправіць родным і сябрам. А ўвогуле паштоўкі будуць прыемным падарункам для наведнікаў бабруйскіх кавярань, гандлёвых цэнтраў, бібліятэкі, дзе я рабіла прэзентацыю будучага праекта”. Не выключана, што паштоўкі стануць часткай іншых, больш буйных, у тым ліку і краўдфандынгавых кампаній. Напрыклад, у якасці падарунка.
Мастацкі праект “Адкрый Бабруйск”, без сумневу, выклікаў цікавасць сярод бабруйчан, якія ахвотна ўзяліся за пэндзлі і алоўкі. Магчыма, ён стане пачаткам шэрагу наступных мастацкіх праектаў аб Бабруйску. “Горад варта маляваць, каб паглядзець на звычныя аб’екты па-новаму, з іншага ракурсу”, — упэўненая Людміла.
Яна Шыдлоўская