Людміла Рублеўская і Юры Несцярэнка выступілі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце

21 кастрычніка 2015 студэнты факультэтаў інфармацыйных тэхналогій і лясной гаспадаркі БДТУ прыйшлі на сустрэчу з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў Людмілай Рублеўскай і Юрыем Несцярэнкам. Мерапрыемства было арганізаванае ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Людміла Рублеўская і Юры Несцярэнка

Людміла Рублеўская – паэтэса, празаік, журналіст. Аўтар шматлікіх кніг прозы і паэзіі, сярод якіх «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік—Пік» (2000), аповесцей «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), трылогіі «Авантуры Пранціша Вырвіча» (2012—2014), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і іншых.

Юры Несцярэнка

Юры Несцярэнка – беларускі аўтар і выканаўца, гітарыст і вакаліст, пісьменнік і перакладчык, стваральнік музычных гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”. Удзельнік шматлікіх айчынных і замежных фестываляў. Аўтар кнігі “Звычайны шоу-бізнес” (2015).

Творчы тандэм прэзентаваў свае новыя кнігі, якія пабачылі свет у выдавецтве “Кнігазбор”: Людміла Рублеўская — З’яўленне Інфанты”, а Юры Несцярэнка — “Звычайны шоў-бізнес”.

Трэба адзначыць, што аўдыторыя была падрыхтаваная да сустрэчы. На працягу ўсёй імпрэзы задаваліся пытанні, адчувалася шчырая цікавасць да творчасці гасцей. Узнімаліся тэмы асобы аўтара ў творчым працэсе, ролі сучаснага мастацтва ў нашым жыцці. Маладых людзей цікавілі таямніцы творчага працэса. Было заўважна, што многія студэнты, з тых, хто прыйшлі на сустрэчу, спрабуюць сябе ў літаратуры, таму і пытанні, і адказы былі цікавымі і нестандартнымі.

Лепшыя ўдзельнікі віктарыны атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.