Вашай увазе новы праект кампаніі “Будзьма беларусамі!” “Жывая гісторыя”. Партнёр праекта сайт abw.by.
“Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха. Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай…”
Мармычучы радкі Уладзіміра Караткевіча, небагаты, але добрага роду дваранін па імені Зміцер Навіцкі разам з фатографам Глебам Малафеевым асядлаў жалезнага каня – і паехаў па гарадах і мястэчках нашага вялікага княства. На жаль, не каб напіцца і п’яным з кручы ў Дняпро скакаць – а каб расказаць шаноўнаму панству пра магдэбургскае права. І пра тое, што ад яго засталося…
– Магдэбургскае права – гэта права гарадоў на самакіраванне, якое прыйшло да нас з Захаду. Вядома ж, з горада Магдэбурга – расказвае перад вандроўкай навуковец Захар Шыбека. – Магдэбургскае права – гэта прыкмета еўрапейскай цывілізацыі, якая канчалася за нашым Дняпром: на тэрыторыі сучаснай Расіі магдэбургскага права не было, за выключэннем Смаленскіх і Ноўгарад-Северскіх земляў. Там, дзе канчалася магдэбургскае права – там і канчалася Еўропа. Таму нашыя гарады і мястэчкі выглядаюць як еўрапейскія: плошча, а ў цэнтры ратуша.
Які сэнс даваць гораду самакіраванне? Прычына перш за ўсе эканамічная: горад вельмі хутка набіраў моц, жыхары багацелі. Як толькі ўзнікала самакіраванне, горад атрымліваў вельмі моцны штуршок да развіцця…
Дарэчы, і Менск атрымаў магдэбургскае права сярод іншых прычын і таму, што маскоўскія войскі захапілі Ноўгарад. Гэта змяніла гандлёвыя шляхі, і для тагачасных бізнэсмэнаў пачалі вялікую ролю іграць Менск і Полацк. Яны сталі своеасаблівымі бізнэс-сіці, як сучасныя Лондан ці Нью-Ёрк. Менск і Полацк знаходзіліся на тагачасных аўтабанах – рэках. Па іх цякла не толькі вада, але і тавары, якія перавозілі купцы. А разам з імі цяклі грошы ў кішэні гараджан…
Цяпер Менск, можа, і не Лондан-сіці. А па нашай Тэмзе акрамя смецця нічога не цячэ – але прайсціся па вуліцы Маркеса вельмі прыемна. Сесці ў карчме з назвай “Грунвальд”, выпіць кавы – і рушыць у дарогу.
Квітнее, будуецца наш бедны горад Мінск. Грошай ні ў кога няма, але па вуліцах сноўдаюць шыкоўныя аўтамабілі, а новыя хмарачосы свідруюць дахамі дзіркі ў небе. І без магдэбургскага права Мінск расце, “уплотняется” маскоўскай забудовай, упрыгожваецца азіяцкімі цацкамі новых будынкаў.
З такімі думкамі, пакінуўшы за спіной сталіцу, атрад з дазволенай хуткасцю 120 км у гадзіну крочыць у бок Брэста. Першага горада, які атрымаў магдэбургскае права на Беларусі.
Першы прыпынак – у мястэчку Стоўбцы ў абдымках бацькі-Нёмана. Робім невялікі праменад у пошуках карчмы – а вось і яна, доўга шукаць не давялося. Каб вандроўнік не заблукаў і не памыліўся, на “Привал рыцаря” паказвае рукой савецкі правадыр бацька-Ленін.
– Магдэбургскае права ў Стоўбцах? – Так-так, адразу загаманіла, узнялася мясцовая шляхта. Адсунутыя прэч куфлі піва, вочы гараць – нам расказваюць, што да чаго.
– Раней жа мястэчка было буйным портам, месцам гандлю. Нават назва «Стоўбцы» – ад «стаўбцоў», да якіх прывязвалі ладдзі з таварам. Таму і набылі нашыя продкі магдэбургскае права. Гандлявалі, багацелі…
– А цяпер што? Толькі куфлі з півам куляеце?
Мы такія смелыя, таму што ведаем: нам не дадуць па карку. Дуэлі ў нашым княстве здараліся рэдка. Гэта на ўсходзе, у Масковіі, як што – адразу дуэль. Ці поўху зарадзяць у галаву. ВКЛ у Сярэднявеччы – як сучасныя Злучаныя Штаты. Усе справы вырашаліся ў судзе. Абразіў цябе лаянкай чалавек – а ты яму не ў пысу, а ў суд. А далей ужо суддзя вырашае, як вам разысціся. Дарэчы, і шляхты, арыстакратаў у ВКЛ было больш, чым у любой еўрапейскай краіне: 10% ад усяго насельніцтва.
Таму паціснулі стаўбцоўскай шляхце рукі, далей едзем.
Сцішэлі Стоўбцы: Нёман даўно не бачыў ладдзі бізнэсмэна, абмялеў, а разам з ім і гэтае мястэчка…
Нясвіж сустракае цішынёй: няма варты на брамах, няма гарадскога мура. Ніхто не бярэ платы за ўезд у горад.
– Раней за ўваход у горад бралі плату – расказвае экскурсавод у гарадской ратушы. Цяпер плату ў Нясвіжы бяруць толькі за наведванне музеяў. Ратуша таксама стала адным з іх. Але адразу пасля ўваходу дрыжыкі бяруць: тут адбываўся гарадскі суд, на першым паверсе была турма.
– Ратуша – «сэрца» магдэбургскага горада. Тут адбываліся суды і сходы гараджан, на якіх вырашаліся ўсе гарадскія справы. А пакаранні за злачынствы былі самыя розныя. Напрыклад, калі б вы абразілі стаўбцоўскіх хлопцаў, вас бы прымусілі залезці пад лаву і адтуль гаўкаць. Таму што вы гаўкалі, як сабака… Гэта ўсё было прапісана ў нормах магдэбургскага права. Пад аповед экскурсавода ходзім па вялікіх залах.
– Правы чалавека? Тагачасная Беларусь была самай прагрэсіўнай краінай у Еўропе: у ёй абараняліся нават правы жанчын. Чаго не было ў еўрапейскіх краінах.
У задуменнасці ездзім па Нясвіжы. Калісьці яго называлі «маленькі Парыж» – у горадзе было шмат цэркваў, тэатр, калегіум. А цяпер ад Нясвіжа застаўся толькі прывід: маленькі, утульны горад. Але…
– Усе з яго бягуць – расказвае прыгожая паненка, якая, не пабаяўшыся барадатых шляхцюкоў, ускочыла ў нашу брычку. – Што тут рабіць? Сумна – і людзей цікавых мала…
З гэтым можна паспрачацца: каля «начніка» «Дары прыроды» мы заўважылі некалькі цікавых постацей, з якімі можна было б разам скакануць з кручы ў Дняпро. Але наша прыгажуня параіла нам лепш ехаць у замак. Князя пакуль няма, у ад’ездзе – можна выпіць крамбамбулі ў яго рэстаране, пазнаёміцца з бамондам.
Кажуць, кухар у Радзівіла добры, кошты невялікія – тупаем да замка. Палац пасля пажару адрамантавалі выдатна: паўсюль прыгожы кітайскі пластык, шкло. Шкада, ліфт не ўсунулі, як у Мірскім замку – пэўна, не хапіла грошай. А то б пакаталіся, падзівіліся б на заморскае цуда.
– А цяпер – гарбаты! А цяпер – гарбаты! – такім рыканнем сустрэла нас мясцовая шляхта. Сумеўшыся, мы на ўсялякі выпадак прадэманстравалі чорны слуцкі пояс па каратэ. Але выкарыстоўваць веды не давялося: прыйшлі на дапамогу жанчыны.
– Ціха, ціха, вы ж у прылічным месцы, а не ў «Чабарку», – пачалі яны супакойваць дзецюкоў.
Супакоіліся і мы – і за кілішкам палескага Кабернэ 1986 года пачалі абмяркоўваць далейшы план. За акном барвянее захад, разам з начным марозам у небе з’явілася поўня: прыгажосць, амаль што заграніца. Забыўшыся, нават пытаем у афіцыянта.
– Do you speak English?
– Га? Yes, sure!
Парыж… Нясвіж, прабачце.
Ваўка ногі кормяць, валацугу-рыцара таксама. Таму крочым у Пружаны. Там і заначавалі.
А раніцай – каго толькі не сустрэнеш у нашым вялікім княстве! – паснедалі з натуральнымі афрыканцамі, якія кінулі сваю Радзіму на карысць нашай Беларусі. Вырашылі жыць і працаваць у Пружанах. Але аб гэтым – у другой частцы.
Чакайце працягу!
Зміцер Навіцкі, Фота Глеб Малафееў.