Алесь Кіркевіч на budzma.by разважае пра сённяшні выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі.
Што вам запомнілася з прэзідэнцкага паслання? Напэўна, фішачкі пра «мясіць месаніну», «пупавіна зарытая», «Шэйман з пісталетам», усе спачатку спяць, а пасля падрываюцца і пляскаюць у ладкі (асабліва Качанава з Марзалюком). А можа, яшчэ нешта?..
Шмат хто з маіх сяброў наогул не верыў, што пасланне будзе: нават на піва спрачаліся. Маўляў, са здароўем у таварыша ўсё дрэнна: катэтар, задышка, перанос мерапрыемства на дзень і г. д. У найлепшым выпадку будзе спіч з бункера ці галаграма (як Пітэр Вэйланд у «Праметэі» Рыдлі Скота). А можа, і зусім адменяць... А вось і не — выйшаў і прамовіў. Дакладней, часткова прачытаў, часткова эмацыйна сказаў ад сябе, класіка.
Імаверна, яму было цяжка трымацца. Мінімум буйных планаў па ТБ, пара момантаў з сурвэткай, якой лідар выцірае пот або грым, але ў асноўным — карцінка залы. Сонныя твары, усяго некалькі наездаў камеры на нататнікі, у якія чыноўнікі складалі мудрыя думкі правадыра. Пасля рэзкі сыход ды авацыі. Не хапіла заслоны, якая б схавала сцэну ад гледачоў, якія паўскоквалі з крэслаў.
Моладзь у ланцугах і АМАПаўцы — усе свае
З цікавага, што кінулася ў вочы. Разважаючы пра моладзь, лідар паспрабаваў склеіць тое, што склейваць з кожным днём усё цяжэй: хлопцаў і дзяўчат, якія стаяць у ланцугах салідарнасці, і маладых АМАПаўцаў. Маўляў, усе «нашыя», якія б ні былі. Параўнайце з тым, што было раней: з аднаго боку маналітны «народ», з іншага — купка «адмарозкаў». Цяпер па-іншаму: усе «народ», усе свае, проста некаторыя заблыталіся.
Чытайце таксама: «Ці можа Ланцэлот перамагчы Дракона?»
Чаму так? Відаць, прэзідэнту ўсё ж дакладаюць пра сапраўдны ўзровень ягонай падтрымкі ды колькасныя паказчыкі мітынгаў апанентаў. Ён усё ведае. Таму спрабуе гуляцца, маўляў, навошта сварыцца? Галоўнае — краіну не страціць. Падобныя ноткі пра «ўсіх сваіх» апошні раз гучалі падчас сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва завода ў Берасці. Там таксама была спроба ўключыць харызму, пагушкаць і закалыхаць апанентаў. Пасыл ад «бацькі нацыі»: вы ўсе мае дзеці, што б пра мяне ні думалі і ні казалі.
Як баевікі жніву замінаюць
«Месяць месіва», правакуюць страшныя закалоты і заклікаюць да вайны толькі аўтары тэлеграм-каналаў ды замежныя лялькаводы. Хто, адкуль, з-за якіх межаў? Маўчанне. Зноў жа, параўнаем з былымі часамі: «фальшыўка, зробленая ў Польшчы», «баевікі з Украіны», «Амерыка», «Літва» і г. д. Ворагі ды іх палітычна-геаграфічная прыналежнасць усё ж такі акрэсліваліся. Чаму сёння па-іншаму?
Відаць, уголас крытыкаваць Расію дзейны лідар не асмельваецца. Асабліва пасля гісторыі з «вагнераўцамі», калі Крэмль запатрабаваў тлумачэнні і доказную базу па сваіх грамадзянах. Яшчэ раз публічна біць у балючае месца, якая ніяк не зажыве, ды яшчэ за пару дзён да выбараў, відаць, не з рукі. Нават пра баевікоў лідар кажа неяк паблажліва, без нянавісці.
«Вятры не з таго боку»: збыліся мары нацыяналістаў?
Заўважце, нашмат больш у мінулыя гады даставалася ягоным апанентам, грамадзянам Беларусі, якія гойсалі па Мінску са сцягамі і плакатамі. А тут прыехалі сапраўдныя снайперы з падрыўнікамі, хацелі кроў праліваць, а размова пра іх — нібы пра суседскага сабаку, які гарод патаптаў ды курэй напужаў. Не біць жа яго, валацугу, праўда? Галоўная прэтэнзія да групы баевікоў, якая нібыта яшчэ хаваецца на поўдні краіны, — гэта тое, што яны замінаюць жніву... Не батальнае палатно, а пастаральная камедыя.
Магічнае люстэрка
Вядома, усе гэтыя мантры пра заробкі, новыя масты, ІТ-сферу — усяго толькі рамка для карціны. Не ўяўляю сабе айцішніка або дробнага бізнесмена, які б паглядзеў, паслухаў і натхніўся. Галоўны пасыл — да вертыкалі, да чыноўнікаў. Да тых, каго пусцілі ў залу, або тых, хто разлічвае, што пусцяць наступным разам. Уся гэтая прэтарыянская гвардыя мае зразумець, што дарогі назад, управа ці ўлева, няма. Адсюль і флэшбэкі пра 90-я, хто і калі хадзіў з пісталетам. Маўляў, я не святы, але і вы не анёлы. І калі што, усіх знойдуць, усё таемнае выплыве на свет божы. Куды вам бегчы?..
А яшчэ мне вельмі спадабаўся пасаж пра люстэрка. Магічны пасаж. Маўляў, няма чаго ганіць чыноўнікаў, бо чыноўнікі — гэта люстэрка народа. Магчыма, толькі мне так падалося, але гарант хацеў сказаць наступнае: я — гэта ваша люстэрка. Думаеце, гэта я ва ўсім вінаваты? Гэта мяне пры дрэнным раскладзе будуць шукаць ды судзіць?.. Не-е-е, даражэнькія, бо я — гэта вы. А вы — гэта я. Калі я поўны сілаў — у вас ёсць усё. Калі мне цяжка трымацца каля трыбуны — вы засынаеце ў зале. Калі мяне не стане... то і зала апусцее. А каму вы без мяне патрэбныя?
Чытайце таксама: Exodus-2020. Напярэдадні
Памятаеце легенду пра пана Твардоўскага і ягонае магічнае люстэрка? Чарнакніжнік Твардоўскі выклікаў праз яго прывідаў, але дакранацца да іх было нельга: Жыгімонт Аўгуст кінуўся да прывіду Барбары Радзівіл, і тая знікла. Дык вось, у нашым прачытанні п’есы калектыўны Жыгімонт, які выклікае духа, — гэта вертыкаль. Барбара — сам гарант. Але калі да яе дакрануцца хоць пальцам, то знікне не толькі вобраз, але і сам кароль, і сцэна, і ўся краіна. Дык хто тут смелы, каб рызыкнуць?..
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!