Не так даўно мне давялося пагаварыць пра гісторыю з цікавым чалавекам, які сказаў прыкладна наступнае: “Белоруссия никогда не была самостоятельным государством, всегда ею правили внешние силы”. Давялося пагадзіцца: Беларусія, можа, і сапраўды не была самастойнай, а вось Рэспубліка Беларусь і іншыя дзяржаўныя ўтварэнні, якія ёй папярэднічалі, – былі. А падыход, калі чалавек лічыць, што яго краіна – нуль без палачкі, – ад элементарнага няведання гісторыі. І тут я не пра гістарычную навуку нават, а пра просты базавы школьны курс. Акрамя школы, праўда, фармуе свядомасць і мясцовасць, у якой жывеш ці бываеш.
Кожнае лета з самага дзяцінства мне, як і большасці малых жыхароў Мінска, даводзілася прыязджаць у вёску да бабулі. Населены пункт, дзе я праводзіў вакацыі, меў даволі экзатычна-непрыгожую назву – Магільна. Я і цяпер часам бачу здзіўлены выраз твару ў людзей, калі распавядаю пра месца, куды езджу. “Куды ездзіш? У Магільна? Што за назва такая? Хто яе прыдумаў?” – звычайны набор пытанняў у цікаўных. Прыкладна тое ж, відаць, думалі савецкія чыноўнікі, калі ў 1979 годзе перайменавалі гэтую вёску ў Нёман. Мясцовыя жыхары, у сваю чаргу, узялі ў 1991 годзе рэванш і вярнулі стары назоў, якім вельмі ганарацца.
Справа ў тым, што менавіта тут у 1235 годзе адбылася паўміфічная бітва паміж войскам літоўскага князя Рынгальда і паўднёварускімі князямі, якія ішлі вайной на Наваградак. Рынгольд – легендарны літоўскі князь, які нібыта быў бацькам заснавальніка Вялікага Княства і збіральніка літоўскіх земляў Міндоўга. Менавіта дзякуючы гэтай бітве вёска і займела свой “страшны” назоў. У “Хроніцы Быхаўца” знаходзім згадку:
“…И сговорились между собой князья русские… Святослав Киевский и Лев Владимирский, и Дмитрий Друцкий… И взяли те князья русские на помощь себе от царя Заволжского несколько тысяч татар. И князь великий Рынгольт встретил их на реке Немане у Могильно и был с ними бой лютый, и бились между собой очень крепко, начав рано утром и до самого вечера. И помог бог великому князю Рынгольту, который разгромил князей русских и всю силу их и орду татарскую наголову, и сам, одержав победу с большим веселием, добыв золото и серебро и много сокровищ, возвратился восвояси и жил много лет в Новогрудке и умер, а после себя оставил на Новогрудское княжение своего сына Миндовга”.
Як заўжды бывае ў такіх выпадках, войска захопнікаў было ў колькі разоў большым за літоўскае. Але лучнікі Рынгальда з берага расстралялі варожае войска, якое так і не здолела разгарнуцца. Затым ужо проста дабівалі тых, хто ацалеў ад стрэлаў. Шмат прыхадняў было забіта, некаторыя трапілі ў палон: паводле летапісаў літоўцы паклалі сорак тысяч ворагаў, страціўшы пры гэтым ўсяго семсот сваіх ваяроў. Зразумела, што гэтыя лічбы значна завышаныя ў пазнейшы час.
Некаторыя даследчыкі ставяць пад сумнеў праўдзівасць гэтай бітвы, якой нібыта і не было насамрэч, а існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў ёй, іншымі крыніцамі не пацвярджаецца. Існуе меркаванне, што яе прыдумалі для праслаўлення літоўскіх князёў летапісцы ў пазнейшы час. Іншыя ж перасоўваюць яе на пазнейшы час – у 1284 год, калі літоўцы сутыкнуліся ўжо з татарскай навалай. Так ці іначай, большасць упэўненая ў тым, што бітва ўсё ж была, бо нашым продкам у любым выпадку даводзілася абараняць свае землі ад няпрошаных гасцей.
Магільнянская бітва натхняла творцаў. У Яна Чачота у “Спевах пра даўніх ліцвінаў да 1434 года” можна знайсці такія радкі:
Час успомніць нам Рынгольта
Альгімунта сына,
За якім славутай стала
Наша ўся краіна.
Зайздрасць, ведама, заўсёды
Бачыць толькі крыва.
Пазайздросцілі Літве ўсе,
Што жыве шчасліва.
Выйшаў з Кіева са зброяй
Святаслаў той горды,
З ім Леў, Дзмітрый , а таксама
Курдасовы орды.
Ды Рынгольт іх стрэў на Нёмне,
Дзе падходзіць Дзітва ,
І ўсчалася ўмомант з тымі
Прыхаднямі бітва.
Кроў цякла ракой, ды йшла там
Зноў на сілу сіла.
Дзень сканаў – Літва ў той сечы
Ворага разбіла.
Бітвы той сляды ля Нёмна:
Сыпаныя шчыльна
Курганы. Ды вёскі імя
Даўняе – Магільна.
Вацлаў Ластоўскі ў 1916 годзе напісаў артыкул “Бітва каля Магільны”, у якім таксама згадаў пра гэтую паўміфічную падзею, праўда, памыліўшыся ў вызначэнні варагуючых бакоў: “Сыны i ўнукi Усяслава раздзялiлi беларускую зямлю на часцi. I стала ў Беларусi замест аднаго многа князёў i княстваў. Князi памiж сабой заўсёды сварылiся i ваявалi. Ад раздзелаў i сварак абяссiлiла i абяднела Беларусь, ворагi нападалi на яе i грабiлi. Цяжка стала жыць нашым прадзедам. Адны з княстваў пачалi шукаць выхаду з гэтага цяжкага палажэння i дабравольна далучылiся да ўзрастаючага ў моц Лiтоўскага княства. Iншыя хацелi вярнуць даўнюю славу сваёй Бацькаўшчыне i, злучыўшыся, выступiлi процiў лiтвiноў са сваiм войскам. Войскi сустрэлiся над Нёманам, каля вёскi Магiльны, дзе лiтоўскi князь Рынгольд разбiў беларускiх князёў i загарнуў пад Лiтву ўсю беларускую зямлю. З гэтай пары беларусы пачалi жыць разам з лiтвiнамi ў адным супольным княстве”. Тым не менш Ластоўскі не памыліўся з тэндэнцыяй, якая пачала назірацца ў той час – беларускія землі пакрысе пачынаюць збірацца ў адну дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае.
Цяпер ужо не так і істотна, што і як адбывалася ў тыя далёкія часы насамрэч, галоўнае, што на шмат стагоддзяў наперад у свядомасці людзей, якія жылі ў той мясцовасці быў закладзены “пераможны” ген. І калі цяпер спытаць у якога-небудзь магільняніна, то абсалютна любы вам раскажа пра тую даўнюю бітву, у якой “нашы” перамаглі “нянашых”. Менавіта таму на прамінулых выходных мясцовыя жыхары адзначылі яе 780-годдзе. Памятаюць пра сваіх далёкіх продкаў, якія, здабыўшы перамогу ў сечы, разводзілі вялікія вогнішчы на стромым беразе Нёмана.
Канстанцін Касяк