У Мінску прайшоў двухдзённы трэнінг “Уключэнне НДА ў працэсы прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні: досвед Украіны і Беларусі”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
“Калі кампанія “Будзьма беларусамі!” толькі пачыналася, мы вырашылі, што яе падмуркам стануць нашыя гісторыка-культурныя асаблівасці, якія робяць нас адметнымі і даюць магчымасць захаваць незалежнасць краіны, — кажа каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская. — Мы ладзілі шматлікія культурныя мерапрыемствы, каб навучыць неабыякавых грамадзянаў выходзіць на публіку, і плён ад гэтага ёсць — усё болей і болей грамадскіх ініцыятыў і праектаў з’яўляецца па ўсёй краіне. Так паўстала кампанія “Разам да справы”, якая аб’ядноўвае беларусаў, што хочуць быць карыснымі для свайго рэгіёна”.
Сёлета на трэнінг было вырашана запрасіць грамадзян Украіны, адмыслоўцаў у сферы мясцовай дэмакратыі, каб даведацца, а можа, і пераняць украінскі досвед супрацы з уладамі.
“Інструменты для супрацы грамадства і органаў улады пачалі з’яўляцца ва Украіне ў 1980-я гады, напрыклад, пасля катастрофы ў Чарнобылі актывізаваўся экалагічны рух”, — кажа загадчыца аддзела камунікацыі з грамадскасцю сакратарыята Кабінета міністраў Украіны Наталля Окша, якая не змагла прыехаць у Мінск, але правяла невялікі майстар-клас па скайпе.
У 90-я гады ва Украіне з’явіліся грамадскія саветы, якія ў пачатку нулявых гадоў сталі інстытуцыяй.
Такім чынам, у прамежку з 2004 па 2011 гг. ва Украіне з’яўляецца цэлы шэраг інструментаў супрацы грамадства з уладамі. Тады ж з’яўляюцца некалькі законаў, якія значна спрашчаюць магчымасць абароны інтарэсаў грамадзян.
“Штомесяц у краіне праводзіцца каля 150 кансультацый з грамадскасцю, — кажа спадарыня Наталля, — аднак кансультацыі гэтыя вельмі адрозніваюцца па якасці, і бывае такое, што праводзяцца яны на ўзроўні рэдакцыйных правак у тым ці іншым дакуменце, хаця мусяць адбывацца яшчэ на моманце вызначэння праблематыкі”.
“Часам нам даводзіцца нагадваць чыноўнікам, што яны таксама грамадзяне гэтай краіны, і кожны прыняты дакумент будзе датычыцца іх у тым ліку”, — кажа спадарыня Наталля.
“Вось ужо тры гады, як ва Украіне правялі рэформу дэцэнтралізацыі, і цяпер мы назіраем другую хвалю развіцця мясцовай дэмакратыі, — кажа Максім Лукінюк, трэнер праекта “Грамадзяне ў дзеянні”, адвокасі-менеджар па пытаннях мясцовай дэмакратыі Украінскага незалежнага цэнтра палітычных даследаванняў. — Сёння мы маем восем інструментаў супрацы з улады: мясцовыя рэферэндумы, мясцовыя ініцыятывы, справаздачнасць мясцовага кіраўніцтва перад жыхарамі і гэтак далей”.
Асаблівасць украінскай палітычнай сістэмы палягае ў тым, што часам мэр таго ці іншага горада, дэпутаты і выканкам прадстаўляюць розныя палітычныя плыні, што перашкаджае грамадзянскай супольнасці эфектыўней супрацоўнічаць з імі, улічваючы што “поўнай улады” ні мэр, ні дэпутаты не маюць”.
Каго ж цяпер ва Украіне можна назваць актыўнай часткай грамадства? Гэта студэнты і моладзь, сярэдні клас, а таксама прафесійныя супольнасці. У Крывым Рогу і Вінніцы актывісты настолькі добра ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, што да іх па кансультацыю пачынаюць звяртацца іншыя актывісты.
“Каб улады не прымалі некарысныя для грамадства дакументы, мы імкнёмся прапанаваць ім уласную альтэрнатыву”, — кажа спадар Максім
Мясцовая ініцыятыва стала важнай часткай грамадскага жыцця: дабудаваць недабудаваны спарткомплекс, замяніць асфальт і гэтак далей — дэпутаты прымаюць прапановы грамадзян, бо тое выгадна: палітыкі набіраюць рэйтынг і аўтарытэт, жыхары дабіваюцца чаго хацелі.
“Цяпер папулярнасць набіраюць публічныя кансультацыі — горад вывешвае тую ці іншую прапанову на сайце, і пачынаецца вывучэнне грамадскага меркавання, праводзяцца грамадскія слуханні. Добры прыклад у Чарнаўцах: улады вырашылі, што назва “Жовтневий (Кастрычніцкі) парк” падпадае пад закон аб дэкамунізацыі, аднак грамадскасць згуртавалася, даказваючы, што да Кастрычніцкай рэвалюцыі назва парка не мае дачынення, і назву пакінулі (хоць улады і прапанавалі пяць альтэрнатыўных варыянтаў).
Апроч грамадскай экспертызы (калі грамадскія арганізацыі выносяць уладам прапанову, якая мусіць быць улічаная падчас прыняцця рашэнняў), грамадскіх саветаў Украіна мае такі цікавы інструмент працы, як грамадскі бюджэт.
“Гэта можа быць цудоўным прыкладам для Беларусі, які мясцовыя улады маглі б пераняць, — кажа спадар Максім. — Гарадскі савет мае бюджэт, уявім, што гэта 70 мільёнаў грыўняў, з якіх, напрыклад, сем выдзяляюць пад грамадскі бюджэт. На што гэтыя грошы пойдуць, вырашаюць самі жыхары горада. Цяпер сярод украінскіх мэраў нават існуе спаборніцтва — у каго гэты грамадскі бюджэт большы”.
Жыхар горада стварае праект, які пасля аналізуе адпаведны дэпартамент выканкама, пасля экспертны савет высоўвае праекты на галасаванне, праз якое вызначаюцца праекты-пераможцы.
“Важна зразумець, што не ўсе праекты могуць удзельнічаць у галасаванні, бюджэт выдаецца на паляпшэнне горада, а не на закрыццё “бюджэтнай дзіркі” і недапрацоўкі ўладаў”, — кажа спадар Лукінюк.
Экспертны савет дапамагае вызначыць найбольш важныя праекты, але і аўтар праекта можа перарабіць яго і падаць яшчэ раз ці скарыстацца апеляцыйным правам.
Да таго ж нашыя паўднёвыя суседзі ствараюць індэкс дэмакратычнасці гарадоў — своеасаблівы аналіз мясцовай дэмакратыі.
“Па выніках самымі папулярнымі інструментамі мясцовай дэмакратыі за апошнія гады сталі: вышэйзгаданы грамадскі бюджэт, электронныя петыцыі, грамадскія слуханні і мясцовыя ініцыятывы”, — кажа спадар Максім.
Да таго ж ва Украіне актыўна развіваецца сацыяльна адказны бізнес.
“Добры прыклад — праект Urban Space 100 з Івана-Франкоўска: два неабыякавыя хлопцы адкрылі рэстарацыю, на якую сто інвестараў на беззваротнай аснове выдалі па 1000 даляраў, цяпер 80 адсоткаў прыбытку рэстарацыі ідзе на рэалізацыю гарадскіх праектаў, сто інвестараў вырашаюць, што менавіта фінансаваць. Ці вядомы праект Ukrainer, які сабраў больш як мільён грыўняў. І такіх прыкладаў шмат”.
Зразумела, не ўсе інструменты мясцовай дэмакратыі ва Украіне працуюць аднолькава паспяхова, але досвед нашых суседзяў можа стаць вельмі карысным для Беларусі, бо нам часцяком даводзіцца будаваць “стасункі” з мясцовымі ўладамі ледзь не з нуля.
Юрась Ускоў