Выстава да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Выстава пройдзе ў зале беларускай літаратуры з 18 кастрычніка па 3 снежня.



Стваральнікі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”: Язэп Пушча, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч. Фота: nlb.by

Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» было створана пры аднайменным часопісе, які выдаваўся ў Мінску. Яго заснавальнікамі сталі пісьменнікі М. Чарот, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, А. Вольны.

У хуткім часе былі створаны філіялы «Маладняка» у Віцебску, Полацку, Магілёве, Оршы, Бабруйску, таксама за межамі Беларусі – у Маскве, Рызе, Ленінградзе, Празе. Праект прайшоў складаны шлях: ад гуртка з шасці чалавек да Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». У1925 годзе яно налічвала больш за 300 чалавек.

Экспазіцыя, па словах арганізатараў, знаёміць з шырокім колам як асобных выданняў твораў маладнякоўцаў 20-х – 30-х гадоў, так і з іх часопіснымі публікацыямі. Побач з тагачаснымі прадстаўлены сучасныя выданні, у тым ліку ў серыях «Залатая бібліятэка беларускай літаратуры», «Бібліятэка беларускай прозы» і інш. Аб дзейнасці арганізацыі, жыццёвым і творчым лёсе яе ўдзельнікаў расказваюць матэрыялы раздзела ««Маладняк» у беларускім літаратуразнаўстве: учора і сёння».

«Маладняк» ведаў узлёты і падзенні, меў свае выйгрышы і страты, заўсёды быў у пошуках творчых адкрыццяў. Не ўсе літаратурныя творы вытрымалі праверку часам, але ўжо сёння цалкам відавочна, што шлях маладой беларускай літаратуры да мастацтва шмат у чым быў шляхам «Маладняка», – распавядаюць арганізатары мерапрыемства.

Таксама праз віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» можна глыбей пазнаёміцца з літаратурным аб’яднаннем, гісторыяй яго стварэння і дзейнасці, унікальнымі фотаздымкамі маладнякоўцаў, іх выданнямі і інш.