Мінкульт РБ загаварыў пра рэстытуцыю — вяртанне ў Беларусь скарбаў, вывезеных у гады Другой сусветнай вайны, ды й не толькі. Пра тое, што было ў Беларусі, а зараз — на Захадзе. Гучыць нібы справядліва, а па факце — абсурд.Першы намеснік міністра культуры Шляхцін згадаў перадваенныя зборы беларускіх музеяў, бібліятэк, а найперш — Арсенал Радзівілаў у Нясвіжы. Усё яно, маўляў, вывезена ў гады вайны кудысьці на Захад — і там дасюль ляжыць. «Незаконна» ляжыць.
У вачах абывацеля ўсё выглядае «лагічна». Маўляў, перад вайной музеі БССР мелі раскошныя зборы. Прыйшлі нацысты — і ўсё вывезлі. А нам засталося нейкае смецце. Дзякуй Маскве і Пецярбургу, якія пасля вайны дапамаглі ў аднаўленні калекцый. Нізкі паклон! А як насамрэч?
Вялікая частка раскошных радзівілаўскіх мілітары-калекцый зараз сапраўды знаходзіцца на Захадзе. У Філадэльфіі, Дрэздэне, Лондане, Парыжы, Нью-Ёрку... Нацысты вывезлі? Зусім не. Пра тое, чаму так сталася, я некалі пісаў артыкул.
Коратка: у 1920-х ардынат палаца Альбрэхт Радзівіл прадаваў скарбы з калекцый сваіх продкаў праз еўрапейскія аўкцыёны. У тым ліку вядомы «Крысці». Напрыклад, адзін з даспехаў вядомага майстра пайшоў за $17 000 — на сённяшнія грошы гэта прыкладна $900 000. Даспехі менш вядомых майстроў маглі каштаваць і ў чатыры разы меней — $5 000.

Даспех Мікалая Радзівіла Чорнага, Вена
Сям’я была не ў захапленні ад ідэі Альбрэхта. Але справа — зробленая. Прычым, дзякуючы «аферы Альбрэхта Радзівіла» ўсе гэтыя скарбы захаваліся — на Захадзе. Ці захаваліся б, каб засталіся ў палацы ў 1939 годзе? Дзе яны былі б зараз?.. У лепшым выпадку — у Пецярбургу ці Маскве.
Нагадаю, што Нясвіжскі палац па вайне пераўтварыўся нават не ў музей, а ў «Санаторий спец-назначения». З радзівілаўскіх збораў там застаўся... більярдны стол, за якім бавілі час партыйныя функцыянеры БССР.
Калі Пётр Краўчанка, колішні міністр замежных справаў і аматар гісторыі, быў з візітам ў ЗША, яму паказалі скарбы Радзівілаў у мастацкім музеі ў Філадэльфіі. Той пачаў нешта казаць пра «рэстытуцыю», а яго — супакоілі.
Якая «рэстытуцыя», калі прадметы купленыя законна і легальна. Прыязджайце, глядзіце, вывучайце — без праблем.

Стрэльба, падораная Альбрэхтам музею «Метраполітан»
А вось расійскія музеі, куды сплывалі скарбы Радзівілаў на працягу ўсяго ХІХ ст. — хаваюць свае скарбы. Чаму? Не толькі праз «ментальнасць», але і таму, што ведаюць: іхныя прадметы — крадзеныя. Заходнія — купленыя за грошы.
А галоўнае, што скарбы сям’і Радзівілаў — гэта скарбы сям’і Радзівілаў. Іхная справа, што з імі рабіць: захаваць, прадаць, знішчыць. Правільна рабіў Альбрэхт, прадаючы каштоўнасці, ці не правільна — вырашаць Радзівілам на сямейным

Нясвіж, рыцарскі зал, фота пачатку ХХ ст.
А яшчэ, раю завітаць на сайт Нясвіжскага палаца — у рубрыку «віртуальныя выставы».
Гляньце там на таварыша Сталіна, вінтоўкі Мосіна, ватоўкі, выставу «Кубань в годы Великой Отечественной...» Узнікае пытанне: каму вяртаць, нават у тэорыі, скарбы Радзівілаў? А галоўнае — навошта?

Скрыншот з сайта Нясвіжскага палаца

Скрыншот з сайта Нясвіжскага палаца
Людзі, якія кіруюць у Беларусі культурай, свядома ўкладаюць рэсурсы ў культ «ВАВ». Стэнды, плакаты, віртуальныя выставы, працоўны час работнікаў — усё гэта каштуе грошай, калі што. Грошай, якія можна было б укласці ў пакупку на Захадзе шабляў, сёдлаў, шышакоў XVII ст. Прычым прадметы можна было б купіць цалкам законна і легальна — ды пакласці ў Нясвіжы.
Чаму замест гэтага мы чуем старую пласцінку пра нейкую «рэстытуцыю»?.. Спытайце ў Шляхціна.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
______________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.