На пачатку 1990-х Маладзечна вылучалася сярод раённых гарадоў сваім прабеларускім курсам. Супалі некалькі фактараў: дэмакратыя, беларускі актыў ды — прабеларускія чыноўнікі. Як гэта было? Чым скончылася? Размаўляем з Алесем Капуцкім.
Маладзечна вылучалася яшчэ ў 1980-х. Дырэктарам абласнога краязнаўчага музея тут быў Генадзь Каханоўскі, які не саромеўся маляваць «Пагоню» на музейных буклетах. З першай паловы 1980-х працавала «Беларуская хатка» краязнаўцы Міхася Казлоўскага. Адсюль на электрычцы ў мінскія архівы ездзіў Мікола Ермаловіч, аўтар беларускай канцэпцыі гісторыі ВКЛ.
Алесь Капуцкі
Наш суразмоўца — Алесь Капуцкі — далучыўся да беларускага руху ў 1980-х. Стаў старшынём арганізацыі «Крывіч». Закладаў у горадзе першасную арганізацыю БНФ з ячэйкамі на прадпрыемствах: на мяжы 1980-х — 1990-х тут ужо ладзілі першыя мітынгі. Удзельнічаў у стварэнні маладзечанскіх філіяў ТБМ ды скаўцкай арганізацыі.
На пачатку 1990-х Алесь працаваў у гарвыканкаме, таму ўдзельнічаў у працэсе беларусізацыі горада. Пасля — стаў сведкам згортвання гэтага працэсу… Пра ўсё па парадку.
«Тут зямля такая: нават рускія і ўкраінцы асімілёўваліся»
У чым феномен Маладзечна? Адкуль пасіянарнасць і прабеларускасць?
Маладзечна — гэта гістарычная Віленшчына. Народ такі. Хоць было шмат прыезджых, якія працавалі на саюзных заводах. Але яшчэ тады было заўважна, што прыезджыя рускія ды ўкраінцы асімілёўваліся. Няхай не моўна, але ментальна. Сярод прыезджых пасля былі людзі, якія балатаваліся ў дэпутаты, падтрымлівалі нацыянальныя ініцыятывы.
Заходнебеларуская традыцыя захоўвалася, спрыяла. Шмат нацыянальнай інтэлігенцыі: Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч, мастакі Кастусь Харашэвіч, Юры Герасіменка-Жызнеўскі, Ядзвіга Радзялоўская, з музыкаў Юра Церабун, Рыгор Сарока. Тут зямля такая. Па-іншаму не магу патлумачыць.
Адкуль Вы ведаеце Генадзя Карпенку?
Пазнаёміліся яшчэ падчас выбараў у ВС БССР, здаецца, 1990 года. Прабеларускія колы яго падтрымалі, бо альтэрнатывай былі партфункцыянеры. Урэшце, дэмакратычная большасць абрала Карпенку на кіраўніка горада. А ў 1991-м, калі я застаўся без працы, зайшоў у гарвыканкам. Пайшлі са знаёмай да Карпенкі. Ён кажа: «Алесь — чалавек малады, мабільны. Давай, далучайся да працы!».
Так я стаў супрацоўнікам гарвыканкама. У абавязкі ўваходзіла падрыхтоўка сесіяў, дакументаў, арганізацыйныя пытанні. Шмат з кім з дэпутатаў пазнаёміўся. Акурат стваралася тапанімічная камісія па перайменаванні вуліцаў. Туды ўваходзілі Каханоўскі з Ермаловічам, нейкія былыя партыйцы. Я афармляў дакументы, але таксама меў права браць слова.
«Падняўся Ганчар і сказаў, што ўкраінцы пакрыўдзяцца»
Што па выніку перайменавалі?
Усе знакавыя вялікія вуліцы, якія раней мелі камуністычныя назвы. Праспект Леніна — Вялікі Гасцінец, 60 год Кастрычніка — праспект Скарыны, Савецкая — Віленская. Плошча Леніна сталася Цэнтральнай плошчай: камісія так і не прыйшла да кансенсусу, атрымаўся нейтральны варыянт. Плошчы Свабоды далі назву Старое Места.
А каму замінала Плошча Свабоды?
Цікавая дэталь: на плошчы стаіць царква-мураўёўка. Фактычна, сімвал падаўлення паўстання 1863 года, іх акурат пасля па гарадах і мястэчках будавалі. Атрымлівалася недарэчна: дзе свабода, а дзе гэты помнік Мураўёву-вешальніку? Палічылі, што недарэчна. Паколькі гэта гістарычны цэнтр, то далі назву — Старое Места.
Так перайменавалі больш за 20 вуліц і 2 плошчы. Засталіся дробныя вуліцы, але каб працэс пайшоў далей — іх бы таксама перайменавалі. Нават вуліцу Хмяльніцкага хацелі перарабіць. Але тады на паседжанні камісіі падняўся Віктар Ганчар (тады — намеснік Карпенкі) і сказаў, што ўкраінцы пакрыўдзяцца. Яму даводзілі, што Хмяльніцкі шмат людзей загубіў і парабіў бедаў на Беларусі… Але паліткарэктнасць пераважыла.
Былі і спробы ціску на Карпенку з боку старых элітаў. Чамусьці ім вельмі не спадабаўся Вялікі Гасцінец — не маглі зразумець, што гэта значыць. Спрабавалі перакладаць па-свойму: «Большой Гостинец». На нешта кшталту праспекта Скарыны яшчэ былі згодныя, а нашы спрадвечныя назвы ім мулялі. Тым не менш усе тыя перайменаваныя вуліцы застаюцца такімі і сёння.
А як людзі звычайныя ставіліся: не актывісты і не чыноўнікі?
Нармальна ставіліся. Была ж дыскусія публічная ў афіцыйнай мясцовай прэсе. Там і прабеларускія меркаванні публікавалі, і пракамуністычныя, і я пісаў. Дэмакратыя была ў горадзе. Так, камуністы заставаліся: былыя функцыянеры гаркаму партыі перайшлі ў гарсавет. Але яны не былі большасцю. Некаторыя засталіся зацятымі, некаторыя — перафарбаваліся на дэмакратаў. Працэс пайшоў бы і далей, бо былі планы. Але тапанімічная рэвалюцыя адбылася, гэта факт.
«Падчас пераносу камень раскалоўся…»
Сярод адметных помнікаў Маладзечна вылучаецца камень «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». Як ён з’явіўся?
Яго ўсталявалі ў 1993-м па ініцыятыве дэмакратычнага клубу дэпутатаў, а канкрэтна — дырэктара жалезабетоннага завода, здаецца, Мікалая Івашкевіча ды настаўніка гісторыі Лявона Цімохіна. Была дыскусія і па месцы ўсталявання, і па надпісе. Але Цімохін з Івашкевічам пераканалі Карпенку.
Паставілі на Цэнтральнай плошчы насупраць Леніна. Было ўрачыстае адкрыццё: з праваслаўным і каталіцкім святарамі, з мноствам народу, прамовамі. Ёсць недзе фота: на адкрыцці каменя побач у ганаровай варце стаяць юнакі ў нацыянальных строях з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Што з каменем было далей?
Помнік прастаяў да Дажынак 2011 года. Улады прыдумалі перанесці. Супраць выступілі нават каталікі з праваслаўнымі, бо камень быў асвечаны. Не кажучы пра дэмакратычныя суполкі, якіх ужо ніхто не слухаў. На тым старым месцы зрабілі фантан са скульптурамі і купальскімі вянкамі. Камень перанеслі на рог Вялікага Гасцінца і Машэрава, ля парку.
Але чыноўнікам камень усё адно муляў вока: бо цэнтр, яны ездзілі побач. Годзе ў 2016-м зноў прыдумалі перанесці, бо, маўляў, замінае ўваходу на спартовую пляцоўку. Урэшце, схавалі камень у парку, сярод дрэваў — там ён і стаіць самотны. Падчас пераносу камень раскалоўся на два кавалкі, пасля яны склейвалі. Але сам факт сімвалічны.
Да каменя людзі неслі знічы і кветкі таксама пасля 2020 года. Ён застаўся сімвалам. Але тут ужо цікавалі таварышы ў цывільным: затрымлівалі людзей, каму штрафы, каму суткі…
«Карпенка асцерагаўся зносіць Леніна»
Вы казалі, што той камень паставілі насупраць Леніна. Чаму на пачатку 1990-х яго не прыбралі?
Збіралі за гэта подпісы не адзін раз, ажно да нулявых гадоў, але без сэнсу. Чаму пры Карпенку не адбылося? Ён асцерагаўся. Трэба разумець, што ўлада ў цэнтры не была нацыянальнай: быў Кебіч і камуністычная хеўра. Больш таго, помнік Леніну быў у рэспубліканскім ахоўным спісе. Патрэбная была працэдура зацвярджэння, гэта нерэальна.
Вось калі б у 1991-м адразу пасля путча яго зачапілі ды трактарам скінулі — усё б прайшло. Без працэдураў аніякіх. Але ўсе ж спадзяваліся, што вось яна дэмакратыя, гэта назаўсёды, рукі дойдуць і да помнікаў… Як з сімволікай: я таксама думаў, што гэта навечна. А трэба было лавіць момант.
Ці былі планы па помніках і перайменаваннях, якія не рэалізаваліся?
Так, быў конкурс сярод мастакоў: што будзе замест Леніна? Дакладна памятаю прапанову паставіць на той самы пастамент крыж Еўфрасіні Полацкай. На жаль, далей за праект справа не пайшла. Была прапанова надаць Мінскаму абласному краязнаўчаму музею імя яго стваральніка — Генадзя Каханоўскага — таксама не спраўдзілася.
На дзіва, некаторыя рэчы ўдалося зрабіць нават пры Лукашэнку. Напрыклад, памятны камень Міколы Ермаловіча з ягоным барэльефам. Ён паўстаў дзякуючы краязнаўцу Сымону Беламу. З’явіўся помнік Агінскаму ля каледжа ягонага імя. Але гэта ўжо не той маштаб, што ў 1990-я.
Беларускія школы, шыльды крамаў, рок-фэсты — усё знішчана
Што змянілася пасля 1994 года? Ці быў заўважным у Маладзечне адкат у плане беларушчыны ды — згортванне «маладзечанскага феномену»?
На момант прыходу Лукашэнкі ў палове нашых школаў выкладанне ўжо вялося ці пачынала весціся па-беларуску. Натуральна, гэта было скасавана. Найдаўжэй пратрымалася беларуская гімназія, але ўрэшце і яна стала рускамоўнай.
Пры Карпенку было шмат шыльдаў розных установаў і прыватных крамаў па-беларуску. Нават мода такая была. Пасля і гэта перарвалася. Памятаю выпадак з другой паловы 1990-х: бізнесовец прабеларускіх поглядаў, наш, панёс у аддзел архітэктуры на зацвярджэнне шыльды для сваіх крамаў. Яму намякнулі, што трэба рабіць па-руску… Той быў вымушаны пагадзіцца.
Быў пры Карпенку фестываль беларускай музыкі і паэзіі — нацыянальны ўзровень, маштаб! Запрашалі гурты накшталт «Крамы». Там я ўпершыню пачуў Шалкевіча на бардаўскай пляцоўцы. Пасля фестываль перарабілі, звузілі максімальна. Да 2000-га недзе праходзіў фэст «Рок-немаўля» для пачынаючых рок-гуртоў з абавязковай умовай: песні па-беларуску.
Пажоўклыя і выцертыя вымпел і значак ІІ Фестывалю беларускай песнi i паэзii ў Маладэчна, 1994. Фота: Ay.by
Усё гэта было знішчана. Так спынілася беларусізацыя горада, якая стала магчымай пры Генадзю Карпенку. Зразумела, не толькі ён гэта рухаў наперад, але і без яго падтрымкі наўрад ці нешта атрымалася б.
Гутарыў Алесь Кіркевіч, budzma.org