Пляценне вянкоў, скокі праз вогнішча і пошукі папараць-кветкі — гэта, бадай, самыя вядомыя, але далёка не адзіныя звычаі і павер’і Купалля. Распавядаем пра малавядомыя беларускія абрады і міфалагічныя ўяўленні, характэрныя для свята Купалле.
1. Спальванне дрэва
Абавязковым элементам Купалля з’яўляецца агонь, што ўвасабляецца ў звычаі запальвання вогнішчаў ці колаў. Пры гэтым спосабы раскладвання агнёў былі даволі разнастайнымі, сярод якіх ёсць зусім нечаканыя і ўжо забытыя сёння. Вядомая купальская песня «А ў бару сасна гарэла», што не проста паэтычны вобраз, але і адлюстраванне рэальнага звычаю спальвання жывога дрэва, які быў зафіксаваны ў Цэнтральным Палессі і на Магілёўшчыне ў 1970-я гады.
Купалле ў Дукоры, 2021 год
У в. Лышча Пінскага раёна, згодна са старадаўнім купальскім звычаем, на свята ішлі ў лес, клалі бяросту на жывое дрэва і затым спальвалі яго. У в. Несята Клічаўскага раёна збіралі сухія галінкі пад вялікую елку, і тады дрэва загаралася. У в. Лявонаўка Магілёўскага раёна запісаная аналагічная традыцыя:
«З вялікай сасонкі, што ў канцы вёскі, галінкі абрубяць, пакінуць толькі вяршыню лахматую, барану туды зацягнуць... А ўніз, пад сасонку, лапці ўжо носяць, палкі, качуркі. Гэта, адзін кажа, бурак нясу на Купалу, каб бурак вялікі рос; хто нясе вось такую, як качан, кароткую галінку, каб качаны вялікія раслі. А тады запаляць. Адна і тая ж сасонка кожны год, яна ўжо абгарэла, але кожны год адна і тая ж».
Магчыма, гэты звычай звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі пра Сусветнае Дрэва. Рэч у тым, што Млечны Шлях, які праходзіць праз усё неба, уяўляўся нашым продкам сімвалічнай выявай Сусветнага Дрэва, якое злучае зямлю і нябёсы. У летнія месяцы асляпляльны бляск сонца хаваў Млечны Шлях ад чалавечага погляду. I яго знікненне разумелася продкамі як згаранне нябеснага дрэва, што сімвалічна ўзнаўлялася ў купальскіх рытуалах спальвання дрэва або слупа.
2. Кветка арэхавага дрэва
Калі пра чароўную папараць-кветку ведаюць амаль усе, то пра квітненне ляшчыны ў купальскую ноч мала хто чуў. Аднак захаваліся павер’і, згодна з якімі апоўначы адначасна з папараццю цвіце арэхавае дрэва. Калі здабыць тую кветку, то можна будзе ведаць, дзе схаваныя скарбы. Трэба з кветкай ісці і глядзець, куды яна будзе нахіляцца — менавіта там схаванае багацце.
Купальскі світанак. Фотаздымак Канстанціна Міхалевіча
3. Купальскае масла
Яшчэ адзін чароўны сродак, пра які многія нават не здагадваюцца, — гэта купальскае масла. Яго можна знайсці на мурашніку перад усходам сонца ў Янаў дзень. Яго трэба шукаць толькі на дасвецці, бо ад першага промня яно растопіцца. Масла мае форму і аб’ём гусінага яйка, пакрытае танюткай, але вельмі моцнай абалонкаю аранжавага колеру, мае моцны пах зёлак і лясных кветак. Яно служыць сродкам ад усіх хвароб. Праўда, кажуць, што пакуль яго ніхто так і не здабыў, бо трэба быць бязгрэшным, як дзіця, з анёльскай душой. Цікава, што гэтае павер’е было распаўсюджанае не толькі сярод сялян, але і сярод шляхты.
Знакамітыя (не)беларускія ідалы
4. Абыходны абрад
Беларусам добра вядомыя абыходныя абрады на Каляды і Вялікдзень, калі ўдзельнікі прыходзілі ў кожны дом, спявалі адмысловыя рытуальныя песні і атрымлівалі за гэта ўзнагароду. Падобны абыходны абрад існаваў і на Купалле. Моладзь хадзіла па вёсцы, заходзіла ў кожны двор, што суправаджалася спевамі, якія заклікалі ўсіх святкаваць. Адпаведна, асноўная мэта абходу — напамін пра Купалле і заклік да ўдзелу ў свяце. Таксама так збіраліся прадукты для святочнай вячэры. Ежай і напоямі гаспадары адорвалі ўдзельнікаў абраду (як калядоўшчыкаў і валачобнікаў). Яшчэ збіралася розныя старызна, якая потым спальвалася ў купальскім вогнішчы. Знішчэнне ў купальскім вогнішчы старых непатрэбных рэчаў — важнае сімвалічнае дзеянне, праз якое чалавек пазбаўляўся непатрэбнага і непрыемнага, у чым выяўляюцца ідэі ачышчэння і абнаўлення. У Віцебскай вобласці існаваў абрад хаджэння з кулагой і віншавальнымі песнямі. Кулага — гэта купальская традыцыйная страва з мукі, соладу і дадаткамі ягад.
Дзесьці абход рабіўся раніцай пасля ўсіх купальскіх урачыстасцяў. У асобных раёнах паўночнай Беларусі моладзь здзяйсняла ранішнія абходы падворкаў з выкананнем купальскіх песень. Дзяўчаты, вяртаючыся з Купалля, выконвалі пад вокнамі знаёмых і суседзяў купальскія песні, а гаспадары частавалі іх кулагай. Сярод беларусаў Латвіі быў распаўсюджаны звычай, паводле якога раніцай пасля купальскіх ігрышчаў жанчыны і дзяўчаты, на галовах якіх былі вянкі з васількоў і рамонкаў, заходзілі ў хаты, спявалі купальскія песні, віншавалі народжаных у Янаў дзень, дарылі гаспадарам кветкі, а іх дочкам ускладалі на галовы вянкі. Гаспадары, у сваю чаргу, частавалі спявачак півам, сырам, цукеркамі. Падобны звычай сустракаецца ў Сенненскім, Аршанскім, Дубровенскім, Маларыцкім раёнах.
Сіні калодзеж vs Голубая криница
5. Пераапрананні і бясчынствы
У асобных раёнах усходняй, цэнтральнай і заходняй Беларусі існавала традыцыя карнавальнага пераапранання ў час купальскага святкавання. Адбывалася сімвалічнае ператварэнне ў іншасветных істот: продкаў (дзед, баба), духаў прыроднай прасторы і нячысцікаў (русалка, ведзьма, чорт), чужынцаў (цыганы). Дзеля гэтага рабіліся адмысловыя маскі ці ўдзельнікі проста выпэцкваліся сажай, апраналіся ў старызну, упрыгожваліся зелянінай. Традыцыя карнавальнага пераапранання існавала і ў час начных купальскіх абходаў хат вёскі з мэтай грамадскага ганьбавання тых, хто не выйшаў на Купалле. Свавольствы і бясчынствы моладзі (раскідванне дроваў, перакрыццё коміна, крадзеж лаўкі і інш.) ў купальскую ноч разглядаюцца не толькі як уварванне іншасвету, але і як форма грамадскага рэгулявання — сімвалічнае пакаранне парушальнікаў ладу. Абрадавае бясчынства — гэта сродак усталявання парадку, хаос і разбурэнне, з якога ідзе новы пачатак. У некаторых рэгіёнах звычай моладзевых бясчынстваў на Купалле захоўваецца да нашых дзён, аднак гэтае дзеянне страціла сваю першапачатковую функцыю і стала формай жартаў.
Купалле. Фотаздымак Сяргея Лескеця
6. Знішчэнне ведзьмы
Купальская ноч — гэта час актывізацыі небяспечных для чалавека звышнатуральных істот, сярод якіх найчасцей згадваюць ведзьму. Існуе вялікая колькасць абрадавых песень, скіраваных супраць ведзьмаў. Гэтак жа шмат і разнастайных спосабаў, найперш сімвалічна-магічных, каб не толькі абараніцца, але і нават яе знішчыць. Успомнім некаторыя. Дзесьці рабілася лялька/пудзіла, што ўвасабляе ведзьму, якая потым спальвалася на купальскім вогнішчы. Дзесьці спальванне драўляных колаў, ці іншыя дзеянні з ім (павешанне, насаджванне на плот), таксама лічацца сродкам знішчэння ведзьмы. На Палессі збіванне конскага чэрапа са слупа ці галіны дрэва і яго спальванне, як і спальванне костак коней, кароў, авечак на Купалле, таксама ўяўлялася расправай з ведзьмай ды іншым ліхам.
7. Біццё бараны
Не, гэта зусім не псаванне гаспадарчай прылады, а вельмі архаічны і важны абрад, якім у Падзвінні і Падняпроўі (Шклоўскі, Докшыцкі, Полацкі, Ушацкі і Кармянскі раёны) звычайна завяршалі купальскае святкаванне. «Барана», «Біць барану» — гэта калектыўнае абрадавае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым выкананні рознасезонных каляндарна-абрадавых, а таксама сямейна-абрадавых песень. Асноўная і першасная мэта — гэта рытуальнае праграмаванне і упарадкаванне года, асабістай і калектыўнай долі, каб «было ўсё на будушчы год». Таксама вядома, што абрад здзяйсняўся дзеля засцярогі ад ведзьмы і з мэтай заклікання дажджу. Паводле шэрагу запісаў, кожны ўдзельнік спявае што хоча, аднак, відаць, пра тое, што яму патрэбна. У рытуальным беспарадку важна было не засмяяцца, не збіцца, давесці песню да канца, каб здзейснілася жаданае. Чаму такая назва? Барана як рытуальная прылада выкарыстоўваецца ў шэрагу каляндарных і сямейных абрадаў: Каляды, гуканне вясны, Купалле, хрэсьбіны. Барана мае выразную ахоўную сімволіку, што абумоўлена канструкцыяй (вострыя зубцы, краты). Сімволіка прылады спалучае жаночую (ромб) і мужчынскую (зуб) сімволіку. Апрача таго, праз барану з дапамогай адмысловых дзеянняў у святочны час можна было пабачыць душы продкаў, а таксама нячыстую сілу, то бок барана — гэта сімвалічны сродак камунікацыі з іншасветам.
Артыкул упершыню апублікаваны 17.06.2021
budzma.by