Мама Му завітала ў гімназію № 14

31 сакавіка ў гімназію № 14 завітаў лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” з новым спектаклем “Мама Му ў басейне” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Паглядзець спектаклік прыйшлі вучні другіх і чацьвертых класаў – больш за 100 чалавек! Спачатку дзеці сядзелі на сваіх месцах, але ўжо праз некалькі хвілін самыя цікаўныя апынуліся на падлозе перад сталом-сцэнай.

Мама Му ў басейне

Сустрэча пачалася з падарункаў. Загадчыцы бібліятэкі былі ўручаныя кніжкі на беларускай мове ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася сустрэча. А яшчэ бібліятэкаркі атрымалі закладачкі для кніг з інфармацыяй пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Дзеткам патлумачылі, што гэтыя закладачкі будуць давацца тым, хто возьме пачытаць кніжку на роднай мове.

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” дапамагло арганізаваць выступ, а дзеткі падчас моўнай віктарыны атрымалі ў якасці прызоў расклад заняткаў, з рэкламай кніжкі “Мама Му, Крумкач і каляды”.

Мама Му ў басейне

Было весела, хоць і шумна! Дзеці і дарослыя навучыліся рабіць размінку і заўзець правільна :). Пасля сустрэчы вучні пабеглі ў бібліятэку за кніжкамі пра Маму Му, якія, са слоў саміх бібліятэкарак, рэдка стаяць на паліцах.

Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце болей! Чытайце кніжкі на роднай мове!

Мама Му ў басейне

Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му ў выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню razam@budzma.org, і ваш зварот не застанецца без увагі.

Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.

Мама Му ў басейне

Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.