Таня Сяцко: Манаполія на гвалт

06.08.2019 Маё права
Таня Сяцко піша для budzma.org ў межах праекту "Маё права" пра спробы рэформы беларускага войска і дзяржаўную манаполію на гвалт.

Мы ўпарта вяртаемся ў Сярэднявечча. Адны суседзі заклікаюць тушыць мільёны гектараў сібірскіх пажараў малітвамі, іншыя спрабуюць стварыць "зону, вольную ад ЛГБТ". Мы таксама не адстаём: трымаемся ідэі "горада без абортаў", настойліва ўводзім "сем'язнаўства" ў школьную праграму ды прымаем закон пра адтэрміноўкі. Міністр абароны, які ініцыяваў апошні праект, скардзіцца на чарговы недабор, дэмаграфічную сітуацыю ў краіне (куды ж без гэтага!) і 76 магчымасцяў пазбегнуць прызыву. Але пачакайце, што за недабор? Пра якую "эфектыўнасць функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы" вядзецца гаворка ў аднайменным законе? І ці пераходзіць у гэтым кантэксце колькасць у якасць?


Сама па сабе абавязковая вайсковая служба — даволі сумнеўная з'ява, каб падтрымліваць яе ў цяперашняй форме. На жаль, антымілітарысцкая рыторыка па-ранейшаму ў гэтым свеце лічыцца наіўнай і маргінальнай. Добра, давайце тады іначай. Армія ёсць, і ў яе ёсць праблемы. Тэхнічная адсталасць, эканамічная слабасць, дрэнная рэпутацыя і страта прэстыжу, гвалт, дзедаўшчына. Відавочна, што гэтыя праблемы не вырашаюцца колькасцю прызыўнікоў. Баявую гатоўнасць нельга палепшыць маніпуляваннем, а якасць падрыхтоўкі — пагрозамі. Але нягледзячы на адсутнасць лагічнай аргументацыі, закон прымаюць даволі хутка і, як заўсёды, аўтарытарна. Ніякіх табе грамадскіх абмеркаванняў, унутраных даследаванняў і аналізу знешняга вопыту. Петыцыю супраць, якая за лічаныя дні набрала больш за 10 тысяч подпісаў, разгледзелі, "прынялі да ўвагі" і ніякіх парушэнняў не знайшлі. Краіне патрэбныя салдаты — адукацыя не воўк, у лес не ўцячэ.

Віктар Марціновіч: Сістэмныя высновы з “закона аб адтэрміноўках”

Тое, што адбываецца цяпер вакол прызыву, — гэта не пра "любіць Радзіму", не пра "канстытуцыйны абавязак" і тым болей не пра "спрадвечную місію кожнага мужчыны". Гэта пра манаполію дзяржавы на гвалт. Калі паглядзець на сітуацыю крыху шырэй, то можна ўбачыць упартыя спробы ўскочыць на хвалю кансерватыўнага павароту. За апошнія гады мы зноў пачулі афіцыйныя сумневы ў праве жанчыны на сваё цела, сутыкнуліся з гамафобнымі заклікамі з боку чыноўнікаў і адмовай прыняць закон супраць хатняга гвалту. Рэлігійныя інстытуцыі ўсё публічней клапоцяцца пра павышэнне нараджальнасці і, калі б маглі, даўно наклалі б анафему на слова "гендар". А цяпер вось яшчэ адна мабілізацыя. Такі падыход вяртае нас да мадэлі, дзе чалавечыя ролі строга палярызаваныя, сэкс прывязаны да рэпрадукцыі, сэксуальнасць — табуяваная і грэшная справа. Але, дзякуй богу, няма таго, што раньш было. Свету, дзе функцыя жанчыны — нараджаць дзяцей, а мужчын — абараняць Радзіму, больш няма. Нават там, дзе такі парадак спрабуюць рэканструяваць, гэта хутчэй узброеная настальгія па былой нарматыўнасці, чым кансэнсус сучаснасці.

Чаму правалілася ініцыятыва супраць хатняга гвалту

Цяперашні закон зусім не пра баяздольнасць арміі. Ён пра кантроль і імкненне дзяржавы дыктаваць грамадзянам правілы гульні. "Няма такога выбару — служыць альбо не служыць, ёсць усеагульны абавязак", — гаворыць нам дэпутат Марзалюк. І вось гэта ключавы момант — згуляць у дамінантнасць, прадэманстраваць усім, хто будзе выбіраць, а хто — хадзіць строем і выконваць загады без абмеркаванняў. Тут не ўзнікае месца задумацца пра тое, што армія можа быць кантрактнай, а служыць там могуць не толькі мужчыны.

4e37791ef0a34d70603f9b3dab88356a.jpg

Можна прагназаваць наступствы, бачныя адразу: эміграцыя, "уцечка мазгоў", адукацыйныя збоі. Але трэба разумець, што за гэтым гарызонтам нас чакаюць і іншыя сімптомы. Чалавеку складана доўга знаходзіцца ў сітуацыі гвалту, таму псіхіка прыдумляе хітрыкі, якія дазваляюць адаптавацца і выжыць. Сярод іх — нармалізацыя гэтага самага гвалту. Памятаеце тых, хто гаворыць, што іх у дзяцінстве білі і нічога, выраслі людзьмі? З арміяй гісторыя тая ж. Можна потым як заўгодна называць праведзены ў войску час — загартоўка характару, школа жыцця і сапраўднага братэрства. Але па сутнасці гэта інстытут таксічнай, прабачце, маскуліннасці, які прымушае засвойваць культ улады і іерархій як нешта непазбежнае і натуральнае. І ўсё ідзе поруч з прыніжэннямі, дзедаўшчынай і эканамічнай адсталасцю арміі, у эфектыўнасць якой ніхто асабліва і не верыць.

А гэта да баяздольнасці не мае ніякага дачынення, як і сімвалічнае патрэсванне парадамі некалькі разоў на год.


Таня Сяцко, budzma.org


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!