Чытаць усё, што выходзіць на рынак, немагчыма, гэта аксіёма. Свой спіс мастрыдаў кожны складае сам. Нехта пад уплывам аўтарытэтных дарадцаў, нехта з падказкі сяброў. Часам здараецца, што чытаць прымушае агрэсіўны піяр. Супраціўляцца можна, але гэта патрабуе высілкаў. Прасцей прачытаць, асабліва калі так настойліва просяць, як гэта робіць Кірыл Стаселька.
Пра мову і стыль твора
Абодва гэтыя складнікі мастацкага тэксту не вытрымліваюць крытыкі. Падаецца, у кнізе не было ні рэдактара, ні карэктара, што, на жаль, выявіла поўную непісьменнасць аўтара. Літаральна з першых старонак на чытача абвальваецца процьма памылак, русізмаў, таўталагічных канструкцый і іншай прыкрай бязглуздзіцы.
“Гады доўжыліся нядоўга”, “беражліва аберагаў”, “кінуць у комін, каб развесці агонь”, “нос удыхаў блажэнны водар паперы”, “адчуў у бязграматным Антоніа нешта дзіўнае”, “упітваў як губка”, “у запэцканых вопратках уладальнік бібліятэкі”, “шмат год таму назад”, “Сям’я лашчылася на сонцы” і г.д., і да т.п. Хапае ў тэксце “атачаючых”, “даручаючых”, “знікаючых” і іншых формаў дзеепрыметнікаў з ненармаванымі суфіксамі, што адсутнічаюць у беларускай мове як такія.
Якая горкая іронія — пісаць тэкст, дзе сюжэт завязаны на мовах-рэліктах і ў якіх герой як рыба ў вадзе, і так кепска валодаць сваёй роднай…
Аўтар проста не ведае, што па-беларуску “ліст” — гэта тое, што па-руску “пісьмо”, а тое, што ён называе “лістом”, мае сваё слова — “аркуш”, што рускаму “безграмотный” адпавядае беларускае “непісьменны”, што “комін” — гэта па-руску “труба” і туды нічога не кідаюць для распалкі, што няма ніякага “камуністычнага ўкладу” а павінен быць “лад” (калі гэта “строй”)… У выніку Стасельку падаецца, што ён піша па-беларуску, але праяўляецца гэта месцамі толькі ў паслядоўнай расстаноўцы “ў” і кропак над “і”.
Сумны спіс можна доўжыць бясконца — гэта цягнецца праз увесь 200-старонкавы опус. Тэкст пры гэтым мае штучна ўскладнены стыль апавядання. Грувасткія сказы з вялікай колькасцю лішніх словаў. Першыя старонкі, да прыкладу, перанасычаныя варыяцыямі на тэму: “магчыма”, “можа быць”, “напэўна”, “пэўна”… Навошта столькі дапушчэнняў? Гэта словы паразіты ці ўласная няўпэўненасць аўтара ў тым, што ён піша і што прапануе нам чытаць?
Наогул многія слоўцы, упадабаныя Стаселькам, паўтараюцца абзац за абзацам без дай прычыны. То пісьменніка зацыклівае на “дастаткова”, то на “магчыма”, то на “грунтоўна”. Пра выратавальны сінанінімічны шэраг вучаць у школе, не? Няма ўласнага лексічнага наробку, то слоўнікі ж складзеныя шматтомныя — толькі не лянуйся зазірнуць… Гора таму неафіту, для якога першай кнігай на мове стане «Marginalis» — ахвоту адаб’е і створыць кепскае ўражанне пра беларускую літаратуру наогул.
Відавочна, аўтар мысліць па-руску, беларуская мова яму мо і сімпатычная, але абсалютна неасвоеная і няблізкая. Вядома, што такіх выпадкаў процьма! Так, але ў такім разе шлях твора да чытача мусіць пралягаць праз перакладчыка. Не сакрэт, што, да прыкладу, папулярны пісьменнік Віктар Марціновіч стала карыстаецца паслугамі людзей памянёнай прафесіі. Ён мае дадатковы клопат, выдаткі, можа, нават і церпіць душэўныя пакуты, прызнаючыся чытачу ў гэтым. Але на выхадзе сп. Марціновіч выдае якасны прадукт, а не гэты няўежны эрзац, што выклікае нястраўнасць з першых абзацаў.
Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што ў лінгвістычным плане кніга сп. Стаселькі — збор моўных памылак з прыкладамі і варыяцыямі на тэму “што робіць аўтарская самаўпэўненасць у спалучэнні з недахопам ведаў і пачуцця меры”. Раман быў гучна названы ці не самім сп. Стаселькам “самым насычаным творам у беларускай літаратуры” — гэтак так! Такой канцэнтрацыі памылак пад адной вокладкай яшчэ не было.
Пра сюжэт
Уся фабула твора «Marginalis» у адносінах да асобы, з якой усё пачынаецца — фенаменальнага кніжніка-італьянца, выкладзеная на сайце library.ru ў раздзеле “Асобы”, дзе размяшчаецца сціплы артыкул пра Антоніа Мальбэкі. (Не верыце — спраўдзіце ў Гугла). Дададзеная лапідарнымі вікіпедычнымі нарысамі яна паўтараецца, на жаль, амаль даслоўна на старонках кнігі сп. Стаселькі. Каб гэта быў навуковы тэкст — яго б проста прызналі плагіятам…
Далей ідзе павярхоўнае сцэнарна-пункцірнае пазначэнне сюжэту, за якім усё чакаеш, калі ж пачнецца нарэшце сам раман. Чакаеш, скажу адразу, марна, бо і на 10-й, і на 30-й старонцы аўтар усё пераскоквае хутчэй наперад, выключна агульнымі рысамі абмалёўваючы падзеі. Падаецца, што чытаеш запіс гутаркі, у якой чалавек сцісла і не па-мастацку аднастайна стараецца распавесці змест прачытанай ім кнігі.
Ненадоўга дорыць надзею трэці раздзел, дзе нарэшце пачынаюць разгортвацца падзеі новай сюжэтнай лініі. Але і здарэнні ва ўтапічнай камуне не выратоўваюць кнігу, так гучна названую “насычаным філасоўскім і захапляльным” раманам. Мікс з голдынгаўскага “Валадара мухаў” і «das Experiment» не ўражваюць. Далей чацвёрты раздзел, але і ў ім, на жаль, Кірыл Стаселька не Дэн Браўн і зусім не Умбэрта наш дарагі Эка — а, адпаведна, і ў сярэдзіне не лепш, чым у пачатку… Чым аўтар хоча “здзівіць” чытача? Пералічэннем геаграфічных пунктаў: Анкордыдж, Кардова, Ігл-Рок? Ці веданнем мянушкі штату Айдаха?.. Гэта б слаба ўразіла чытача нават для пачатку мінулага стагоддзя. Але якая рэклама! “Раман, рэкордны па колькасці герояў” — гэта як? Проста ў трох абзацах пералічыць нейкіх персанажаў праз коску, у якіх была ў руках таямнічая кніга? Праз гэта рэкордны? У такім разе тэлефонны даведнік — вось сапраўдны рэкардсмен! “Найлепшы, займальны, самы-самы”… Вось як бывае, калі аўтар не чытае нікога, апроч сябе. Характары герояў прымітыўныя, паводзіны — прадказальныя. Адкуль у характарыстыцы ўзялося слова “філасофскі”, наогул незразумела. Па прачытанні твора спыняешся на думцы, што нават пераказаць яго немажліва, настолькі няўцямны і мазаічны ў ім сюжэт.
Недапечаны, недароблены, нявычытаны корпус тэксту ад Стаселькі-літаратара мусіў трапіць да дарадцы-рэдактара, і, магчыма, лёс кнігі быў бы інакшы. Канечне, каб такі рэдактар узяўся за працу. Але ці ёсць на гэта час? Хутчэй у эліту літаратуры, хутчэй у лонг- і шорт-лісты! Твор трапіў да ўвішнага і актыўнага рэкламіста-прадаўца Стаселькі. З кожнага праса панеслася — унікальны, філасофскі, захапляльны…
Ведаеце, у фільмаў ёсць свае слоганы-дэвізы. Каб трэ быў для «Marginalis», то ён быў бы наступны: “Няма часу вучыцца — трэба пісаць! Столькі прэмій не ўзята! Столькі тытулаў не заваявана!”
Нехта, прачытаўшы водгук, скажа: як так, не можа быць, каб у кнізе не знайшлося зусім нічога добрага. Я супакою — знайшлося. У кнігі добрая вокладка, але гэта адзінае, і яна мае іншае аўтарства.
І апошняе: апярэджваючы адэптаў тэорыі змовы — ніякіх уласных рахункаў няма, мы нават незнаёмыя. Чаму пра Стасельку? Ды таму, відаць, што такой масіраванай, як дывановыя бамбардзіроўкі, і надакучлівай, як летняя заедзь, рэкламы і самапіяру з нагоды твора сумнеўнай якасці я яшчэ не бачыў. Сустрэну яшчэ — абавязкова пачытаю і падзялюся ўражаннямі.
У.С.