«Войны пачынаюць палітыкі, каб праветрыць вайскоўцаў». Новы і вельмі актуальны верш Марыйкі Мартысевіч

Беларуская паэтка Марыйка Мартысевіч выклала ў сваім фэйсбуку новы верш.


000.jpg

Ведаеце, я ведаю нуль вайскоўцаў,
што ўзялі й пачалі вайну.
Войны пачынаюць палітыкі,
каб праветрыць вайскоўцаў,
ініцыяваць ратацыю асабовага складу,
абнавіць флот, авіяцыю, бронетэхніку.

Войны пачынаюць гісторыкі,
каб праверыць, як працуюць у новых умовах законы гісторыі:
ці ўсё гэтак жа гараць арсеналы,
лютуе чума,
 уцякаюць уцекачы,
марадэрствуюць марадэры,
 ці ўсё гэтак жа прапаганда ператварае людзей у андроіды.

Прамыслоўцы — гэтыя заўсёды падносяць патроны,
падвозяць бінты,
пастаўляюць хлеб і тушонку,
наліваюць гарэлку, бензін, 
прапануюць адгазнікі.

І толькі мэдыкі не пачалі ніводнай вайны, 
бо гэта праз іх бяссонныя ночы
праходзяць вайскоўцы з адарванымі канцавінамі
і паэты з расколатымі сэрцамі.