9 краін, якія варта наведаць беларусам у гэтым годзе. Парады ад падарожніка Аляксандра Гойшыка

Вясна — самы час, каб спланаваць адпачынак на лета. Budzma.org распытала падарожніка са стажам Аляксандра Гойшыка, куды, на яго погляд, варта паехаць беларусам у гэтым годзе.

— Што ты параіш беларусам — асабліва тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі і не мае віз?

— Па-першае, я вельмі параіў бы звянуць увагу на Узбекістан. Краіна надзвычай цікавая, з сярэднявечнымі цэнтрамі цывілізацыі, культуры і навукі — Бухарой, Самаркандам, Хівай. Са старажытнай архітэктурай, з неверагодна прыгожымі мячэтамі з вялізнымі блакітнымі купаламі.

Aliaksandr Hojšyk
Аляксандр Гойшык ва Узбекістане. Фота з асабістага архіва

А разам з тым у краіне ёсць сучасны Ташкент, дзе, дарэчы, я бачыў сквер Якуба Коласа — і ягоны бюст. Падчас кругасветкі ў 2024-м я патрапіў ва Узбекістан пасля двух тыдняў падарожжа па Афганістане, і ў мяне было ўражанне, што я перанёсся на машыне часу на 200 гадоў наперад, у будучыню.

Вельмі здзівіўся, як змяніўся Узбекістан з 2010 года, калі там усё было прасякнута карупцыяй (хаця патрабаванне аб рэгістрацыі засталося дагэтуль). Цяпер там развітая інфраструктура — хуткасная чыгунка, шашы і г.д. Вельмі смачная кухня.

І па коштах усё даволі даступна. Пералёты туды можна знайсці не за ўсе грошы свету. Не трэба ні візы, ні валодання мовай (амаль усе гавораць па-руску).

Асабліва хацелася б адзначыць надзвычайную гасціннасць узбекістанцаў (Узбекістан шматнацыянальная краіна — напрыклад, там шмат таджыкаў). Цікавая адметнасць: падчас СССР узбекаў і таджыкаў часта адпраўлялі служыць у Беларусь. Таму ва Узбекістане мясцовыя даволі часта мне казалі прыкладна наступнае: «О, Беларусь, я ва Уруччы служыў у 1988-м!».

— Другі кірунак, які ты раіў бы разгледзець?

— Грузія, мая самая любімая краіна з постсавецкай абшары. Безумоўна, пасля 2022 года Грузія істотна змянілася: туды пераехала шмат «харошых» рускіх, усё падаражэла, і грузіны быццам бы ўжо не такія гасцінныя і адкрытыя, як раней, ды і сістэма палітычная змянілася не ў лепшы бок.

Але нягледзячы на ўсё гэта, Грузія — краіна з морам, гарамі і неверагоднай колькасцю цікавых месцаў. Нават не ведаю, з чаго пачаць, што пералічваць: куды не ткні на мапе — гістарычныя месцы, старажытны гарады, пячоры. Плюс смачная і недарагая кухня, віно.

Далей прапаную разгледзець больш далёкія кірункі. І зноў жа, буду перш за ўсё арыентавацца на беларусаў унутры Беларусі, для якіх сёння атрымаць візы надзвычай складана.

— І якім будзе трэці кірунак?

— Турэччына, з якой у Мінска прамое спалучэнне.

— Закрыты курорт, «усё ўключана», так?

— Ага, «пяць дзён, шэсць начэй», «усё ўключана і нічога не выключана». Вядома, я не з таго тыпу падарожнікаў, таму прапаную разгледзець варыянт з самастойнай вандроўкай.

Турэччына — гэта не толькі ўзбярэжжа і пляжны адпачынак (і Чорнае мора, і Міжземнае), але і старажытныя месцы, і гарады, і горы (тая ж знакамітая Лікійская сцежка). Кожны зможа знайсці там нешта для сябе. Не варта саромецца пытаць у гугла і напружваць штучную інтэлігенцыю, якая можа ўсё паказаць і распісаць.

Tureččyna
Турэччына. Фота з асабістага архіва Аляксандра Гойшыка

Краіна бяспечная, даволі танная, з добрым аўтобусным і чыгуначным спалучэннем. Калі трошкі падрыхтавацца, то не трэба будзе пераплачваць у выглядзе тура «пяць дзён, шэсць начэй».

Стамбул, напэўна, адзін з маіх самых любімых гарадоў свету. Ён сярод іншага цікавы тым, што гэта горад катоў. Коцікі — хатняя жывёла для ўсяго горада, і гэта стварае неверагодную атмасферу.

Пэўная загвоздка — моўны бар’ер. Я, напрыклад, у такіх выпадках выкручваюся мовай жэстаў. Але штучная інтэлігенцыя дапаможа і з перакладам. І ў Турэччыне, і ўсюды раю карыстацца мясцовымі сэрвісамі. Жывеш у Рыме — жыві як рымлянін: не пераплачвай.

— Дарэчы, пра Еўропу. А які кірунак там ты параіў бы разгледзець тым, хто мае шэнгенскую візу ці дакументы, каб дазволіць сабе падарожжа па ЕС?

— З тых краін, дзе я яшчэ не быў у Еўропе, у першую чаргу разглядаю Партугалію. Чуў пра гэтую краіну шмат цікавага і захапляльнага. Гэта і надзвычай цікавыя гарады Порту і Лісабон. І пляжы на Антлантычным акіяне. І шмат старажытных мясцін. І адзін з варыянтаў знакамітага каталіцкага паломніцкага шляху Камін-дэ-Санцьяга — нават нерэлігійныя людзі дзеляцца захапляльнымі водгукамі пра неймаверныя краявіды, якія адкрываюцца ўздоўж узбярэжжа.

Jacaranda Lisbon
Лісабон. Фота:
myportugalmoments.pt 

І мне асабіста цікава яшчэ і тое, што ў Партугаліі ёсць беларуская дыяспара. Яе прадстаўнікі вельмі добра прымалі мяне на Балі, дзе ёсць растаран «Дранікі». Пасля яны пераехалі ў Партугалію. Таму калі дапішу сваю кнігу пра кругасветнае падарожжа, вельмі хацеў бы наведаць самую заходнюю краіну мацерыковай Еўропы і сваіх знаёмых беларусаў там.

Каштоўныя парады і ідэі маршрутаў для адпачынку ў Партугаліі можна знайсці ў блогу My Portugal Moments. Каманда праекта таксама можа дапамагчы ў арганізацыі вандроўкі па Партугаліі альбо распрацаваць індывідуальны маршрут пад патрэбы канкрэтнага кліента. А цікавосткі пра Партугалію і прыгожыя відэа для натхнення знойдзеце ў сацсетках праекта My Portugal Moments: Instagram, Facebook і TikTok.

— Узбекістан, Грузію, Турцыю і Партугалію ты ўжо назваў. Што далей?

— Цяпер закрану больш дарагія кірункі — на іншых канцах свету. Калі разглядаць краіны, якія можна наведаць без візы, то вылучыў бы з Паўднёва-Усходняй Азіі дзве краіны: В’етнам і Тайланд (апошні аб’явіў пра намер адмяніць візы ў сакавіку).

На маю думку, Тайланд — самая райская азіяцкая краіна, якая добра прадуманая для турыстаў і падарожнікаў. В’етнам за кошт камуністычнага антуражу (чырвоныя сцягі, лозунгі, помнікі, маўзалеіі і г.д.) трошкі саступае, але трошкі.

Гэтыя краіны больш дарагія для беларусаў з таго пункту гледжання, што туды даражэйшымі будуць пералёты. Але яно таго варта.

У Тайландзе вы знойдзеце і будысцкія святыні, і тусовачныя месцы, і райскія пляжы (як у рэкламе «Баўнці»), і экзатычныя выспы. Кухня — неверагодная смаката. Я калісьці паўгады працаваў ва Уроцлаве ў дастаўцы ў тайскім рэстаране, штодзень еў тайскую ежу — і яна мне не надакучыла, было вельмі смачна. Дарэчы, суп Там Ян упісаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА — як узбекскі ці таджыкскі плоў, ці італьянская піца, ці амаль уся мексіканская кухня.

Aliaksandr Hojšyk
Аляксандр Гойшык у Тайландзе. Фота з асабістага архіва

У Тайландзе людзі даволі добра размаўляюць па-англійску, змогуць з вамі паразумецца. У В’етнаме з гэтым горш, але хтосьці можа звязаць тры словы па-руску. В’етнам да пляжаў і гістарычных месцаў дадае яшчэ і горы. Усюды добра развітая інфраструктура, перасоўвацца можна самастойна. У наш час дзякуючы інтэрнэту свет стаў маленькім — у любой кропцы свету пры пэўнай падрыхтоўцы можна ўсё знайсці і зрабіць адпачынак і камфортным, і недарагім.

У В’етнаме таксама вельмі смачная мясцовая кухня, да таго ж засталася каланіяльная спадчына (краіна была французскай калоніяй): там вельмі распаўсюджана культура кавы — са сваімі гатункамі і спосабамі заварвання.

Aliaksandr Hojšyk
Аляксандр Гойшык у В’етнаме. Фота з асабістага архіва

— Пра Паўднёва-Усходнюю Азію ты сказаў. А што параіш найбольш дасведчаным беларускім падарожнікам?

— Калі казаць пра найбольш дасведчаных і забяспечаных, то параіў бы Лацінскую Амерыку. З беларускім пашпартам без візы можна і варта наведаць перш за ўсё Мексіку, Перу і Бразілію. Зразумела, што пералёты туды дарагія.

З Мексікай ёсць нюанс: туды не вельмі ахвотна пускаюць, патрабуюць штат доказаў (зваротныя квіткі), што ты не пойдзеш штурмаваць амерыканскую мяжу. Я зусім нядаўна вярнуўся з Мексікі: там шмат чаго паглядзець, развітая інфраструктура, смачная кухня, танныя ўнутраныя пералёты. Вельмі раю.

Aliaksandr Hojšyk
Аляксандр Гойшык у Мексіцы. Фота з асабістага архіва

— Але наколькі бяспечна самастойна вандраваць па Мексіцы?

— Праблема ёсць, яна існуе, але ў турыстычных месцах (Канкун, Мехіка-Сіці, Пуэрта-Вальярта) з улікам зацікаўленасці дзяржавы ў турыстах, хадзіць можна вельмі спакойна. Я прыляцеў у Мексіку з Гватэмалы, дзе цяпер знаходжуся, і пасля Гватэмалы быў у захапленні, бо па яе сталіцы проста так не паходзіш, а калі едзеш на машыне, то толькі на таніраванай і з зачыненымі вокнамі.

А ў Мексіцы мы з прадстаўнікамі нашай беларускай дыяспары спакойна хадзілі і ездзілі. Каля месяца таму ў краіне ўспыхнула хваля гвалту з-за помсты з боку наркакартэля за забойства свайго боса, але гэта адбывалася лакальна, па сутнасці ў адным штаце. І тое пацярпелі крамы, бізнес, а не цывільныя людзі. 

Безумоўна, я параіў бы наведаць і Перу: чаго варты толькі знакаміты горад Імперыі інкаў Мачу-Пікчу. Перу — краіна з неверагодна цікавым гістарычным і культурным пластам, да таго ж танная і прыязная. Але трэба трошкі падрыхтавацца, магчыма, трошкі падвучыць іспанскую.

Спіс кірункаў я завяршыў бы Бразіліяй. Тут ужо, калі хадзіць па Сан-Паулу ці Рыа-дэ-Жанэйра, трэба быць больш акуратным з-за ўзроўню злачыннасці. Але краіна не падобная ні на якую іншую — і па культуры, і па прыродзе. Я, напрыклад, праплыў (ці прайшоў, як яны кажуць) бразільскую Амазонію на паромах за 6 дзён. У нечым гэта нагадвала нашае Палессе, дзе адзінае спалучэнне з цывілізацыяй — рака, дзе вёскі стаяць на сваях.

Звярніце ўвагу на беларускага падарожніка Сержа Бузо, які на ровары праехаў усе штаты Бразіліі і стаў папулярным блогерам на Youtube. У джунглях ён сустрэў на дарозе ягуара, гэты ролік стаў вірусным, і цяпер Серж — зорка бразільскіх сацсетак. Яго сустракаюць і дапамагаюць у кожным горадзе.

— Што ты хацеў бы дадаць, падсумоўваючы свой спіс кірункаў на 2026-ты?

— Я — чалавек, які здзейсніў кругасветнае падарожжа, якое доўжылася 1163 дні. Два гады, тры месяцы і адзін тыдзень. Чалавек, які агулам праехаў 95 краін на 5 кантынентах. І я зразумеў, што свет поўны добрых людзей, і самае цікавае ў падарожжах — знаёмства з мясцовай культурай, традыцыямі і жыхарамі.

Калі ў вас ёсць час і жаданне, не варта сядзець дома і адкладаць на заўтра — як кажуць, «потым — суп з катом». А падарожжы — гэта тое, што застанецца з вамі на ўсё жыццё. Успаміны даражэй за грошы.

Антон Навумчык, budzma.org


Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць