У пошуках зніклых кінематаграфістаў. Як дзяржава адчула нястачу творчых кадраў, ад якіх нядаўна з радасцю пазбавілася

Не паспеў актор і міністр культуры Руслан Чарнецкі даціснуць руку паслу Танзаніі ў Беларусі і Расіі падчас афіцыйнай сустрэчы ва ўласным ведамстве, як ужо перастаў быць міністрам культуры. Яго кіраўнічае крэсла без лішніх размоў перадалі ўжо былому міністру інфармацыі і экс-дырэктару тэлеканала АНТ Марату Маркаву. Той, са словаў самога Лукашэнкі, даўно прасіўся ў яго ўзначаліць сферу культуры.

Не паспеў актор і міністр культуры Руслан Чарнецкі даціснуць руку паслу Танзаніі ў Беларусі і Расіі падчас афіцыйнай сустрэчы ва ўласным ведамстве, як ужо перастаў быць міністрам культуры. Яго кіраўнічае крэсла без лішніх размоў перадалі ўжо былому міністру інфармацыі і экс-дырэктару тэлеканала АНТ Марату Маркаву. Той, са словаў самога Лукашэнкі, даўно прасіўся ў яго ўзначаліць сферу культуры.

Настолькі грэблівае стаўленне ўлады да ўласнага топ-чыноўніка, якому з такой жа лёгкасцю даверылі кіраванне, як і пазбавілі яго, вельмі насмяшыла палітызаваную частку беларусаў, якія пачалі абмяркоўваць, якой застанецца ў гісторыі эпоха беларускай культуры пад кіраваннем Чарнецкага. Сышліся на канфлікце са спявачкамі-прапагандысткамі сёстрамі Груздзевымі, якіх Чарнецкі экспрэсіўна выгнаў з кабінета.

Смех смехам, але такія раптоўныя звальненні — агульная практыка прагматычнага беларускага аўтарытарызму, у якім няспынная ратацыя кадраў ужо даўно не баг, а фіча. І тое, што Чарнецкага, які меў да таго толькі багаты досвед працы акторам, знялі пасля 16 месяцаў ад моманту прызначэння, шмат пра што гаворыць.

Найперш пра тое, што на сёння лаяльнасць ёсць хай сабе важнай якасцю для беларускага чыноўніка, але адсутнасць менеджарскіх скілоў яна кампенсаваць не можа. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзяржсектар кіно, які патрабуе шмат рэсурсаў, якіх у дзяржавы з кожным годам рэпрэсій і вайны застаецца усё меней.

Камянём спатыкнення, які ўцягнуў міністра на кар’ернае дно, зноў сталі невырашальныя праблемы на «Беларусьфільме». Яны яшчэ мінулым летам сталі ідэальнай нагодай для дэманстрацыі бліскучага піяр-шоу Лукашэнкі. Трэба мець сапраўдны талент, каб чатыры дзесяцігоддзі разносіць нядбайных чыноўнікаў, якія ўсё ніяк не хочуць нармальна працаваць пад яго кантролем.

Пасля публічных лупцаванняў Чарнецкі шчодра сыпаў абяцаннямі. Што «Беларусьфільм» пачне зарабляць з таго, што здымае. Што на студыі з’явіцца свежая кроў, і ёй дадуць разгуляцца. Што дзяржкіно нарэшце зробіць мастацкі прарыў, які заўважыць не толькі Адміністрацыя прэзідэнта, але і простыя беларусы. Вось толькі пры ім дзяржкіно як стварала ідэалагічныя стужкі, так і працягнула, хіба толькі пераарыентаваўшыся на моладзь. І хаця прапаганда трубіла аб запатрабаванасці кіно ў гледачоў, сам рэжым яўна так не лічыў.

markau.jpg
Марат Маркаў. Фота: Белта

Менавіта таму, толькі заступіўшы на міністэрскую пасаду, Маркаў пачаў разважаць менавіта аб праблемах дзяржаўнай кінавытворчасці. А дакладней — пра дэфіцыт творчых кадраў.

«Трэба займацца шчыльна, шукаць таленты перш за ўсё сярод сцэнарыстаў, рэжысёраў... У нас ёсць таленавітыя акцёры, але без добрага сцэнарыя і таленавітай рэжысуры эфекту не будзе. Я вельмі спадзяюся, што ў маю бытнасць міністрам у нас у гэтым плане будуць зрухі.

<...> На мой погляд, для людзей творчых (а сфера культуры самая што ні на ёсць творчая) трэба ствараць умовы для рэалізацыі. І гэта першае, на што варта звярнуць увагу. Трэба дапамагчы людзям рэалізавацца, бо іх поспех будзе поспехам усёй сферы і міністра».

Не патлумачыў прызначэнец толькі адзін, але самы галоўны момант: як так сталася, што пры наяўнасці ўсіх магчымасцяў няма каму пісаць сцэнары і займацца іх пастаноўкамі? Тут, як у тым савецкім анекдоце, калі галоўнае цягам расследавання — не выйсці на саміх сябе.

Бо сапраўды, дзяржава рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб пазбавіцца сапраўды таленавітых кінематаграфістаў.

Спачатку Мінкульт пад маркай аптымізацыі вывеў па-за штат або звольніў большасць супрацоўнікаў «Беларусьфільма». Патрабаванні да дзяржконкурсаў кінапраектаў сталі больш жорсткімі. Пасля 2020-га пачаліся рэпрэсіўныя зачысткі, калі КДБ стаў правяраць на лаяльнасць да ўлады ўсе працоўныя кадры. І канкурэнтаздольныя кінематаграфісты ўмомант разбегліся, хто ў Еўрасаюз, а хто і ў Расію.

А вось Мінкульт застаўся сам-насам з тымі, хто гатовы здымаць хоць фільмы пра доблесць сілавікоў падчас падаўлення пратэстаў, хоць пра патрыятызм прапагандыстаў на дзяржзаробку. Абы толькі плацілі і давалі яшчэ замовы. Сапраўдныя таленты зніклі, і вельмі сумніўна, што яны імгненна павырастаюць з былых студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

Магчыма, зноў давядзецца запрашаць «збітых лётчыкаў» з расійскай кінаіндустрыі за вялікія ганарары, каб яны знялі чарговы фільм пра тое, якое бесклапотнае жыццё ў Беларусі. Зрэшты, «Беларусьфільм», які за чатыры дзесяцігоддзі зведаў і не такое, да любога выкліку гатовы. Вось толькі веры ў тое, што вынік такой калабарацыі ўсіх задаволіць, усё яшчэ няма.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць