Памёр народны артыст Беларусі Уладзімір Экнадзіёсаў

Ураджэнец Расіі казаў у Оперным тэатры: «Хлопцы, але ж вы спяваеце на італьянскай, нямецкай, англійскай... Але чаму ж вы не хочаце спяваць на сваёй роднай беларускай мове?»

Uladzimir Eknadzijosaŭ
Фота: Вялікі тэатр Беларусі

Выдатны дзеяч мастацтва адышоў з жыцця 14 красавіка на 79‑м годзе жыцця, піша «Наша Ніва» са спасылкай на Вялікі тэатр Беларусі.

Уладзімір Экнадзіёсаў нарадзіўся ў в. Аляксееўка Растоўскай вобласці Расіі 8 мая 1947 года.

Будучы студэнтам Растоўскага культпрасветвучылішча, ён стаў пераможцам Усесаюзнага агляду мастацкай самадзейнасці як саліст-балалаечнік і атрымаў права выступіць на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў. Скончыў Уральскую кансерваторыю (1973), працаваў у Свярдлоўску і Краснаярску, на сцэнах тэатраў музычнай камедыі.

Пераломным момантам у лёсе артыста стаў 1977 год: удзел ва Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі ў Ташкенце прынёс яму званне лаўрэата. Менавіта тут, на конкурсе, яго пачуў дырыжор Беларускага опернага тэатра, народны артыст СССР Яраслаў Вошчак. Гэта сустрэча стала лёсавызначальнай.

У Беларускі тэатр оперы і балета Уладзімір Экнадзіёсаў быў запрошаны ў 1978 годзе.

1978 па 1995 год Экнадзіёсаў быў салістам Вялікага тэатра Беларусі, а з 2002 года — яго рэжысёрам.

Прыйшоўшы ў тэатр, ён сутыкнуўся з парадаксальнай сітуацыяй: многія артысты не хацелі спяваць на беларускай мове. Ён шчыра не разумеў гэтага: «Я нашым беларусам казаў: «Хлопцы, але ж вы спяваеце на італьянскай, нямецкай, англійскай... Але чаму ж вы не хочаце спяваць на сваёй роднай беларускай мове?».

Менавіта ён стварыў шэраг яркіх вобразаў у операх нацыянальнага рэпертуару: Раман («Сівая легенда» Д. Смольскага), Ціханаў і Кудраўцаў («Сцежкай жыцця»), Войшалк («Князь Наваградскі»), Джардана Бруна, Майстар («Майстар і Маргарыта» Я. Глебава), Дубатоўк у «Дзікім паляванні» Солтана, за ўвасабленне якой артыст быў удастоены Дзяржаўнай прэміі.

Таксама яму належаць П’ер Бязухаў, Герман, Рычард, Радэмес, Хасэ, Каварадосі, Дон Карлас, Герцаг, Альфрэд.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць