Быць беларускай — гэта назаўсёды. Івонка Сурвілла адзначае 90-годдзе

«Беларусь вызваліцца і стане нармальнай еўрапейскай краінай. Краінай дэмакратычнай, якая будзе шанаваць сваю беларускасць, якая будзе развіваць сваю культуру, свой дабрабыт, — кажа старшыня Рады БНР у інтэрв’ю з нагоды свайго юбілею.

11 красавіка старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначае 90-годдзе. «Будзьма беларусамі» сардэчна віншуе спадарыню Івонку з Днём народзінаў. Напярэдадні юбілею распыталі слынную беларускую дзяячку пра тое, у чым сакрэт яе бадзёрасці ў такім паважаным узросце, з чым звязаныя яе дзіцячыя успаміны пра Беларусь, пра што шкадуе і чаго яна жадае беларусам

— Настрой? Ведаеце, даволі прыемны. Я нават і не спадзявалася атрымаць столькі цудоўнага з усіх бакоў, прыязнасці, любові… Усе захапляюцца маёй бадзёрасцю — гэта самае прыемнае (смяецца). Буду святкаваць — і святкаваць вельмі прыгожа.

У нядзелю, 12 красавіка, пройдзе прэзентацыя маёй кнігі, перакладзенай на беларускую мову, якую вязе сюды Сяргей Падсасонны.

Сёння будзе вячэра з найбліжэйшымі беларусамі тут, а ў нядзелю вялікае святкаванне — прыедуць беларусы з іншых канцоў Канады. Тут вялізныя адлегласці, я вельмі ўдзячная, што людзі ў такія падарожжы выпраўляюцца, каб адзначыць маё свята.

01.jpg

Івонка Сурвілла


Так што я вельмі цешуся сёння, ведаеце, вельмі прыемна, калі адчуваеш столькі сяброў вакол сябе, столькі любові, столькі надзвычайных эмоцый. Вялікі дзень у маім жыцці — 90 гадоў усё ж такі вялікі век, праўда?

Вы сказалі пра бадзёрасць, якой усе захапляюцца. Пры гэтым працуеце, узначальваеце Раду БНР ад 1997 году, сочыце за беларускім парадкам дня і ўдзельнічаеце ў ім. У чым сакрэт?

— Шмат сакрэтаў не маю. У вялікай меры мне гэта перадалося ад бацькоў — гены любові да Беларусі. І я ўсё жыццё гэтым жыла. 82 гады на чужыне ўсё ж такі шмат, праўда? Але мы захавалі і мову, і любоў да Беларусі. Так што гэта як бы такі падарунак майму жыццю. Я маю Бацькаўшчыну, якую ніколі не траціла. І хаця была далёка, хаця па ёй тужыла ўсё жыццё, але і любіла ўсё жыццё, і заўсёды чулася беларускаю, адчувала гэтую прыналежнасць да беларускай зямлі. І гэта мне шмат памагала ў жыцці.

ivonka_survila_backi_stoubcy_1936_1937.jpg

Івонка з бацькамі, Стоўбцы, 1937 г.


Вы пакінулі Беларусь у восем год. Фундамент вашайбеларускасці — гэта сямейне выхаванне?

— Так, абсалютна. Я і мой брат выхоўваліся ў сапраўды беларускай сям’і і засталіся на ўсё жыццё беларусамі. У нашай сям’і ніколі не гаварылася на іншай мове, як па-беларуску. Мы прыехалі ў Данію, былі ў бежанскім лагеры. Але нават там тата кожную раніцу даваў мне і брату лекцыі па-беларуску па гісторыі і матэматыцы. Мне было дзевяць, браціку — восем, але мы ўжо пісалі па-беларуску і чыталі па-беларуску. Кнігі нам прывёз спадар Абрамчык (Мікола Абрамчык — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, інжынер. Прэзідэнт Рады БНР ад 1947-га па 1970 год — Р.С.). Дзве кнігі толькі, дзе знойдзеш больш… «Сымон-музыка» Якуба Коласа і зборнік вершаў Ларысы Геніюш. Чыталі іх з братам услых. Памятаю, чытаю «Сымона-музыку» і пачынаю плакаць, тады перадавала кнігу браціку, то ён ужо чытае, пакуль не пачне сам плакаць. І мы так, плачучы, перачытвалі ўсю кнігу, уяўляеце?

Так што Беларусь была часткай нашага жыцця заўсёды. Нават не прыйшло б у галаву ўважаць сябе за іншых.

ivonka_survila_backi_brat_1946_danske.jpg

Івонка з бацькамі і братам, 1946 год


У адным з інтэрв’ю вы назвалі сябе голасам Беларусі. Што мелі на ўвазе?

— Гэта вельмі важнае пытанне.

Свет не ведаў пра нас, беларусаў, бо маскоўская палітыка хавала Беларусь, каб лягчэй было праглынуць. І нам трэба было ўвесь час змагацца, каб неяк паставіць Беларусь на мапу свету.

Памятаю, былі такія нормы ISO (International Organization for Standardization, створаная ў 1947 годзе — Р.С.). І неяк трапіла мне ў рукі кніга па мовах свету, дзе кожная мова была напісаная мовай той краіны, адкуль яна паходзіла, у арыгінале. Французская — le français і гэтак далей. Беларуская ж мова нават не была па-беларуску названая, было там: белорусский язык.

І мяне гэта так уразіла, збянтэжыла, узрушыла, што я пайшла да свайго кіраўніка — а тады я працавала у Міністэрстве ўнутраных справаў Канады. Занесла свайму дырэктару стос папераў, доказаў пра існаванне беларускай мовы. Ён, на шчасце, меў сябра, які прадстаўляў Канаду ў гэтай International Organization for Standardization. І тады, нарэшце, яны пачалі пісаць у дакументах «беларуская мова». Падкрэслю, дзякуючы нам, беларусам у замежжы, а не дзякуючы Менску.

ivonka_survila_muzh_dzeci_madryd_1964.jpg

Івонка і Янка Сурвіллы з дзецьмі, Мадрыд, 1964 год


І такую працу мы рабілі праз усе гэтыя гады, а, як вядома, рада БНР у замежжы існуе ўжо 106 гадоў. І ўвесь гэты час мы змагаліся за Беларусь, за беларускую незалежнасць і за тое, каб людзі ў свеце ведалі пра Беларусь. Дык ці гэта не было голасам Беларусі тады, калі беларускі народ не меў права на голас?

Цяжкая праца. Але ж янамела і вынікі — Беларусьцяпер не такая белая пляма на сусветнай мапе.

— Ад 2020 году дакладна не белая пляма. Свет звяртае ўвагу на тое, што робіцца ў Беларусі ад таго часу, калі беларусы паказалі сябе на вуліцах з беларускімі сцягамі, паказалі, што хочуць волі і незалежнасці. І велізарную працу робіць Святлана Ціханоўская сваёй прысутнасцю ўсюды, дзе можна сказаць, што Беларусь існуе, што Беларусь не ваюе супраць Украіны. Яна расказвае не толькі пра нашых вязняў — кажа пра ўсё беларускае, пра культуру, пра народ. Яна ўсе гэтыя гады робіць тую працу, якую некалі рабілі толькі мы. Святлана, яе каманда, працягвае гэтае нашае змаганне за Беларусь. Можна сказаць, цяпер мы разам робім гэтую працу.

ivonka_survila_svyatlana_cikhanouskaya_2024_canada_press_SC.jpg

Івонка Сурвілла і Святлана Ціханоўская, Канада, 2024 год


Вы рэгулярна з ёй у кантакце?

— Так. Вось учора мне званіла, было вельмі прыемна пачуць віншаванні.

Але ж вы ведаеце, напэўна, што зараз у беларускай эміграцыі шмат спрэчак, сварак, абвінавачанняў — відавочных перамог, якіх хацелася б, няма, шмат расчараванняў і гэтак далей?

— Я якраз хацела сказаць і пра гэта. Пра пачуццё нацыянальнай еднасці, якога, мне здаецца, так не хапае беларусам. Ведаеце, у той час, калі існуе такая небяспека для нашага народу ад постімперскіх намераў Расеі, калі мы ўсе мусім змагацца за наш край, бачыць, як людзі сварацца між сабой, — гэта мне вельмі баліць.

Мы цяпер мусім быць з’яднаныя як ніколі, каб змагацца супраць ворагаў, каб падтрымліваць адзін аднога.

Тым больш, што ў Беларусі пачаўся новы наступ русіфікацыі. І найгорш, што беларусы, якія маглі б у Беларусі неяк старацца захаваць сваю беларускасць, сваю мову, сваё у школах, старацца, каб беларускасць была больш прысутная, не робяць гэтага. Але людзі, напэўна, баяцца і думаюць, як бы толькі перажыць гэтыя часы. А калі думаеш толькі пра тое, «як перажыць», то не застаецца месца на вышэйшыя каштоўнасці, вышэйшыя ідэалы. Гэта цалкам зразумела, канешне. Натуральна, што ў людзях страх пасяліўся.

Але застаюцца рэчы, якія нават нягледзячы на страх можна было б рабіць між сабою, хаця б гаварыць па-беларуску. Чаму гэтага не робяць? Чаму нават гэтага не разумеюць? Не разумеюць, што змянілі падручнікі беларускія ў Беларусі на расейскія, што гісторыя ім выкладаецца расейская, што робіцца гэты захоп, фактычна робіцца пакрысе поўная акупацыя Беларусі. Кожны ж можа ў межах сваёй сям’і нешта рабіць. Вось глядзіце, мае бацькі на чужыне мяне выхоўвалі, я сама ў пяці краінах жыла. Але ж я і на чужыне гаварыла і гавару па-беларуску, а ў Беларусі людзі не могуць гаварыць па-беларуску… Прыкра. Зразумела, што нават проста гаварэнне на беларускай мове ўладай можа адчувацца як нейкая небяспека для сябе, але ж, думаю, мусіць быць спосаб усё ж такі захаваць сваю беларускасць у душы. Спадзяюся, што беларускасць захаваецца.

Ці памятаеце Беларусь вашага дзяцінства?

— Канешне, я заўсёды мела добрую памяць, так што вельмі добра памятаю. Другая сусветная пачалася, як мне было тры гады.

Саветы вельмі хутка пасля гэтага арыштавалі тату, ён працаваў намеснікам начальніка электрастанцыі чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральная. Памятаю слёзы мамы, яна плакала кожны дзень, кожны дзень старалася неяк даказаць, што ён не вінаваты. Не разумелі ж мы тады яшчэ, што такое Саветы.

Пасля арышту таты мама выехала з намі ў Засулле пад Стоўбцамі да маіх дзядоў з боку таты. Гэта адзіны час майго дзяцінства, які я ўзгадваю з адной толькі прыемнасцю. Як мая бабуля мяне клікала раніцай на бліны са смятанаю, як дзед нам на печцы расказваў казкі, як раніцай чула пеўніка, што спяваў проста пад вокнамі. І памятаю, як выглядалі яблыні ў кветках.

Але, апрача гэта часу ў Засуллі, астатнія ўспаміны — вайна. Калі мы ўжо вярнуліся ў Баранавічы, пачаліся бамбаванні. Ніколі я пасля Засулля не ведала дзяцінства — аж пакуль не даехалі да Даніі ў 1944-м. Дарэчы, вось гэтую кнігу, што будзем прэзентаваць, я напісала праз 20 гадоў пасля вайны, таму што не магла пра гэта нават думаць, успамінаць. Калі пачынала ўспамінаць, то спаць не магла.

Шлях ад Баранавічаў да Даніі заняў 10 месяцаў. Гэта было штосьці страшнае, сапраўды страшнае. На кожным кроку я, дзіця, адчувала, што можам загінуць. Без тых цудаў, якія з намі тады невядома чаму здарыліся і якія цяжка сабе ўявіць, мы б туды не дабраліся. І толькі ў Даніі ў мяне з’явіліся сябры дзяцінства. Дацкія людзі — вельмі добры, цудоўны народ. Я там сябе нарэшце як дома, пайшла ў школу, хутка навучылася праз сяброў дацкай мове. Але пасля мусілі ехаць далей, бо Данія не магла ўтрымаць тыя сотні тысяч бежанцаў.

Выехалі ў Францыю. Як жартаваў тата, каб можна было змагчы пешкі ў Беларусь вярнуцца. Тамака я ўжо жыла 11 гадоў, пакуль не скончыла навукі. Але напачатку з французамі прыйшлося цяжка .

Чаму?

— Па-першае, я ўжо ведала дацкую і ўжо была вытрымала экзамен у сярэднюю школу. А ў Францыі трэба было зноў распачынаць у пачатковай, каб авалодаць французскай. І дзеці французскія не такія ветлівыя да мяне былі. Вось навучылі мяне дрэнным французскім словам, а потым смяяліся, калі я іх гаварыла, думаючы, што яны не дрэнныя (смяецца). Карацей, страшэнныя часы для мяне былі напачатку ў Францыі.

Але пасля навучылася мове, палюбіла французскую культуру. Францыя мае вельмі шмат таго, што можа даць свету.

Пасля я 10 гадоў з мужам жыла ў Гішпаніі. Мы з Янкам рабілі беларускія радыёперадачы. Пасля закрыцця радыё знайшлася магчымасць пераехаць у Канаду, але гэта ўжо было не бежанства, а праз конкурс, экзамены. Канада аплаціла дарогу, прыняла нас.

ivonka_survila_taleda_spain_1960.jpg

Івонка Сурвілла, Таледа, Іспанія, 1960 год


А ў Канадзе ўжо працягвалі рабіць, што маглі, для беларускай справы. Чарнобыльскі фонд і розныя іншыя рэчы. Сем гадоў, пакуль мяне не выбралі старшынёй Рады БНР, я днём і ноччу займалася Чарнобыльскім фондам. За гэты час без аднаго цэнту дапамогі ад ураду прывезлі 5500 беларускіх дзетак на аздараўленне і лячэнне ў Канаду — усё праз прыватныя зборы.

Вы ж тады якраз і наведалі Беларусь?

— Так, Генадзь Грушавы запрасіў нас у 1992 годзе на канферэнцыю «Свет пасля Чарнобыля». Як самалёт прызямляўся ў Менску, дык гэта быў адзін з найбольш шчаслівых момантаў майго жыцця.

А на канферэнцыі напаткала расчараванне, бо ўсё гаварылася па-расейску. Мне даводзілася слухаць выступы ў перакладзе на ангельскую, бо не разумела расейскай, я ж у расейскай школе ніколі не вучылася. Так што канферэнцыя мяне гэтым расчаравала, але людзі там былі цудоўныя. Прынялі надзвычайна, усё паказалі, што маглі паказаць.

ivonka_survila_dzeci_charnobyl_fund_canada_1992.jpg

Івонка Сурвілла ў Фондзе «Дзеці Чарнобыля» 


Звазілі нас і ў Засулле, дзе я была маленькай, і на Смаргоншчыну, адкуль паходзіў Янка, мой муж. За 12 дзён тады назбірала ўспамінаў, якімі дагэтуль жыву.

Пэўна, у Засуллі ўжо мала што нагадвала тую Беларусь, якую вы памяталі?

— Дык і я ж за гэты час шмат чаго перажыла і шмат што бачыла, да таго ж, ведала таксама пра ўсё, што рабілася ў Савецкім Саюзе. Радасць ад паездкі ў Беларусь ужо сама па сабе была радасцю. Таго Засулля, што я памятала пяцігадовай, безумоўна, ужо не было і не магло быць. Але людзі былі такія самыя. Хата дзедаўская, дарэчы, яшчэ стаяла, але там ужо жыў нейкі працаўнік мясцовага калгасу. Але атрымалася пабачыць цёцю з боку бацькі і цёцю з боку мамы, родных сясцёр таты і мамы.

Прывезла з Беларусі цэлыя куфары ўспамінаў. Для мяне было найбольш важна тады, што Беларусь стала вольнай. Была надзея, што усё зменіцца на лепшае. Адзінае, чым я тады моцна пераймалася, гэта Чарнобыль. Я вельмі перажывала гэтую трагедыю. Былі страшэнныя выпадкі, цяжкія сустрэчы з маткамі хворых дзетак. Але мы дзеля гэтага працавалі. Каб дапамагчы ім, рабілі, што маглі.

Што вас спыніла ад вяртання ў Беларусь назаўсёды?

— А ці ведаеце вы, што тады беларускаму эмігранту ў Беларусі нават не было дазволена купіць сабе хату? Мы былі беларусамі, але нас лічылі за чужынцаў. І гэта так балела, так моцна раніла сэрца — мы ж цэлае жыццё пражылі Беларуссю і для Беларусі! А нам не можна было адкупіць бацькаўскай хаты ў Беларусі. Як так?!

Беларусы ў эміграцыі штогод на 25 сакавіка гаварылі пра тое, што ўсе імперыі развальваюцца, разваліцца і гэта імперыя — і тады вернемся ў Беларусь. А як прыйшлося, то аказалася, што можам толькі ездзіць адведваць. Не можна было нават затрымацца там. А вось расейцы маглі здабываць у Беларусі нерухомасць. Толькі беларусам-эмігрантам было забаронена. Мы хацелі купіць сабе кавалачак зямлі і пабудаваць сабе штосьці там. Але не маглі гэтага зрабіць. Гэта цяжка ўявіць. Жах нейкі, праўда?

Ці ёсць у вас аптымістычнае бачанне беларускай будучыні?

— Ведаеце, я не магла б жыць без надзеі і веры ў перамогу. Практычна адзінае, пра што я шкадую, гэта што магу не паспець пабачыць таго, як Беларусь вызваліцца і стане нармальнай еўрапейскай краінай. Краінай дэмакратычнай, краінай, якая будзе шанаваць сваю беларускасць, якая будзе развіваць сваю культуру, свой дабрабыт. Я думаю, што мы будзем не горшай краінай за Данію, а Данія для мяне — ідэальная краіна.

02.jpg

Івонка Сурвілла


У кожнага ёсць магчымасць штосьці зрабіць для Беларусі. Мне было дадзена вялікае шчасце, калі (хоць і не хацела) я стала старшынёй Рады БНР. Але, паўтаруся, кожны чалавек можа зрабіць штосьці добрае для Беларусі. Хаця б, напрыклад, жыць так, каб пра кожнага беларуса ведалі, што беларус — гэта добры чалавек, а Беларусь — цудоўная краіна, якая на пэўны час папалася ў лапы нягоднікаў.

Адно з нашых няшчасцяў у гісторыі — тое, што мы ў 1918-м не мелі прыяцеляў на Захадзе, нідзе не мелі. Нас не было каму падтрымаць і бараніць. З-за гэтага, магчыма, не атрымалі таго жыццёва неабходнага прызнання ў свеце. Таму трэба старацца здабыць прыяцеляў, старацца, каб пра Беларусь ведалі, каб ведалі, што Беларусь — не агрэсар, а краіна, паняволеная здраднікам.

Жадаю ўсім беларусам шчасця, перамогі і вольнай незалежнай сваёй дзяржавы.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org,
фота з асабістага архіву Івонкі Сурвіллы