Як змясціць 1000-гадовую гісторыю свайго горада ў дынамічны ролік на 5 хвілін? Як знайсці каманду аднадумцаў і не спатыкнуцца аб вострыя камяні ідэалогіі? Як пасля прыняць больш за сотню падзякаў і вытрымаць крытыку нядобразычліўцаў?
Марыя Булавінская, гісторык з Гомеля, разам з творчай камандай краязнаўцаў і мастакоў амаль год таму запусціла ў сеціва анімаваны ролік “Тысячагадовая гісторыя Гомеля”.
Сёння яна распавядае не толькі пра матывацыю да працы і гісторыю стварэння, але і пра фідбэк, які атрымала за год, пакуль ролік на канале Youtube прагледзела ўжо амаль 15 000 чалавек. Усяго ж на розных пляцоўках, з большага ў сацсетках, гледачоў назбіралася каля 70 000 чалавек.
– Як у вас з’явілася ідэя зрабіць такі ролік?
– Ідэя нарадзілася даўно, яшчэ калі толькі з’явіўся ролік “Будзьма беларусамі!”. Ролік нас і натхніў, маўляў, чаму б не зрабіць нешта падобнае пра гісторыю Гомеля за 5 хвілін? У нашым горадзе папулярызуецца гісторыя ХІХ ст., часоў Расійскай імперыі, калі тут дзейнічалі Румянцавы, Паскевічы. А вось пра “дарумянцаўскія” часы гамельчукі амаль нічога не ведаюць.
Такім чынам, мы хацелі з дапамогай роліка прыгожа і папулярна распавесці пра невядомыя старонкі гісторыі Гомеля. Арыентаваліся мы на тое, каб ролік быў цікавы акурат гамельчукам.
– Акрамя роліка “Будзьма беларусамі!” вы арыентаваліся на нейкія аналагі?
– Ведаю, што такія ролікі ў стылі “гісторыя за 5 хвілін” ёсць таксама ў Літве, у Польшчы. Мы шмат чаго прагледзелі, але зрабіць хацелася менавіта сваё, непаўторнае. Шукалі розныя тэхнікі, але спыніліся на анімацыі.
У нашай камандзе быў вельмі добры мастак – Філіп Какоша. З ім дамовіліся пра тэхніку выканання, візуальныя планы. Мабыць, можна было зрабіць і складаней, але такой справай мы займаліся ўпершыню і разлічвалі адно на свае сілы.
– Папулярызаваць гісторыю, на вашу думку, больш перспектыўна з дапамогай дынамічных кароткіх відэа і сацыяльных сетак або як у “старыя добрыя часы” – кніжкамі?
– І кнігі, і відэа, і сацсеткі могуць суіснаваць, натуральна. Кожнаму свой фармат. Магчыма, у нашы часы кнігі менш папулярныя, людзі імкнуцца атрымліваць інфармацыю з мультымедыйных, візуальных крыніцаў. На маю думку, будучыня акурат за гэтымі фарматамі. Зрэшты, калі кніга цікавая і сапраўды якасна выдадзеная, чаму б і не.
– Але каб стварыць нават кароткі, але якасны і сэнсоўны ролік, мабыць, не адну кнігу трэба перачытаць…
– Так, згодная. Над сцэнаром у нас працавалі гісторыкі: Сяргей Балахонаў, Юры Панкоў, я. Былі кансультанты таксама. Ведаеце, каб усё атрымалася якасна нават у папулярным жанры, каб адабраць і сцісла падаць найбольш важныя факты, патрэбныя прафесіяналы!
– Ці былі ў камандзе спрэчкі наконт ступені важнасці герояў альбо гістарычных эпізодаў?
– Жорсткіх спрэчак не было – мы ж каманда аднадумцаў. Разам з тым, у кожнага свая ўлюбёная эпоха. На тэму нашых унутраных ідэйных “баталіяў” мастак у перапісцы нават асобныя коміксы маляваў – жартаваў такім чынам (смяецца). Нехта хацеў больш кантэнту пра XVII–XVIII стст., нехта яшчэ нечага хацеў… Галоўнае, што прыйшлі да згоды.
– У роліку шмат герояў – Альгерд, Бадунова, Сухі, Румянцаў, Паскевіч ды іншыя. Хто для вас асабіста галоўны герой гісторыі Гомеля?
– Станіслаў Шабунеўскі, архітэктар горада. Да яго прыходу Гомель нічым асаблівым не адрозніваўся ад іншых правінцыйных гарадоў Беларусі канца ХІХ ст: крамкі, адна- і двухпавярховыя прыбытковыя дамы… Прафесійнай архітэктуры было вобмаль. Так, быў палац. Так, тут працаваў ангельскі архітэктар Джон Кларк. Але па факце горад не вылучаўся сярод іншых.
З прыходам Шабунеўскага (а быў ён зусім малады, пасля інстытута) горад набыў свой твар! Станіслаў Шабунеўскі працаваў і да рэвалюцыі, і ў савецкія часы. Яго творы ўвайшлі ў скарбонку найлепшых будынкаў Беларусі канца ХІХ – першай паловы ХХ стст.
– А яшчэ?
– Сярод іншых герояў, канечне, Палута Бадунова, дзяячка БНР, якая паходзіла з Гомеля. На вялікі жаль, і яе памяць, і памяць Шабунеўскага пакуль не ўшанаваныя належным чынам.
– З моманту выхаду роліка прайшоў амаль год – ці атрымалі вы нейкі фідбэк?
– Мне было неймаверна цікава дазнацца, як гамельчукі паставіліся да роліка! Мы атрымалі нечакана шмат водгукаў: больш за сто са словамі падзякі. Пераказваць і хваліцца не буду, навошта? (смяецца)
– А што наконт крытыкі?
– Крытычныя водгукі ў асноўным былі ад праціўнікаў нацыянальнай гісторыі. Пісалі, маўляў, ролік стварылі “русафобы”, “якая БНР”, “чаму Другая сусветная, а не Вялікая Айчынная?” і г.д. – фразы-штампы. Пісалі, чаму мы не распавялі пра індустрыяльны ўздым сярэдзіны ХХ ст… Але каго, даруйце, індустрыялізацыя можа на нешта натхніць, заахвоціць?
Нам таксама казалі, што чыноўнікі абмяркоўвалі ролік і прыйшлі да высновы, што яго можна было б і ў школах паказваць, калі б не бел-чырвона-белыя сцягі і згадка пра рэпрэсіі 1930-х. Але як гэта можна прыбраць з гісторыі? Як можна замоўчваць старонкі мінулага? Гэта ж вельмі важна!
– То бок крытыка тычылася ідэалогіі роліка, а не гістарычнай фактуры ці якасці?
– Менавіта. І ў гэтым сэнсе мне нават падабаліся крытычныя каментары, маўляў, “гэта сапраўды якасны прадукт, ім напэўна шмат заплацілі…” Наконт “шмат заплацілі” мне смешна, затое нават крытыкі прызналі што наш прадукт якасны.
– Чаго не хапае нашым гарадам і мястэчкам для стварэння прывабнага вобразу сваёй мінуўшчыны?
– Мінуўшчына ў нас сама па сабе прывабная, але не хапае пунктаў прыцягнення, якія б распавялі пра гэтую мінуўшчыну. Што для гэтага трэба? Каб было самакіраванне і гараджане ўдзельнічалі ў жыцці свайго горада: самі прапаноўвалі, якія помнікі хочуць бачыць, як маюць называцца вуліцы. І, канечне ж, удзел у гэтым працэсе спецыялістаў: гісторыкаў, краязнаўцаў, архітэктараў. А ў нас гараджане не могуць нічога… Колькі ні прасі – не паставяць пры гэтай уладзе помнік Шабунеўскаму.
– Ён жа не палітык, а архітэктар. У СССР таксама працаваў, будаваў для горада… Чаму не паставяць?
– У 2000-х нават быў падпісаны ўказ аб усталяванні помніка Шабунеўскаму, былі эскізы, праведзены конкурс, адабраныя пераможцы… Але ён быў рэпрэсаваны, таму, напэўна, працэс і спынілі. Таксама важна, што сёння больш у пашане сілавікі, чым творцы. Менавіта ім пастаўленая вялізная колькасць помнікаў.
– Ці працуеце цяпер над нечым у падобным фармаце?
– Так, цягам трох тыдняў будзе прэзентаваны вялікі фільм, прысвечаны акурат Станіславу Шабунеўскаму. Ствараўся ён для канала “Белсат”, там жа яго і пакажуць. Для фільма, як і для роліка, працаваў той жа мастак – Філіп Какоша. Думаем зацікавіць гамельчукоў і лёсам чалавека, і лёсам ягоных будынкаў. Назва – “Рэпрэсаваная архітэктура”.
– Чаму такая назва?
– Бо рэпрэсаваны фактычна быў не толькі сам архітэктар, але і ягоныя творы. Пасля вайны шмат ягоных шэдэўраў у стылі мадэрн беспадстаўна зносіліся альбо перабудоўваліся да непазнавальнасці… У модзе быў сталінскі ампір.
– Што б вы параілі іншым краязнаўцам і гісторыкам, якія мараць аб папулярызацыі лакальнай спадчыны?
– Галоўнае – знайсці каманду аднадумцаў, якія будуць гарэць гэтым, якія будуць спецыялістамі ў нейкай сферы, якім будзе падабацца тэма. Тады ўсё атрымаецца! Як іх знайсці і згуртаваць? У нас атрымалася дзякуючы краязнаўчай суполцы “Пошукі старога Гомеля” ў “Вконтакте”. Праз яе мы і знайшлі адно аднаго. Я ўпэўненая, што такая каманда здольных і таленавітых людзей ёсць у кожным горадзе!
Алесь Кіркевіч