У Вільні адкрылася выстава «Беларускі мартыралог» - серыя партрэтаў беларускіх палітзняволеных мастачкі Ксішы Анёлавай. У размове з budzma.org мастачка распавядае пра працяг працы «па зароку», чаму яна кіруецца не афіцыйным спісам палітзняволеных і пра сакрэты жанру «партрэты на шпалерах».
Ксіша Анёлава
Увечары 21 лістапада ў музеі Юргіса і Марыі Шлапялісаў у цэнтры Вільні на Піліс, 40 – аншлаг, партрэты палітзняволеных аўтарства Ксішы Анёлавай займаюць галоўную залю і скляпенне пад музеем, сярод гасцей – беларускія і літоўскія палітыкі, былыя палітзняволеныя, беларусы.
Адкрыццё пераўтвараецца ў імпрэзу з зачытваннем лістоў палітзняволеных, якой папярэднічаюць спачатку пратакольныя выступы, а потым, можна сказаць, пачынаецца фармат «вольнага мікрафону».
Выстава толькі прайшла ў Еўрапарламенце, у Вільні – іншая аўдыторыя, былыя палітвязні знаходзяць сябе на партрэтах Ксішы і стараюцца пагаварыць з мастачкай.
«Вельмі кранальна, што столькі людзей прыйшло, - заўважае Ксіша Анёлава ў размове з карэспандэнтам budzma.org. - Але я ведаю кошт увагі, тры дні перад выставай пісала тым, пра каго ведала, што яны пасля вызвалення ў Вільні. І рада бачыць усіх. Студэнтка Ася Булыбенка – такая прыгожая нажыва, што, пэўна, перапішу яе партрэт (смяецца)».
Ксіша Анёлава — беларуская мастачка, іканапісец і ўнучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Ніканора Ярашэвіча. У 2020 годзе яна пачала маляваць партрэты палітычных зняволеных і пацярпелых ад гвалту рэжыму — спачатку пад псеўданімам свайго рэпрэсаванага дзеда, а пасля і ад уласнага імя. Дала ў 2020-м зарок пісаць партрэты ахвяр рэжыму, пакуль не будзе вызвалены апошні палітвязень.
Ася Булыбенка
- Зарок, на жаль, працягваеце без адрыву на іншыя творы?
- Так, зарок цягнецца. І я сабе хлушу трошачкі, што не толькі гэтым жыву, а па выніку – толькі. Творца не можа сябе так абмяжоўваць, і таму і на тое, і на тое раблю замах – і не даю рады. Вось я адчуваю ўжо па ацэнках іншых – прыязджала да мяне мастачка з Беларусь – і кажа: ну, давай паказвай, што ў цябе там новага? У мяне няма майстэрні, то пайшлі па пакоях, хацела ёй штосьці паказаць, а яна: дык у цябе няма нічога! Цэлы час штосьці раблю, але па выніку ў мяне сапраўды нічога новага няма.
Ксіша Анёлава і Святлана Ціханоўская
Ведаю, што «Будзьма беларусамі» накіраваны на агляд культурніцкага жыцця, таму вось вам сёння і скажу: я не разглядаю гэты праект як мастацкі праект. Я не паспяваю рэфлексаваць як мусіць рэфлексаваць творца. Кшталту, тут вось трэба падправіць, тут дадаць, тут яшчэ нешта – у мяне няма часу, у мяне ёсць час толькі на тое, каб схапіць свае эмоцыі, не распускаць іх – вось гэта я яшчэ памятаю – а вось усё астатняе робіць проста рука і вока. Таму што – жах, жах, мы настолькі ў гэтай плыні – і рэпрэсій, і вайны. І хуткасць плыні толькі павялічваецца, я паспяваю выхапіць рэферэнс, часта не вельмі добрай якасці, і зрабіць з яго падобную, больш-менш пазнавальную выяву. І галоўнае – імя, яно пералічана, яно ёсць, яно не забытае, яно – названае. А што названае – тое існуе. Вось такім узорам усё ў мяне ідзе.
Партрэты, створаныя Ксішай Анёлавай
Музей, у якім будзе тыдзень праходзіць выстава, мае дачыненне да супольнай беларуска-літоўскай гісторыі. І зноў жа, гэта звязана з арыштамі, ператрусамі ды зняволеннем. Пра тое на адкрыцці распавяла дырэктарка Ёланта Пашкевічэне: «У Літве, як і ў Беларусі, існавала забарона на друк на літоўскай мове – да 1904 года. Пасля зняцця забароны пачалося нацыянальнае адраджэнне: кнігі, малітвы ў цэрквах, песні адкрыта. Тут была літоўская кніжная крама, і гэта не проста кніжная крама – культурны цэнтр літоўскай Вільні. Юргіс і Марыя Шлапялісы таксама прадаваліся кнігі на беларускай мове. Яны неаднаразова траплялі ў турму з-за літоўскіх кніг.
Партрэт Юргіса і Марыі Шлапялісаў у падарунак музею
Адно з затрыманняў і закрыцця крамы адбылося з-за знойдзенай расейскімі жандармамі беларускай кнігі «Скрыпка беларуская», якую можна, дарэчы, пабачыць у экспазіцыі музея. (...) Віншую Ксішу з выставай. Я была шакаваная колькасцю патрэтаў і тым, што ўсе гэтыя людзі сядзяць ці сядзелі ў турме. І мы, літоўцы, якія ўжо маем поўную свабоду, жадаем і будзем дапамагаць беларусам, каб і вы здабылі яе».
Пасля выставы ў экспазіцыі музея застанецца партрэт сям'і Шлапялісаў, які Ксіша Анёлава напісала за два дні да выставы.
- То бок гэты ваш зарок – гэта мастацкая і грамадзянская ваша місія?
- Так. Але я ўжо трапіла ў пастку, шчыра скажу. Гэта я не са скрухай ці шкадаваннем так кажу. Але ўсё ж гэта не нейкі праект, абмежаваны, прыкладам, па часе – канца краю няма яму. Для мастака так даволі аднабока ўсё выглядае, і я яшчэ не магу падпарадкавацца ні лічбам, ні архівам аніякім. То некаторыя персоны ў мяне два-тры разы намаляваныя. Што праўда, дзякуй Богу, далучылася мне ў дапамогу гісторык Наташа Гарковіч, яна ўжо робіць архіў, што мне вельмі дапамагае. Бо мне ўжо кажуць: Ксіша, пераключайся толькі на крымінальныя справы, а я не магу – ну вось затрымалі чалавека на суткі, а гэта мой сябра, я яго ведаю, як я магу не намаляваць? І тут мяне не спыніць – усё адкладаю ў бок і раблю партрэт гэтага чалавека. І потым ужо яго выпускаюць, ён не прызнаны палітычным зняволеным, але ў маёй галерэі ён застаецца. Я ж не выкрэслю гэтага чалавека. Такія вось унутраныя дробязі.
Яны ўсе (героі твораў) глядзяць на мяне, яшчэ такое вось ёсць. Яны ўсе глядзяць – і гэта выклік такі. Калі б яно супакойвала, то іншае справа, але не, наадварот, яно пра: «ты нічога не робіш» і таму падобнае. А вось астатнія робяць, іншыя робяць, а ты нічога не робіш насамрэч – такія думкі часам бываюць.
Дзякуй Богу, пасябравала з былой палітвязынкай Яўгеніяй Доўгай, яна мяне падштурхоўвае да практычнай дзейнасці. Бо ў мяне паехала сяброўка ў Беларусь – пашпарт мяняць – і зараз яна ўжо на Валадарскага. Я яе малюю, а мне ўжо падказваюць: бандэроль будзем збіраць, дапамагаць. Вось гэта: «пра рабіць». Нельга раскісаць. Трэба валодаць сабой і быць у стане рабіць нейкія такія, практычныя справы. Бо ўвага ўвагай, а ім патрэбна, канечне, і адчувальная дапамога там. Бо не заўжды і сваякі могуць дапамагчы. Тая ж мая сяброўка, яе матулі – 90 год, яна не так і можа асабліва дапамагаць...
- Колькі ў вас ужо партрэтаў?
- Больш за 600. Увогуле, тут складана. У Менску я не падпісвала свае працы, хвалявалася, што арыштуюць, бо, акрамя творчасці, была ў розных яшчэ актыўнасцях (падпісвала прозвішчам рэпрэсаванага дзеда – budzma.org). На жаль, не ўсе іх аднавіла. Некаторыя з герояў карцін, дарэчы, не патрапілі ў спіс палітзняволеных, некаторых пабілі, а не кінулі ў вязніцу, але я тут кіруюся не спісам, усе, хто пацярпеў, мусяць быць у гэтым «Беларускім мартыралогу». У Варшаве зараз 200 партрэтаў, у Таварыстве вольнага слова – добрая прастора, актывісты-ветэраны польскай «Салідарнасці» прыйшла на адкрыццё. Яны такія: з агеньчыкам у вачах і добра распавядаюць, як правільна бетонныя блокі на вуліцах ставіць – клінам ці не клінам. У Вільню прыехалі 400 партрэтаў. Два дзясяткі – у Хрысціянскай візіі дзесьці ў Нямеччыне зараз.
Выставы Ксішы Анёлавай "Беларускі Мартыралог"
- Якая рэакцыя на вашыя творы ў заходніх сталіцах?
- Ад балючых кропак людзі вельмі хутка стамляюцца. Гэта ніколі не да тэмы, ніколі не да часу. Пачніце распавядаць пра пакуты – чалавек даволі хутка збяжыць ад вас. «Так-так, я разумею, я вельмі спачуваю, але справы і ўсё такое», - ён ужо шукае выхад пакінуць вас са сваімі расповедамі. Дарэчы, такі несамавіты стыль для сваіх партрэтаў я абрала нездарма. Глядзіце, яны на фоне яскравых шпалер – то бок я ўжо гэтым схапіла ўвагу. Гэта я вам пра свае тэхнічныя сакрэцікі распавядаю (смяецца). Гэты патэрн трохі дае адпачыць ад сапраўднага болю – калі толькі вочы ў вочы болю. Ну і фронда шэрасці гэтай, турэмнай беларускай. Атрымліваецца, што звонку бачна нешта тыпу вясёленькае нават, яскравенькае...
У Еўрапарламенце так і было, прыйшлі людзі на фуршэт, а потым да мяне падыходзіць латвійскі еўрадэпутат і кажа: «Я здалёк падумаў, пра што гэта ўсё? У вас такі дзіўны метад паказаць пакуты людзей. Калі я зразумеў, што гэтыя людзі ўсе ў турме... Мяне накрыла». Гэта наўрад ці можна назваць мастацкім прыёмам, але мяняць форму эклектычна я не буду, так склалася. Тут так у мяне: мы бачым яскравыя патэрны, а паверх іх амаль празрысты твар, а празрысты – бо яны эфемерна з намі, насамрэч, іх з намі няма – і гэта жахліва, яны мусяць быць з намі. Яны мусяць быць з намі.
А першыя ж партрэты былі ўвогуле на шпалерах, садраных са сцен, напісаныя абы-чым – паміж маршамі, гэта я сведчу. Зараз ужо, можна сказаць, шпалеры шляхетныя, нятанныя, купленыя для твораў адмыслова – мне трошкі дапамагаюць людзі.
Ксіша Анёлава
- Дзед, якім вы падпісваліся і які загінуў у 30-я, таксама тут эфемерна?
- Я яго ніколі не бачыла. Але адчуванні ў сям'і, як мы пра яго казалі, як яго ўспаміналі, – вось гэта ёсць. І мне хочацца сёння крычаць, каб так больш не было ў нас. Бо мне забаранялі распавядаць пра роднага дзеда ні ў садку, ні ў школе, нідзе-нідзе. Зараз я вельмі хвалююся з-за гэтага. Гэта так страшна – цішыня і маўчанне. Сапраўдная роспач. Таму ад усяго гэтага павінен застацца толькі музей, музей нашых пакут.
Буду працягваць свой зарок. І «Будзьма беларусамі» таксама жадаю натхнення. І каб мы спаткаліся ўсе дома.
У гэтую суботу, 25 лістапада, на выставе Ксішы Анёлавай у Вільні а 16-й па мясцовым часе пройдзе перформанс «Беларускія палітычныя вязні гавораць» з зачытваннем тэкстаў, напісаных імі.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org