Мастачка Надзя Бука: Сёння маю выставы ў Італіі і Польшчы. Веру, што ўсё, зробленае намі тут, вернецца ў Беларусь

«Я працягваю менавіта беларускае мастацтва за межамі Беларусі, зараз вось Польшча, Італія, невядома, што будзе далей. Можна захоўваць і развіваць беларускую культуру ў вымушаным ад’ездзе, галоўнае, каб было жаданне носьбітаў гэтай культуры».


Nadzia Buka
Надзя Бука

Мастачка Надзя Бука пакінула Беларусь у лістападзе 2022 года, яна не збіралася з’язджаць, як шмат хто з беларусаў. Ужо ў 2021-м у Гродне прайшла яе выстава з карцінамі, якія б сёння дакладна на радзіме былі б залічаныя да «пратэсных».

Увосень 2022-га мастачку выклікалі ў суд у якасці сведкі, рашэнне з’ехаць, паводле Надзі Букі, было прынятае за адну ноч.

Надзя Бука — ілюстратарка, мастачка, педагог. Апошнім часам шмат стварае ў аўтарскай тэхніцы «буцінанка» — гэта кампазіцыі, зробленыя з дапамогай звычайных манікюрных нажніц, натхнёныя традыцыямі беларускай выцінанкі.

karcina nemahchyma mauchac

Днямі ў мастачкі адкрылася персанальная выстава ў Рыме, а да гэтага прайшлі яшчэ дзве — у Пізе і ў Фларэнцыі.

— Што да серыі выстаў, то тут усё вельмі проста насамрэч. Калі я падавала заяўку на падтрымку па праграме мабільнасці ARTPOWER Belarus (праграма Беларускай Рады Культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавым спрыянні Еўрапейскага саюза — заўвага рэд. Budzma.org), то адразу пазначыла, што хачу зрабіць тры выставы. Грант прадугледжваў транспарціроўку карцін у Італію, мой праезд туды, а ўсю працу па арганізацыі імпрэз узяў на сябе прымаючы бок.

Nadzia Buka
Надзя Бука. Выстава ў Рыме

А Італію я абірала для сваіх выстаў адмыслова. Па-першае, я і раней была ў гэтай краіне. І калі прыязджала, то марыла, загадвала сабе, што калісьці ў мяне будзе выстава ў Рыме — я закахалася ў гэты горад. Ды і шмат хто з геніяльных мастакоў, паэтаў, артыстаў прызнаваўся ў любові да яго. Гэта краіна высокага мастацтва, што тут скажаш... ды адна архітэктура толькі, вось зараз мы з вамі размаўляем, я стаю ля галерэі з маімі карцінамі, гляджу на ўсе гэтыя вокны, якія самі па сабе, кожнае — узор мастацкі, на будынкі — шосты век, сёмы, дзясяты... Немагчыма не палюбіць.

nadzia buka vystava u ryme

— Як італьянскай публіцы буцінанкі?

— Ды наведнікі адразу не могуць і паверыць, што гэта творы беларускай мастачкі. Часам пытаюць, ці не з Расіі я. Тлумачу. Хаця шмат хто ў Італіі і ведае пра Беларусь. Я б сказала так — з павагай італьянцы ставяцца да творчасці і творцаў. І вельмі, на маё шчасце, падабаюцца мае карціны публіцы. Дарэчы, тут не адны італьянцы. Вельмі часта чую ад іншаземных наведнікаў выставы — нарвежцаў, амерыканцаў, гішпанцаў, што яны такога нідзе не бачылі. І гэта мне, канечне, вельмі прыемна, бо людзі разумеюць унікальнасць тэхнікі буцінанкі. На выставе ёсць і традыцыйны жывапіс (пасля доўгага перапынку я зноў пачала пісаць фарбамі), але большасць — буцінанкі. Усе прыгожыя словы на італьянскай і на іншых мовах чую тут штодня, гэта вельмі прыемна. Да таго ж, цікавяцца і коштамі на карціны.

karcina aljo

— То-бок карціны можна адразу ж і купіць?

— Так, можна адразу пайсці з карцінай дадому... (размова перапыняецца на вітанні і small-talk з чарговымі гасцямі імпрэзы). Карацей, спадзяюся, нехта набудзе тое, што яму ці ёй даспадобы, бо карціны — адна з крыніц майго існавання.

karcina advarotny bok

— Як увогуле вы адаптаваліся да Польшчы? Вы ж ужо выступілі ілюстратаркай «Катка-пестунка», які выйшаў летась у варшаўскім выдавецтве Słowianka.

— Ой, гэта ўвогуле цудоўная гісторыя. Мы з кіраўнічкай выдавецтва Вольгай Татарчык дамовіліся на ілюстрацыю «Катка» яшчэ калі я была ў Мінску. І Вольга ўсё перажывала, не ведала, як яна мне будзе плаціць за гэтую працу — бо з польскага банку ў беларускі перавесці, як ведаеце, тады ўжо і немагчыма было. Ну, неяк вырашым, кажу. І так і адбылося. Праз тыдзень пасля той размовы — я ў Варшаве. Тэлефаную: «Воля, здаецца, вырашылася пытанне наконт аплаты працы — я ў Варшаве». Яна: «Не, ну я ж не гэтага менавіта хацела». І смешна, і сумна. Насамрэч Воля стала маім выратавальным кругам у Польшчы, якая дала мне маю першую працу ў Варшаве. За кошт ілюстравання «Катка» я першыя месяцы там і жыла. А потым яшчэ пры ейным цэнтры вывучэння славянскіх моў я адкрыла студыю малявання (у мяне ж і ў Мінску такая была), гэта студыя і зараз працуе, акрамя, канечне, летніх вакацый.

— Ёсць яшчэ планы па ілюстрацыі кніг?

— Я б вельмі хацела перакласці сваю кнігу «Бася і Піглас», якую сама напісала і праілюстравала, і выдаць яе ў Польшчы. У далёкіх планах хацелася б выдаць яе не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Буду над гэтым працаваць і працую.

kniha basia i piglas

— Падчас апошняй выставы ў Беларусі ў 2021 годзе вы казалі, што плануеце сябе паспрабаваць у гістарычным коміксе.

— Не, з гэтым ужо ўсё, бо ўжо шмат чаго падобнага выйшла за гэты час, а я такі чалавек, які не хоча паўтараць. Я лепш зраблю нешта іншае. Намалюю ці кнігу напішу. Але пакуль не буду распавядаць, няма акрэсленых планаў.

Што да карцін, то зараз я больш працую як мастачка. Вось нядаўна ў мяне адкрылася таксама выстава ў Варшаве, і я напярэдадні адначасова рабіла дзве карціны — пра эміграцыю і пра Венецыю. Яны зараз выстаўляюцца ў Варшаве. Мне зараз, ведаеце, грэх жаліцца. Бо адначасова праходзяць выставы ў Рыме, Фларэнцыі і Варшаве. І мне яшчэ не 100 гадоў! (усміхаецца).

karcina nabor dlia leta

Што да адаптацыі да эміграцыі, то на сёння нашмат ужо лепш, чым было. Я зараз на стадыі прыняцця. Таму што першы год, я магу зараз сказаць гэта шчыра, я не магла прыняць той факт, што трэба будзе застацца ў Польшчы, Варшава была для мяне занадта вялікім горадам, хоць я і люблю вялікія гарады, але памеры польскай сталіцы на той момант былі, праўда, завялікімі, як па мне. І, канечне, мова. Я зараз упэўненая ў тым, што калі ты слаба ведаеш мову краіны, у якую прыехаў, то табе ў ёй усё будзе здавацца чужым і не надта прыязным да цябе. Але ўсё ж, калі ты пачынаеш яе вывучаць, табе стане значна лягчэй. Ты ўжо маеш нейкія стасункі з асяродкам, нейкія размовы, навучэнцы ў студыі з’явіліся з мясцовых — таму мне, канечне, стала прасцей прыняць гэту краіну.

Канечне, думкамі я заўсёды вяртаюся ў Беларусь. Хаця я прыняла і тое, што бліжэйшыя гады я там не буду. Таму трэба жыць тут і сёння.

— Беларускую культуру можна захоўваць і развіваць па-за Беларуссю?

— Канечне. А чым я не прыклад гэтаму? Глядзіце, вось я зараз у Рыме, тут вісяць мае карціны, а карціны гэтыя, калі паглядзець, ёсць нашымі традыцыйнымі беларускімі выцінанкамі, але ў аўтарскай сучаснай манеры. Па сутнасці, гэта наша ўнікальная традыцыйная культура — і я распавядаю пра гэта. Хто б не зайшоў у галерэю — ён пачуе ці прачытае пра гэта ў буклетах да экспазіцыі. Я тлумачу метамарфозы, якія здарыліся праз аўтара, але гэтыя творы застаюцца беларускімі. Я гэтым зараз і займаюся — я працягваю менавіта беларускае мастацтва за межамі Беларусі, зараз вось Польшча, Італія, невядома, што будзе далей. Можна захоўваць і развіваць беларускую культуру ў вымушаным ад’ездзе, галоўнае, каб было жаданне носьбітаў гэтай культуры. А магчымасці ёсць. Асяродкаў, суполак — шмат, розных, музычных, мастацкіх, гістарычных і г. д., галоўнае — жаданне.

Вельмі спадзяюся і веру, што потым усё гэта разам з намі вернецца на Радзіму.

Nadzia Buka

Фота з асабістага архіва гераіні і з яе старонкі ў інстаграме. 

Рыгор Сапежынскі, budzma.org