Рушнік, паводле мастачкі Цемры, служыць напамінам пра тое, што «мы перажываем сваю гісторыю, расказваем пра свой досвед і ўносім свой уклад у калектыўнае апавяданне пра нашу стойкасць, трыумф і надзею».
«Цёмны рушнік» мастачкі Цемры
Беларуская мастачка Цемра паказала сваю новую працу — «Цёмны рушнік», які «нясе ў сабе глыбокае сімвалічнае значэнне».
«У аснове гэтага рушніка ляжыць магутны славянскі сімвал адраджэння, форма гэтага сімвала складаецца з галінаваных чырвоных прожылкаў. Гэтыя галіны сімвалізуюць сілу і жыватворную энергію, уласцівыя годным асобам, якія могуць дамагчыся адраджэння нават у самых складаных турэмных абставінах. Таму гэты сімвал схаваны за чорнымі лініямі калючага дроту з шыпамі, — піша Цемра пра сваю новую працу ў Instagram. — Рушнік служыць напамінам пра тое, што мы перажываем сваю гісторыю, расказваем пра свой досвед і ўносім свой уклад у калектыўнае апавяданне пра нашу стойкасць, трыумф і надзею».
Цемра нагадвае, што рушнік — неад’емная частка нашай гістарычнай спадчыны і сімвал нашай культуры: «Ён упрыгожваў сцены традыцыйных дамоў па ўрачыстых выпадках, упрыгожваў «чырвоны кут» — святую прастору ў дамах — і выкарыстоўваўся ў рытуалах».
Цемра — беларуская мастачка з Гродна. Такі псеўданім абрала, бо яе творчасць адлюстроўвае цёмны бок чалавечай сутнасці і звязана з актуальнымі падзеямі, якія траўмуюць наша грамадства.
Зараз жыве ў Варшаве.