У першай палове красавіка 2022 г. у гродзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт» выходзіць з друку амаль 600-старонкавая кніга «Мастацкая спадчына Беларусі». Гэта вынік сумеснай працы гродзенскіх гісторыкаў — доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святланы Марозавай і кандыдата гістарычных навук, дацэнта Сяргея Марозава, які ў апошні год з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Удвох прасцей «падняць» тысячагадовую гісторыю беларускай культуры
Кожны з аўтараў на працягу многіх гадоў даследуе, папулярызуе, выкарыстоўвае гісторыка-культурную спадчыну Беларусі ў кантэксце сваіх навуковых, творчых, выкладчыцкіх інтарэсаў.
«Сфера маіх навуковых інтарэсаў — канфесійная гісторыя Беларусі другой паловы XVI — першай паловы ХІХ ст., этнакультурныя аспекты дзейнасці ўніяцкай царквы (1596–1839 г.). Але выходжу і за гэтыя храналагічныя межы. Выступала ў друку з артыкуламі і на навуковых канферэнцыях па тэмах, прысвечаных, напрыклад, візантыйскаму ўплыву на беларускую культуру, лёсу Крыжа Еўфрасінні Полацкай, загадцы партрэта Францыска Скарыны», — распавядае прафесар гісторыі Святлана Марозава.
Сяргей Марозаў займаецца вывучэннем гістарычнай памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Палітычная і культурная спадчына дзяржавы нашых продкаў яго цікавіць не толькі сама па сабе, але і ў гістарычнай рэтраспектыве, у тым ліку яе праламленне ў нашай свядомасці, прысутнасць у нашым жыцці.
«Досвед педагагічнай працы паказаў наступнае: фактычна любое, нават агульнавядомае пытанне беларускай культуры (любы помнік, культурны дзеяч і да т.п.), калі ў ім "капнуцца" глыбей, адкрываецца новымі цікавымі гранямі, метамарфозамі лёсу твора і творцы. І тут і саміх "зацягвае" — хочацца дазнацца больш, і слухачы-чытачы (студэнты, калегі, аматары гісторыі і інш.) успрымаюць гэта з асаблівай цікавасцю», — адзначаюць аўтары выдання.
Узмоцненыя міжнародныя навуковыя і акадэмічныя кантакты перадковідных гадоў (найперш з Расіяй, Польшчай, Літвой, але не толькі) упэўнілі ў вялікай цікавасці да нашай спадчыны і за мяжой, асабліва да тых твораў і помнікаў, што з’яўляюцца нашым агульным гістарычным набыткам, а то і прадметам канкурэнцыі, так сказаць, барацьбы за спадчыну.
«Як для мяне, штуршком стала выкладанне якраз шэрагу тэм па мастацкай спадчыне Беларусі па акадэмічнаму абмену ў Познаньскім Універсітэце імя Адама Міцкевіча для студэнтаў і выкладчыкаў кафедры аховы культурнай спадчыны і міжкультурнай камунікацыі. Калі рыхтавалася, то хвалявалася: ну, што новага я магу сказаць спецыялістам па культурнай спадчыне, у нечым супольнай у Беларусі і Польшчы. Але ўбачыла такую цікавасць і зацікаўленасць, што сумненняў не засталося: трэба пісаць кнігу. Пра беларускую культуру, мастацтва, асобныя помнікі напісана шмат, але абагульняючага выдання няма», — распавяла пра сваю крыніцу натхнення Святлана.
З улікам таго, што падняць тысячагадовы пласт беларускай мастацкай культуры адной не пад сілу, паўстала пытанне аб сааўтары. Тады прафесар успомніла пра намер свайго сына Сяргея падрыхтаваць кнігу аб «месцах памяці» Вялікага Княства Літоўскага ў Рэспубліцы Беларусь.
«Далучыцца да высокага і прыгожага і ўзмацніць свой нацыянальны рэсурс»
«Творы мастацтва нас цікавяць найперш з пункту гледжання іх эстэтычных вартасцяў, бо яны ствараюцца ў сферы прафесійнай творчасці і вылучаюцца высокім узроўнем умення і майстэрства. Мастацкая спадчына — гэта нібы прэзентацыя этычных і эстэтычных каштоўнасцей людзей мінулага. То вось найперш намі і рухала жаданне ў безрадасным сучасным жыцці далучыцца да высокага і прыгожага і ўзмацніць свой нацыянальны рэсурс», — распавядае аўтарка.
Задума у Святланы і Сяргея Марозавых была паглыбіць уласныя веды, зверыць, праверыць, прывесці іх у адпаведнасць з тым, што сучасная навука ведае пра нашу спадчыну, і распавесці пра гэта іншым.
- Мэта была яшчэ і распавесці іншым пра спадчыну так, каб кніга дапамагла беларусам узмацніць свой нацыянальны гонар і самапавагу: «І гэта вельмі важна ў наш няпросты час раздвоенай ідэнтычнасці, пэўнай разгубленасці, калі пастаўлены пад сумнеў гонар беларускай нацыі і зямлі», — кажуць гісторыкі.
«Мы не былі абыякавымі. Пазнаючы спадчыну, мы рабілі — наперш для сябе — вялікія і малыя адкрыцці, імі пастаянна дзяліліся, мы здзіўляліся, захапляліся, ганарыліся, гневаліся, шматкроць атрымлівалі "культурны шок". Праца ў сааўтарстве, аказваецца, здорава ўзмацняе рэфлексіі. Мы спрачаліся і "цягаліся за чубы", раіліся і знаходзілі кансэнсус. Гэта быў вельмі цікавы перыяд у маім жыцці. Ён цікавы ўжо тым, што сын упершыню з’яўляўся маім сааўтарам. І нашы адносіны тут былі цалкам дзелавыя, узаемапаважлівыя. А далей мы зноў разыдземся па сваіх навуковых "кватэрах" (інтарэсах).
Хацелася, каб за нашым тэкстам, яго особнымі фрагментамі чытачы ўбачылі і нашу беларускую пазіцыю, а не толькі апісанне вялікага набору помнікаў», — рэзюмуе прафесар Марозава вынікі сумеснай працы з сынам Сяргеем.
Назапашвалі матэрыял для кнігі ўсё прафесійнае жыццё
Са слоў гісторыкаў, матэрыял назапашваўся ўсё іх прафесійнае жыццё. Непасрэдна ж над кнігай працавалі год — з вясны 2021 года.
«Гэта быў год вельмі інтэсіўнай працы — асноўная работа і кніга. На гэта ішлі і ўсе выхадныя, часам працавалі позна ноччу, каб паставіць лагічную кропку на цікавым сюжэце. А бывала і ў гадзіну-дзве ночы праз інтэрнэт-сувязь шакавалі адзін другога нейкім новым фактам, трактоўкай. Усе астатнія інтарэсы і жыццёвыя спакусы на гэты год адышлі на другі план, а то і зніклі зусім. Пералапацілі "тоны" кніг, перашурудзілі інтэрнэт-рэсурсы. Працуем, напрыклад, над архітэктурай, — дома стосы кніг па архітэктуры — бралі адразу ў некалькіх бібліятэках,» — дзеляцца сваімі ўражаннямі аўтары.
- На дадзены момант атрымалася кніга, жанр якой цяжка вызначыць адным тэрмінам, як сцвярджаюць гісторыкі. «Гэта нешта сярэдняе паміж навучальным дапаможнікам і энцыклапедычным даведнікам. Згаданы больш за тысячу мастацкіх твораў. Прыкладна 600–700 з іх дадзена апісанне. Мы б вызначылі нашу працу як абагульняючае выданне аб мастацкай спадчыне Беларусі,» — падсумоўвае Святлана Марозава.
Складанасці пры падрыхтоўцы кнігі былі, як кажуць аўтары, храналагічнага, факталагічнага, моўнага характару. «Культура развіваецца па сваіх законах, храналагічныя рамкі яе працэсаў, этапаў, як правіла, нельга вызначыць канкрэтным годам, як мы прывыклі, напрыклад, у грамадска-палітычнай гісторыі: дата-падзея-вынік. Культурныя плыні, стылі часам накладаюцца па часе і, выкананыя ў творы, могуць спалучаць у сабе рысы і тых, і іншых. І ў літаратуры часам няма адзінства ў іх суаднясенні з пэўным стылем. Існуюць таксама разбежкі ў даціроўцы падзей у сферы мастацтва і канкрэтных помнікаў, напрыклад, архітэктуры, а таксама ў тэрміналогіі,» — распавядаюць Святлана і Сяргей.
Больш за 400 ілюстрацый Сяргей Марозаў зрабіў сам
Пры падрыхтоўцы кнігі па мастацтву ўзнікла пытанне аб ілюстрацыях. У Святланы Марозавай гэта першая кніга з ілюстрацыямі. Сяргей жа мае досвед удзелу ў мастацкіх выданнях, у тым ліку — персанальных. У кнізе — 656 каляровых ілюстрацый. Каля 430 (66% ад усіх) — гэта арыгінальныя здымкі ад фотамастака «па сумяшчальніцтву» Сяргея Марозава. Помнікі архітэктуры і скульптуры ён у рэчышчы свайго фотастылю даў не проста самі па сабе, а, так сказаць, у інтэр’еры — з любоўю паказаў на сваіх пейзажных фотаздымках, у большасці — з «незбітымі» ракурсамі. Некаторыя ілюстрацыі, схемы, карты гісторык таксама рабіў сам.
«Не ўсе ілюстрацыі — мае. Напрыклад, у раздзеле пра жывапіс паказана шмат карцін. Некаторыя аб’екты, людзі ўжо не існуюць, некаторыя рэчы немагчыма сфатаграфаваць, бо няма доступу. У такіх выпадках выкарыстаны архіўныя здымкі або здымкі з адкрытых крыніц — энцыклапедый, альбомаў, інтэрнэта. Аўтара такіх старых здымкаў, зразумела, немагчыма ўстанавіць. Мы пра гэта кажам ва ўступе, каб не падумалі, што прысвоілі сабе аўтарскія правы на выявы,» — распавядае Сяргей.
Ілюстрацыі ў кнізе размешчаны блокамі пасля кожнага з раздзелаў. Спасылка ў тэксце адсылае да адпаведнай ілюстрацыі. Аўтары раяць чытаць апісанне мастацкага твора і паралельна знаёміцца з яго візуальным вобразам, прасачыць па ілюстрацыі ўсе элементы і характарыстыкі твора. «Такое прачытанне кнігі напоўніць для вас карціну, статую, будынак, рукапіс і г.д. зместам, закладзеным у іх сэнсам, ідэяй і назаўсёды зробіць твор "вашым", звязаным з вамі моцнымі асацыятыўнымі сувязямі,» — кажуць аўтары выдання.
Каб зрабіць здымкі для кнігі Сяргей «накатаў» па Беларусі як мінімум 10 тысяч кіламетраў
Найстарэйшы здымак у кнізе сягае ў 2006 год: «Наогул, быў цэлы шэраг падарожжаў па Беларусі. За папярэднія гады ўздоўж і поперак аб’ездзіў Гродзенскую вобласць і прылеглыя часткі Мінскай, Брэсцкай абласцей. У 2020 годзе было падарожжа па Беларусі, трошкі іншыя мэты стаялі, але па магчымасці фатаграфаваў розныя цікавосткі, як адчуваў, што спатрэбяцца. Тады за шэсць дзён праехалі 3300 км па Беларусі.
Спецыяльная экспедыцыя была летам 2021 года, мэтанакіравана ехаў па Беларусі са спісам аб’ектаў, якія трэба сфатаграфаваць для кнігі. Заранёў дамаўляліся з уладальнікамі помніка, калі трэба было нешта зняць унутры. За тыдзень праехалі 4100 км. Але нешта ўпусцілі, нешта прыйшло ў галаву пазней, таму быў яшчэ шэраг невялікіх паездак да 600-700 км за раз па Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях,» — кажа Сяргей Марозаў.
З адборам здымкаў было складана, як сцвярджае Сяргей, бо многія аб’екты хацелася паказаць з розных бакоў, а часам і ў розныя часы года.
З-за санкцый кошт кнігі ў беларускіх рублях, пакуль яна знаходзілася ў выдавецтве, моцна змяніўся
Пасля ўводу санкцый некаторыя матэрыялы (папера, фарба), патрэбныя выдавецтвам для друку кніг, падняліся ў коштах або ўвогуле зніклі. Для аўтараў шок ад гэтага стаў адной з «асаблівасцяў» шляху іх працы да чытача.
На сённяшні дзень кошт кнігі складае прыкладна 110 рублёў. Яна ўяўляе сабой «фаліянт» фармату А4 амаль на 600 старонак у цвёрдай вокладцы, аздоблены 650 каляровымі ілюстрацыямі. Гэта сабекошт кнігі, па якім яе можна замовіць бліжэйшыя дні, пакуль вызначаецца наклад і кніга знаходзіцца ў выдавецтве. Пры друку дадатковага накладу кошт будзе крыху даражэй.
Замовіць кнігу можна праз banifacyj@mail.ru або viber, МТС +375297874070
Пасля выхаду кнігі з друку аўтары плануюць правесці анлайн-прэзентацыю выдання. Аб гэтым будзе паведамлена дадаткова.
АМ, budzma.org