Мастацтва супраць дыктатуры. Смелыя выказванні Алеся Пушкіна і яго паплечнікаў

Дзень народзінаў выбітнага беларускага мастака, які заўчасна загінуў у засценках рэжыму, стаў нагодай садзьмуць пыл з найбольш яскравых твораў мастацтва перыяду нараджэння незалежнай Беларусі. Паэты, мастакі, музыкі адмаўляліся схіліць галаву перад тым, каго яшчэ чакае суд гісторыі.

У гэтым артыкуле згадваем творчасць нязломнага Алеся Пушкіна і самыя смелыя мастацкія выказванні іншых беларускіх творцаў.

Alieś Puškin Алесь Пушкін у 1995-м. Архіўнае фота

Сцяг Беларусі, 1988

Алесь Пушкін узгадваў, што яго шлях у мастацтве пачаўся з выпадковага адкрыцця, калі ён чытаў пра Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта было ў канцы 1980-х, калі Алесю споўнілася 23. «Пра наш бел-чырвона-белы сьцяг я даведаўся толькі ў 1988 годзе, — прызнаваўся мастак. — Гэта мяне вельмі ўразіла».

Вайна ў Афганістане навучыла яго не баяцца. Ён адчуў патрэбу выказаць праўду пра свой народ праз творчасць. Алесь Пушкін узяў 300 грамаў уласнай крыві і стварыў палотнішча памерам дзяржаўнага сцяга — два метры на адзін. 

«Канцэпцыя заключалася ў тым, каб толькі праз уласны боль спазнаваць гісторыю свайго народа», — тлумачыў ён. На палатне застаўся адбітак акрываўленай рукі, з якой сцякала кроў. Гэтую працу назвалі самай смелай на першай незалежнай выставе часоў перабудовы.

Sciah Bielarusi. Alieś Puškin
 Сцяг Беларусі. Алесь Пушкін

Сваю творчасць Пушкін называў «мастацтвам жыцця». Ён казаў:

«Я мастак-правакатар, што жыве ў мястэчку, гадуе дзяцей, моліцца Богу, піша карціны і мае сваю грамадзянскую пазіцыю. Раз на год раблю нейкі перформанс у цэнтры горада. І па рэакцыі міліцыі можна вызначыць узровень свабоды і дэмакратыі ў краіне».

Для Пушкіна мастацтва ніколі не было толькі эстэтыкай. Гэта быў ягоны спосаб дыхаць у краіне, дзе праўда патрабуе мужнасці.

Узгадаем моцныя выказванні іншых творцаў.

З этычных меркаванняў мы не ўключалі ў падборку наўпроставыя выказванні з пажаданнямі смерці ці заклікамі да забойства.

«Сустрэнемся на барыкадах», 1997

Моцны, драйвовы, не па-дзіцячы жорсткі панк-рок ад шыкоўнай беларускай банды з Вялікай Бераставіцы. Яна была заснаваная на пачатку 1990-х братамі Стасам і Андрэем Пачобутамі. Так, менавіта сённяшні закладнік рэжыму, палітвязень і журналіст граў у гурце, які не абіраў словаў, каб апісаць сітуацыю навокал. Як адчувалася, так і спявалася.

Hurt Deviation
 Гурт Deviation. Фота: 34mag.net

У абраным намі трэку ёсць такія словы:

Новым ранкам затуляюць нам вочы
Каб мы не бачылі, заблыталіся і скончыліся
І з кожнай кропляй зноў выпітай брагі
Шчырыя слёзы балюча выціралі
Брудным падолам матулінай спадніцы
Шчодра падранай сёлетнім жаўнерам
Поўныя пакуты на калені ставалі
Ды сваю любоў каменьмі забівалі
Сустрэнемся на барыкадах!

Гурт Deviation перамог на легендарным фэсце «Басовішча» ў 1999 годзе, выдаў агулам 4 альбомы і з 2009-га знаходзіцца ў «творчым анархічным адпачынку».

Радасна ржуць чырвоныя с*кі
Здзекліва рагочуць нашыя каты
Мы вам прыпомнім пра чорны Кранштадт
Мы вам адпомсцім за Курапаты
Сустрэнемся на барыкадах!

Прароцкія словы ў песні «Будучым ворагам дзяржавы», што пабачыла свет у 2009-м, мы не можам прывесці, але знайсці трэк можна без праблемаў.
А вось ва ўдзельнікаў гурта праблемаў заўжды было нямала. Стаса Пачобута ўпершыню арыштавалі, калі яму было только 17 гадоў, пасля аднаго з выступаў Deviation. Апроч таго, паводле яго ўспамінаў, на працягу аднаго з каляндарных гадоў ён правёў тры месяцы за кратамі.

«Лука Мудзішчаў — прэзідэнт», 1994

Амаль адразу пасля абрання Лукашэнка апынуўся пад прыцэлам народнай іроніі. Трапным стрэлам стала публікацыя ў снежні 1994 года ў газеце «Свабода» ананімнай сатырычнай паэмы «Лука Мудзішчаў — прэзідэнт». У тым жа нумары з’явіўся і антыкарупцыйны даклад дэпутата Сяргея Антончыка, што надало абодвум публікацыям яшчэ большую гістарычную вагу. Паэма, падпісаная імём Ведзьмака Лысагорскага, адразу выклікала скандал.

Наш прэзідэнт Лука Мудзішчаў
(Даруй нам, Пушкін, вольны тон)
Меў дужа грозныя вусішчы
І надта сіплы барытон.
Ён быў дырэктарам саўгасу —
Надойваў рэкі малака,
Даваў дзяржаве бульбу, мяса...
«Чырвоным панам» быў Лука.

Як прыгадваў дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання ад Апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык, літаратурныя матэрыялы ў «Свабодзе» з’яўляліся рэдка — асноўнай тэмай была карупцыя. Але ананімная паэма заняла асаблівае месца: адзін з чытачоў нават пазнаў сябе ў яе радках і патрабаваў распачаць крымінальную справу.

Падохлі свіньні. Мруць каровы.
Чым ашчаслівіць свой народ?
І супраць беларускай мовы
Мудзішчаў аб’явіў паход.

Парламент тады яшчэ меў вагу. Неабходнай колькасці галасоў, каб зняць дэпутацкі імунітэт з галоўнага рэдактара «Свабоды» Ігара Герменчука, не хапіла.

Мы незалежнасць сваю цэнім,
Сабе паны мы і князі.
А ты ў расею «на каленях»
Паўзі, як вуж, як смоўж, паўзі.

Паэма хутка стала папулярнай. Аўтару пагражаў год папраўчых працаў ці вялікі штраф. Гэтыя радкі перапісвалі, чыталі ўголас, і ўжо праз тыдзень з’явіўся «адказ» — твор, які імітаваў манеру вымаўлення Лукашэнкі.

Ёсьць пра сімволіку бумага.
Мне КГБ наш далажыў,
Што пад вот эцім самым флагам
Пазьняк у кайзера служыў.
Зачэм, скажыце, герб Пагоня?
Какой в ней смысл? Какой в ней толк?
Я верю: нас яшчо дагоніт
Любімый серп і малаток.

Пазней з’яўляліся і іншыя працягі арыгінала, аднак сапраўднае аўтарства паэмы засталося таямніцай. Мелі месца здагадкі, што творцам мог быць Ніл Гілевіч ці Рыгор Барадулін.

«Прэзідэнт, ідзі дамоў», 1995

Тытулу «рок-князёўна» для Касі Камоцкай, які яна атрымлівала ў 1994 і 1995 гадах, безумоўна, недастаткова. Яна — сапраўдная каралева беларускай музыкі. Гурт «Новае Неба», які паўстаў у год здабыцця незалежнасці, стаў легендай і амаль міфам. Раз-пораз чуюцца размовы: «А ці будзе яшчэ выступаць Кася Камоцкая?». На гэтае пытанне адказ можа даць толькі яна сама.

У момант нацыянальнай трагедыі, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, гурт выпускаў выбітныя творы на словы найлепшых паэтаў краіны: Адама Глобуса, Міхала Анемпадыстава, Лявона Вольскага, Анатоля Сыса.

Vokladka aĺboma «Novaha Nieba»
Вокладка альбома «Новага Неба»

У 1995 годзе выйшаў альбом «Go home», адна з песняў якога мела назву «Прэзідэнт, ідзі дамоў».

Яны глядзяць на чырвонае неба
І спадзяюцца, што пойдзе дождж.
Яны глядзяць на засохлую глебу
І спадзяюцца, што ўзыдзе трава.
А мы з табой пакідалі надзею,
Але яна не ўзышла травой.
А мы за сабой пакідалі тры словы:
«Прэзідэнт, ідзі дамоў!»

Песня была запісаная на студыі Беларускага Радыё, і адразу пасля шэраг былых супрацоўнікаў, у тым ліку і сама Кася Камоцкая, не дапускаліся ў будынак. Назву гурта «Новае Неба» ў радыё- і тэлеэфіры не раілі нават згадваць. 

Творы Камоцкай у 90-я гады часта выкарыстоўваліся ў якасці музычнага фону для дакументальных фільмаў пра беларускі супраціў дыктатуры. Відэакасеты з такімі запісамі былі папулярныя сярод актывістаў.

«Падарунак прэзідэнту», 1999

Akcyja «Padarunak prezidentu
 Акцыя «Падарунак прэзідэнту. Архіўнае фота

Скончым падборку, бадай што, самай знакамітай акцыяй Алеся Пушкіна.

Лета 1999-га. Мінула пяць гадоў пры ўладзе Лукашэнкі. Алесь Пушкін вырашае сказаць сваё слова так, каб яго немагчыма было не заўважыць. З роднага Бабра ён едзе ў сталіцу, везучы ў вазку тое, што павінна было стаць люстэркам улады: кучу гною. На гэтым «п’едэстале» — партрэт прэзідэнта з лозунгам «Аляксандр Лукашэнка — з народам», кайданкі, тысяча рублёў, Канстытуцыя 1994 года, чырвона-зялёны сцяг і герб. Зверху шыльда «За пяцігадовую плённую працу».

Алеся Пушкіна спынілі за некалькі метраў ад уваходу ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Але мастак паспеў зрабіць галоўнае: высыпаць гной на брук, пакласці партрэт Лукашэнкі і прыбіць усё гэта віламі.

Суд назваў акцыю «злосным хуліганствам» і прысудзіў Алесю два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

«Гэта быў учынак, — казаў ён пазней. — Магчыма, праз час мы зможам сказаць з гонарам: былі ў беларускай інтэлігэнцыі людзі, якія не пабаяліся адкрыта выступіць супраць узурпацыі ўлады».

Akcyja «Padarunak prezidentu
Акцыя «Падарунак прэзідэнту. Архіўнае фота

Нават праз два дзесяцігоддзі рэжым не забыўся на той выклік. У 2021 годзе Следчы камітэт заявіў, што Пушкін нібыта «здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў» і «ўдзельнічаў у незаконных акцыях за мяжой». 

Сёння Алесю Пушкіну магло б споўніцца 60 гадоў.

У памяць пра мастака

Сёння ў Варшаве адкрываецца выстава «Застацца/Zostać», прысвечаная 60-годдзю Алеся Пушкіна.

«Застацца / Zostać» — гэта не толькі спосаб ушанаваць Алеся Пушкіна, але і магчымасць пачуць голас сучасных беларускіх мастакоў і мастачак, якія, нягледзячы на новыя абставіны, працягваюць ствараць і пераадольваць цяжкасці, звязаныя з эміграцыяй, траўмамі і цішынёй.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены працы наступных мастакоў і мастачак:

Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy,Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Кася Варакса, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, Міхаіл Гулін, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў.

Выстава будзе працаваць да 20 жніўня 2025 года. Уваход вольны.

Павал Хадзінскі, budzma.org