Алея месьціцца ў парку імя Геа Мілева ў Сафіі, побач — амбасада Беларусі ў Баўгарыі, піша «Радыё Свабода».
Алесь Пушкін
Беларусы Баўгарыі склалі пэтыцыю на адрас кіраўніка сталічнага раёна Слаціна.
«Мы лічым важным сымбалічна захаваць памяць пра такога годнага чалавека на нашай новай радзіме, якой, спадзяемся, стане для нас дэмакратычная і свабодная Баўгарыя», — адзначылі аўтары пэтыцыі.
Мастак Алесь Пушкін трапіў у няволю ў палітычна матываванай справе, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 11 ліпеня 2023 году ён памёр у лякарні, куды яго прывезьлі з горадзенскай турмы № 1. У мастака была прабадная язва страўніка, разьвіўся пэрытаніт, паліорганная недастатковасьць. Пушкіну было 57 гадоў.
Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэньня, рэстаўраваў гістарычныя будынкі, расьпісваў цэрквы, яго шмат разоў затрымлівалі з палітычных матываў.
Алесь Пушкін быў адным зь яскравых беларускіх мастакоў і пэрформэраў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пушкін жыў у мястэчку Бобр у Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.
На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плякатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспэкце Менску. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытаньні па-беларуску.
У 1999 годзе Пушкін правёў пэрформанс каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь быў пакараны двума гадамі ўмоўна.
У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэсты. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, ён паказаў сінякі на сваім целе.
Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму».
Пушкін мог застацца за мяжой — бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, — але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. За карціну мастаку прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня. У апошнім інтэрвію на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывы.
Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зьняволеньне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ад прабадной язвы, дапамогу яму аказалі запозна. Пахаваны ў сваім родным Бабры.