Запрацаваў абноўлены сайт і Instagram-старонка памяці мастака і палітвязня Алеся Пушкіна

Пра стварэнне сайта, прысвечанага Алесю Пушкіну, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін расказаў на абмеркаванні выставы «Art Afterlife», у Музеі Вольнай Беларусі, але тады, напрыканцы лета 2024-га, ён быў на пачатковай стадыі напаўнення: утрымліваў толькі партрэт і мэйл, праз які можна было папаўняць архіў, паведамляе reformby.org.


Цяпер сайт выглядае даволі функцыянальна і мае чатыры раздзелы: «Жыццё», «Творчасць», «Падзеі», «Памяць». Таксама створаная Instagram-старонка мастака.

puszkin.jpgФрагмент экспазіцыі выставы «Ales Pushkin. AFTERLIFE». Фота: Янак Коўзель, reformby.org

Біяграфія мастака суправаджаецца яго партрэтамі і выказваннямі. 

Раздзел «Творчасць» пачынаецца са студэнцкіх палотнаў і заканчваецца турэмнымі малюнкамі. 

Пазначаны галоўныя перформансы

  • першы, 1989 года, прысвечаны 71 угодкам БНР, калі Пушкін выйшаў з плакатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь» на цэнтральны праспект Мінска; 
  • перформанс 1992 года на Дзень Волі ў мінскім Доме Літаратара; «Шляхам сьвятога Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Віцебскага і Полацкага» 1995 года ў Віцебску; 
  • знакавая акцыя «Гной для прэзыдэнта» 1999 года, калі Пушкін з нагоды заканчэння першага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі, з чырвонай тачкай, гружанай гноем, адправіўся на плошчу перад рэзідэнцыяй прэзідэнта і высыпаў яе змесціва на асфальт, паклаўшы на яго мільёны абясцэненых рублёў, перапісаную Канстытуцыю і выбарчы плакат з выявай Лукашэнкі, банер «За пяцігадовую плённую працу!» і ва ўсё гэта ўтыркнуў вілы.

Раздзелы «Падзеі» і «Памяць» прысвечаны імпрэзам ушаванавання і публікацыям пра мастака.

Таксама на сайце можна звязацца з камандай, пададзены мэйл і бяспечная ананімная форма для загрузкі файлаў. Збор матэрыялаў і твораў Алеся Пушкіна працягваецца.

Нагадаем, што 57-гадовы мастак Алесь Пушкін падчас турэмнага зняволення памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні 11 ліпеня 2023 года. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Алеся ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Мастак знакаміты сваім акцыямі і перформенсамі, якія ладзіў з канца 1980-х. Быў асуджаны за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, а таксама за паўтор перформансу «Гной для прэзідэнта» ў Кіеве. На выставе беларускага пратэснага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс у абноўленым выглядзе: на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў.

Чытайце яшчэ:

Алесь Пушкін: ваяр, руплівец, стоік і рамантык

«Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сведчанне, ахвяру і службу». Беларускія творцы ў памяць беларускага мастака Алеся Пушкіна