У сучасным свеце даступнай інфармацыі і разнастайнасці крыніцаў яе атрымання яшчэ 10 год таму цяжка было ўявіць, што цэлыя народы добраахвотна могуць апынуцца ў ментальнай яме. Як сёння міфы суседзяў прыходзяць на месца беларускіх у калектыўнай свядомасці? У чым небяспека для цэлых народаў жыць выключна ў палоне міфаў? Як змагацца з міфамі ў інфармацыйнай прасторы? Ці дапаможа тут толькі дэканструкцыя міфаў?
Працэсы, якія апошнімі дзесяцігоддзямі апанавалі калектыўную свядомасць у РФ і часткова ў Беларусі, і сталі прычынамі, што легалізавалі ў сферы мыслення магчымасць крывавай агрэсіі супраць суседняй дзяржавы і народа.
Менавіта безапеляцыйная перамога міфа над розумам, логікай, фактамі зрабіла магчымым абсалютную дэградацыю значнай часткі грамадстваў гэтых краінаў.
У такой атмасферы гістарычным, калектыўным міфам, якія жывуць у масавай свядомасці стагоддзямі, цяжка супрацьпастаўляць выключна абгрунтаваныя довады. Тым больш уплываць на скутае прапагандай светаўспрыманне цэлых народаў.
Змагацца з такімі ўстаноўкамі на ментальным узроўні, выкарыстоўваючы лагічныя канструкты, абсалютна немагчыма. Тым больш контрпрадуктыўна распаўсюджваць уласныя міфы, накіраваныя выключна на аспрэчванне міфаў апанентаў.
Ці працуе толькі дэканструкцыя міфаў?
На жаль, у беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы апошняе дзесяцігоддзе дамінуе менавіта такі трэнд — фактычнае прыманне правілаў гульні з усходу.
Шматлікія СМІ, блогеры спрабуюць разбурыць пабудаваную ў калектыўнай свядомасці большасці жыхароў Беларусі канструкцыю, аздобленую расейскай імперскай міфалогіяй.
У пэўнай меры дэструкцыя чужых міфаў і ўбудоўванне ў свядомасць уласных мае сэнс. Але не ў выпадках, калі метад разбурэння цалкам капіруе тактыку апанентаў, паразітаванне на рэсентэмінальных пачуццях, разгляд гістарычных падзеяў толькі ў адным выгадным кірунку і г.д. Асабліва ў выпадку дамінавання расійскіх наратываў у інфармацыйным полі ў Беларусі.
Напэўна, такі кантэнт знаходзіць большы водгук у прыхільнікаў. Бо апелюе выключна да эмоцый, не патрабуе рэфлексіўнай працы. Але мае відавочны адмоўны аспект — адначасова можа правакаваць пашырэнне на ўсё грамадства пачуцця неадпомшчанай ахвяры.
У вялікай колькасці выпадкаў гэта не дазваляе супольнасцям пераадолець траўмы мінулага, але маштабаваць іх у тым ліку і на будучыню, наступныя пакаленні.
Самы відавочны прыклад такога памылковага падыходу працы ў тым ліку ў інфармацыйнай прасторы і сферы адукацыі — грамадства РФ і вялікая частка жыхароў Беларусі. Дзе менавіта міфы, падмуркам якіх ёсць апеляцыя да выкрыўленай настальгіі, кантралююць калектыўную свядомасць.
Бо па сваёй прыродзе міф знаходзіцца паміж фактычнай рэальнасцю і рэлігійнасцю. Таму ў грамадствах, дзе ён перамог, рацыянальнасць і логіка цалкам саступаюць міфам, што апелююць не толькі да фактаў, але і працуюць у плашчыні сакральнага. Перакідаючы неаспрэчны абсалют на рэальнае жыццё.
Менавіта такім чынам культ вайны і рэсентымент, нерэалізаваная нянавісць да былых ворагаў скаваў розум цэлай краіны, якая дзясяткамі год агучвала, як рэлігійнае заклінанне, «можам паўтарыць», не ўспрымаючы крытычна ўсю жахлівасць гэтай фразы.
У грамадствах такога кшталту заўжды наступае момант, калі ніякія лагічныя аргументы, навуковыя довады не ў стане разбурыць міфалогію, якая б людажэрная яна не была. Бо міфы пераўтвараюцца ў неаспрэчную ісціну, след, пакінуты богам у нашым свеце, універсальную справядлівасць і крыніцу натхнення, матывацыю для існавання.
Канструкцыя будучыні
Цяжка сабе ўявіць, што беларускамоўныя блогеры і СМІ, якія сёння гуляюць клікбэйтнымі загалоўкамі для сваіх відэа, падкастаў і публікацыяў, жадаюць менавіта такой будучыні беларусам.
Нам неабходны праект, накіраваны за далягляд, з абгрунтаваннем месца нашага народа ў рэгіёне. З міфамі, якія апелююць да руху наперад, а не толькі перайначваюць сэнсы мінуўшчыны
У гэтай сувязі прыгадваецца гісторыя ЗША. Краіны, якая дзеля таго, каб вырвацца з каланіяльнай залежнасці ад Брытаніі, апелявала да новай міфалогіі. Адначасова краіна мела імідж дзяржавы з абсалютнай рэлігійнай цярпімасцю і наборам свабодаў асобы (у разуменні тых часоў). У ХVIII ст. гэта была настолькі інавацыйна, што праз акіян да Новай зямлі імкнуліся сотні мільёнаў людзей, апантаных ідэямі пабудовы новага грамадства.
Гэты міф новага кшталту ёсць прыкладам, як мысляры і філосафы сфарміравалі ідэі без спасылак выключна да базавых установак дзяржавабудаўніцтва мінуўшчыны. На той момант ЗША былі краінай, дзе логіка і рацыо перамаглі былыя міфы і пакінулі для іх толькі каліва ў калектыўнай свядомасці новага грамадства. Перакінуўшы новы канструкт у будучыню, за межы зразумелага і ўпарадкаванага мінулага.
Гэта зусім не значыць, што беларусам і іншым народам рэгіёна трэба капіяваць прыклад, якому ўжо больш за дзве сотні гадоў. Тым больш, што ЗША і самі зараз апынуліся ў складаным крызісе мыслення.
Але кірунак канструявання міфалогіі з апеляцыяй да будучыні, з неабходным апірышчам на гісторыю, з рэфлексіяй памылак мінулых пакаленняў — маюць стаць істотнай часткай інфармацыйнай працы
А.Г., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Карані чорных парасткаў, ад якіх трэба адмовіцца. Раз і назаўсёды». Лявон Вольскі пра ўладу і гвалт