У гэты дзень, 26 снежня, у 1937 годзе быў расстраляны вядомы беларускі навуковец Мікалай Каспяровіч. У дзень памяці аднаго з пачынальнікаў беларускага краязнаўства, прыгадваем цікавосткі з яго жыцця.
Мікалай Каспяровіч. Крыніца: bis.nlb.by
Мікалай Каспяровіч належаў да той плеяды беларускіх дзячаў, якіх цікавіла літаральна ўсё: і мова, і літаратура, і мастацтва, і архітэктура, і побыт. То бок беларуская культура ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Нарадзіўся ён у траўні 1900 года ў маёнтку Ізабалёва на Міншчыне ў сям’і арандатара.
Ужо ў даволі раннім узросце адчуў сябе беларусам і пачаў цікавіцца мінулым краю, дзе нарадзіўся і рос. Біяграфія яго не надта выбіваецца з жыццёвай каляіны беларуса таго часу: у 1912 годзе скончыў царкоўнапрыхадскую школу, потым працаваў. З пачаткам Першай сусветнай разам з сям’ёй быў у бежанстве ў Кастрамской губерні.
Вярнуўся на радзіму юнак толькі ў 1917 годзе і адразу ж уключыўся ў грамадскае і палітычнае жыццё, якое тады віравала. Цалкам магчыма, што ён быў сярод тых, хто прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з’езда, які адбыўся ў снежні.
Каспяровіч скончыў Ігуменскае вышэйшае пачатковае вучылішча, пасля чаго паступіў на літаратурна-мастацкае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута, якое скончыў у 1921 годзе. Паралельна ён працуе настаўнікам і пачынае займацца даследваннем мінулага.
Ён уваходзіць у склад Менскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў, сябрамі якога былі таксама такія вядомыя беларускія навукоўцы, як Яўхім Карскі, Уладзімір Пічэта і Фёдар Турук. У межах гэтай арганізацыі Каспяровіч удзельнічае ў экпедыцыях.
Па сканчэнні ўніверсітэта яго прызначаюць на працу інструктарам у Наркамат асветы БССР. А ў 1922 годзе Каспяровіч ужо працуе інспектарам Слуцкага, а потым і Віцебскага акруговых аддзелаў народнай асветы. Малады чалавек займаецца наладжваннем адукацыйнага працэсу ў беларускіх школах, а таксама арганізацыяй курсаў для настаўнікаў.
Працаваць даводзілася ў неймаверна цяжкіх умовах, бо краіна ляжала літаральна ў руінах пасля працяглых войнаў, што пракаціліся па беларускіх землях ад 1914 года. Але разам з тым у людзей, як Мікола Каспяровіч, была высокая матывацыя і амбітнасць, дзякуючы якім яны не апускалі рукі, а ўсе цяжкасці ўспрымалі выключна як выклік.
У Віцебску, акрамя непасрэднай працы, Каспяровіч займаецца арганізацыяй мясцовай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое было заснавана ўвосень 1923 года, а таксама аднаўляе дзейнасць Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. Да самага свайго ад’езду ў Мінск ён будзе старшынёй першай і вучоным сакратаром другой арганізацыі. Прыклаў руку малады чалавек і да з’яўлення Віцебскага музея, які пачаў стварацца ў 1924 годзе.
Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Крыніца: zviazda.by
Але напоўніцу раскрыцца як навуковец, ліксіёграф, этнограф, літаратурназнаўца і мастацтвазнаўца Мікола Каспяровіч змог у другой палове 1920-х гадоў, калі пераехаў у Мінск. З 1926 года ён працаваў сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства і сакратаром краязнаўчага часопіса «Наш край».
Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам. Сядзяць (злева направа): Змітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. Мінск,19 лістапада 1926 г. Фота — nlb.by
Трэба разумець, што ўласна краязнаўчы рух на Беларусі пачынаўся абсалютна стыхійна яшчэ ў самым пачатку дзесяцігоддзя, але развіцца ў маштабную з’яву здолеў трохі пазней. Толькі ў 1923 годзе пры Інстытуце беларускай культуры было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства, якое павінна было арганізоўваць і кіраваць краязнаўствам у Савецкай Беларусі. Працавалі ў ім многія вядомыя асобы. Напрыклад, з траўня 1925 года інструктарам пры ім быў Кандрат Атраховіч, больш вядомы па псеўданіме Кандрат Крапіва. У гэты ж час з’яўляюцца ў друку і першыя кнігі класіка — «Асцё» і «Крапіва».
У кастрычніку 1925 года ў арганізацыі з’явіўся і свой друкаваны орган — часопіс «Наш край», які выдаваўся ў 1925-1930 гадах. Першы нумар выйшаў пад рэдакцыяй Мікалая Азбукіна, а потым яго нязменна рэдагаваў Змітрок Бядуля. Дзякуючы непасрэдна гэтаму выданню і адбываўся рост краязнаўчых гурткоў. На яго старонках змяшчаліся не толькі вынікі даследванняў, але таксама і падрабязныя інструкцыі па вывучэнні сваёй мясцовасці, якія распрацоўваў у тым ліку і Мікалай Каспяровіч. Адметна, што выпісвала гэтагае выданне нават Амерыканская акадэмія навук.
Вокладка часопіса «Наш край», № 1, 1925
Вокладка часопіса «Наш край», № 11, 1927 год
У лютым 1926 года адбыўся Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд, на які ў Менску сабралася 143 дэлегаты з усёй краіны і 112 з якіх мелі права голасу. Сярод удзельнікаў быў гісторык Усевалад Ігнатоўскі, мастацтвазнаўца Мікалай Шчакаціхін, прыгаданы ўжо Кандрат Крапіва. На наступны год, таксама ў лютым, адбудзецца Другі Усебеларускі краязнаўчы з’езд. На ім ужо збярэцца 187 дэлегатаў ад 240 краязнаўчых арганізацый, якія аб’ядноўвалі больш за 9000 сябраў па ўсё краіне.
У тым жа 1926 годзе ў Мінску пры Інбелкульце па ініцыятыве Мікалая Каспяровіч, Міколы Шчакаціхіна і мастака Анатоля Тычыны было створана Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах усіх неабыякавых да беларускай кнігі. Каспяровіч займаецца даследваннямі айчыннага экслібрыса, а вынікі сваіх росшукаў публікуе на старонках «Нашага Краю».
Exlibris Міколы Каспяровіча. Крыніца: zviazda.by
Мікалай Каспяровіч удала спалучае тэорыю з практыкай. Ён не толькі склаў бібліяграфію твораў Каруся Каганца, але таксама адшукаў яго магілу ў Вялікіх Навасёлках у 1928 годзе. На пахаванні не было ні помніка, ні крыжа, але былі яшчэ жывыя сведкі, якія ведалі дакладнае месца. Ужо ў 1980-я гады яе па другім разе адшукае брат Міколы Ермаловіча Леанід, абапіраючыся ў сваіх росшуках на інфармацыю Каспяровіча.
Мікалаем Каспяровічам будзе напісана болей за две сотніх навуковых прац, сярод якіх «Беларуская архітэктура», «Беларускі арнамент», «Беларуска-расійскі слоўнічак», «Віцебскі краявы слоўнік», «Віцебскі краёвы слоўнік: (матар’ялы)» і іншыя. Ён жа ўкладзе першы беларускі дапаможнік па тэорыі літаратуры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў», які будзе надрукаваны ў 1927 годзе. А ў 1929 годзе пабачыць свет ці не галоўнае ягонае даследванне — «Краязнаўства: Нарысы», якое з цікавасцю чытаецца і ў нашыя дні.
«Віцебскі краёвы слоўнік», які быў складзены Міколам Каспяровічам. Крыніца: zviazda.by
На старонках «Нашага Краю» Мікалай Каспяровіч пераважна выступаў з матэрыяламі па арганізацыі краязнаўчай дзейнасці і гісторыі краязнаўства, але ў 1929 годзе ён апублікуе распрацаваныя ім экскурсійныя маршруты па беларускай сталіцы, а таксама маршрут азнаямляльнай экскурсіі па Віцебску.
У 1930 годзе Мікалай Каспяровіч будзе арыштаваны па справе няіснага Саюза вызвалення Беларусі і неўзабаве асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываць ён яе будзе ў Кемераўскай вобласці, а пасля працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Навасібірску. Паўторна яго арыштуюць і прысудзяць да расстрэлу, як і многіх іншыя прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі, у 1937 годзе. Рэабілітаваны Мікалай Каспяровіч у 1958 годзе Ваенным трыбуналам Сібірскай ваеннай акругі і ў 1960 годзе Вярхоўным судом БССР.
Спадчына, якую нам пакінуў гэты неверагодны чалавек, дазваляе напоўніцу ацаніць не толькі маштаб ягонай асобы, але і нашай даўніны.
Л.Г., budzma.org