На сустрэчу з вучнямі Лагойскай СШ № 1 прыехалі паэт Міхась Скобла і спявачка, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяна Матафонава.
Цягам сустрэчы гучалі песні на словы Максіма Багдановіча, Сяргея Новіка-Пеюна, Наталлі Арсенневай. З асаблівай прыхільнасцю вучні слухалі верш “Ефрасіння Полацкая”, які вывучалі ў школьнай праграме за 6 клас.
Як прызнаўся яго аўтар Міхась Скобла, “пасля таго, як два гады таму са школьных праграмаў па літаратуры былі выкінутыя непажаданыя творы і аўтары, мяне ўпершыню папрасілі прачытаць менавіта гэты верш. Увогуле, лагойскія школьнікі здзівілі сваёй цікаўнасцю – нам з Таццянай было зададзена звыш двух дзесяткаў пытанняў. Пра арнамент на майках з лагатыпам кампаніі “Будзьма беларусамі!”, пра песню “Зорачкі”, якая расчуліла адну дзяўчынку да слёз… Карацей кажучы, у Лагойску – усё па-свойску! Як і належыць быць”.
Яшчэ адна адметнасць імпрэзы ў тым, што ў ёй узяў удзел васьмігадовы спявак, вучань сталічнай беларускай гімназіі № 23 Адась Матафонаў. Пад акампанемент матчынай скрыпкі ён выканаў некалькі беларускіх народных дзіцячых песень.