Мінкультуры Беларусі кантралюе рэстаўрацыю сядзіб, выкупленых прыватнікамі

18.03.2016 Культура

Міністэрства культуры Беларусі кантралюе рэстаўрацыю ўсіх аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, выкупленых прыватнымі асобамі.

Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Аксана Сматрэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. З пераліку, у які ўключана 49 аб’ектаў, у прыватную ўласнасць перайшло каля 20, у асноўным сядзібы. Паколькі гэтыя аб’екты з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, Міністэрства культуры вядзе кантроль за выкананнем работ ад пачатковага этапу да завяршэння. Кантроль вядзецца ў парадку, які вызначаны заканадаўствам.

“Уласнік выбірае навуковага кіраўніка, Міністэрства культуры назначае яго, улічваючы кваліфікацыю. Гэта спецыяліст, які ведае методыку і падыходы пры правядзенні рэстаўрацыйных работ. Потым распрацоўваецца праектная дакументацыя, якая праходзіць усе стадыі ўзгадненняў у Міністэрстве культуры. Адсочваюцца падыходы да аднаўлення і захавання адметных асаблівасцей. Ідзе актыўны дыялог з уласнікам па яго прапановах і магчымасці якіх-небудзь змяненняў”, – расказала Аксана Сматрэнка.

Паколькі ў асноўным у прыватную ўласнасць пераходзяць буйныя аб’екты, сядзібы, праектная дакументацыя распрацоўваецца працяглы час. У далейшым кантроль Міністэрства культуры зводзіцца да выдачы дазволу на правядзенне рэстаўрацыйных работ і праверку справаздачнасці аб тым, што выканана.

Нядаўна Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны разглядала прапановы па рэстаўрацыі аб’екта ў Стара-Барысаве. Яго выкупіў уласнік і прыстасоўвае пад грамадскую функцыю. Спецыялісты далі рэкамендацыі, каб забяспечыць захаванасць позніх прыбудоў, уласнік згадзіўся з гэтым. Прадстаўнік міністэрства дадала, што ў асноўным мясцовыя выканаўчыя органы ўлады вызначаюць, для якой функцыі мэтазгодна выкарыстоўваць сядзібу.

БЕЛТА