Другая сусветная вайна паскорыла тэхнічную рэвалюцыю па ўсім свеце — самыя дарагія распрацоўкі, самыя рызыкоўныя інавацыі, самы моцны навуковы патэнцыял былі скіраваны на адно: перамагчы супраціўніка коштам самага сучаснага ўзбраення і найхутчэйшых метадаў апрацоўкі аператыўнай інфармацыі. Нездарма першыя распрацоўкі камп’ютарападобных вылічальных машын былі зроблены менавіта ў тыя, 1940-я гады, і немцамі (Z3), і амерыканцамі (Marc-І), і брытанцамі (Colossus). Адзіны, хто не паспяваў за гэтай гонкай вылічэнняў, быў СССР.
Аднак заканчэнне вайны і пераход адносін былых саюзнікаў у стан «халоднай вайны» не спыніў, а толькі падштурхнуў і гонку ўзбраенняў (як тады выказвалася савецкая прэса) і барацьбу на інтэлектуальным полі. Першы электронны лічбавы камп’ютар агульнага прызначэння, які можна было запраграмаваць для рашэння значнага шэрагу задач — ENIAC — быў, зноў жа, распрацаваны ў ЗША цягам некалькі гадоў і эксплуатаваўся з 1946 па 1953 гады.
Першы электронны лічбавы камп’ютар агульнага прызначэння — ENIAC (ЗША)
Савецкі Саюз дагнаў гэтае спаборніцтва толькі ў 1949–1951 гг., калі былі пушчаныя ў эксплуатацыю вылічальныя машыны тыпу М-1 (і мадэлі гэтай серыі) і МЭСМ, у адным з якіх, дарэчы, выкарыстоўваліся нямецкія паўправаднікі.
Калі «Беларусь» — трактар, то «Мінск» — камп’ютар
Савецкае адставанне ад заходніх краін у сферы электронна-вылічальнай тэхнікі ў 1950-я гг., паводле самых аптымістычных ацэнак, складала не менш як дзесяцігоддзе.
Таму ў жніўні 1956 г. пастановай Савета міністраў СССР быў дадзены старт пашырэнню вытворчасці электронна-вылічальных машын (ЭВМ) па ўсёй краіне. Пастановай таксама было прадугледжана стварэнне шэрагу цэнтраў па іх выпуску, праектаванні і распрацоўцы, адзін з якіх павінен быў размясціцца ў БССР.
Будаўніцтва завода лічыльных машын імя Арджанікідзэ (завод ЭВМ), 1959 г.
Мінскі завод лічыльных машын імя Арджанікідзэ пачалі будаваць у 1956 г. на Камароўцы. Цяпер у былых легендарных завадскіх карпусах — гандлёвыя цэнтры «Імпульс» і «Пасаж», а здача ў арэнду вытворчых памяшканняў — ільвіная доля цяперашняга заробку прадпрыемства. Ужо ў 1958 г. на базе завода было арганізавана спецыяльнае канструктарскае бюро (СКБ) для суправаджэння і мадэрнізацыі ЭВМ. Паступова СКБ пераўтварылася ў самастойнае праектна-доследнае прадпрыемства — навукова-даследчы інстытут ЭВМ.
ЭЛВМ (электронная лічбавая вылічальная машына) «Мінск-32» — самая масавая мадэль серыі «Мінск» і самая паспяховая: ЭВМ такой канфігурацыі ішлі амаль нароўні з тагачаснымі машынамі ІВМ
Машыны тыпу «Мінск» з’явіліся ў той час, калі ў РСФСР ужо некалькі гадоў працавалі ЭВМ БЭСМ, «Страла», М-20, серыйна выпускаліся малыя ўніверсальныя машыны «Урал-1», у Ерэване — паўправадніковая ЭВМ «Раздан», а ў Кіеўскім інстытуце кібернетыкі АН УССР праводзілася наладка паўправадніковай ЭВМ УМШН («Дняпро»). Аднак машыны «Мінск» практычна не сутыкнуліся з канкурэнцыяй сярод малых машын агульнага прызначэння і хутка сталі вядучым тыпам падобных ЭВМ на абшарах Савецкага Саюза. Больш за тое, і па вылічальнай хуткасці, і па фізічных памерах (а тагачасныя машыны займалі плошчы ад 40 кв. м да 100 кв. м) серыя «Мінск» пераўзышла маскоўскія напрацоўкі!
Экспансія «мінскіх ІТ»
У Мінску першапачаткова арыентаваліся на масавы выпуск недарагіх ЭВМ для канструктарскіх бюро і навуковых лабараторый у навукова-даследчых інстытутах і ВНУ. Арганізацыя работ забяспечвала кожныя два гады з’яўленне чарговай навінкі — гэта было вельмі нетыпова для савецкіх прадпрыемстваў і КБ: звычайна інстытуты рабілі распрацоўкі, не задумваючыся, дзе і як тыя будуць вырабляцца. У мінскіх умовах распрацоўнік і вытворчасць працавалі ў адным звязку, у шчыльнай залежнасці адно ад аднаго, у тым ліку і ў фінансавым плане. Разрыў паміж сканчэннем распрацоўкі і пачаткам выпуску зводзіўся да мінімуму: у той час, калі новая мадэль ішла ў вытворчасць, інжынеры ўжо рыхтавалі наступную распрацоўку.
Мантажны і зборачны цэхі Мінскага вытворчага аб’яднання вылічальнай тэхнікі, якое аб’ядноўвала Мінскі завод лічыльных машынаў (завод ЭВМ), Мінскага завода вылічальнай тэхнікі і спецыяльнага канструктарскага бюро завода, 1970-я гг.
ЭВМ «Мінск-1» выпускалася да 1964 г., лічылася масавай мадэллю (выпушчана 220 адзінак) і акрамя асноўнага варыянту мела некалькі цалкам сумяшчальных мадыфікацый. Хуткадзейнасць складала 3000 аперацый у секунду. У ЭВМ была прыменена арыгінальная распрацоўка мінскіх канструктараў — хуткадзейная аператыўная памяць на ферытавых стрыжнях, якая замяніла памяць на магнітных барабанах, якія формай і памерамі нагадвалі бак для пральнай машыны. Увод інфармацыі ажыццяўляўся пры дапамозе перфараванай папяровай стужкі, вынікі выводзіліся на лічбаваую друкавальную прыладу (прататып сучаснага прынтара).
Розныя версіі ЭВМ «Мінск-1»
Папулярнасць і эфектыўнасць канфігурацыі гэтай ЭВМ прывялі да стварэння цэлай серыі мадэляў на яе базе. Так, «Мінск-11» (выпушчана ўсяго 11 мадэляў гэтай мадыфікацыі) прызначалася для апрацоўкі сейсмічнай інфармацыі. ЭВМ «Мінск-12» мела пашыраную аператыўную памяць ёмістасцю 2048К слоў і стужкапрацяглыя механізмы ёмістасцю 100К слоў. Выпушчана было толькі 5 машын гэтай мадыфікацыі. ЭВМ «Мінск-14» і «Мінск-16» прызначаліся для апрацоўкі тэлеметрычнай інфармацыі ад касмічных спадарожнікаў, таму мелі ў сваім складзе адпаведныя счытвальныя прылады тэлеметрыі. Такіх мадэляў было выпушчана 36 адзінак. Акрамя гэтага пад назвай «Мінск-100» была выпушчана сістэма для захоўвання і распазнання адбіткаў пальцаў для Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
Адна з мадэляў ЭВМ «Мінск-1»
У снежні 1961 г. на ВДНГ СССР ЭВМ «Мінск-1» гуляла з наведвальнікамі ў бяспройгрышную шашачную гульню «Ваўкі і авечкі». Свае хады машына друкавала на вузкай стужцы друкаркі (дысплеяў яшчэ не было), а наведвальнікі выставы рухалі шашкі на асобна стаялай дэманстрацыйнай дошцы.
Паралельна з выпускам «Мінск-1» у 1960–1962 гг. вялася распрацоўка другога пакалення ЭВМ — «Мінск-2», якая пасля стала першай паўправадніковай ЭВМ у СССР. Хуткадзейнасць ЭВМ ацэньвалася ўжо ў 5–6 тысяч аперацый за секунду. «Мінск-2» стаў першым ЭВМ ва ўсім Савецкім Саюзе, які меў магчымасць уводзіць і апрацоўваць тэкставую інфармацыю (да гэтага працавалі выключна з лічбавымі дадзенымі). Аднак Дзяржкамітэт па радыёэлектроніцы СССР адмовіўся прымаць тэхнічны праект на мадэль: СКБ завода, якое павінна было займацца толькі выпрабаваннем і ўдасканаленнем ужо існуючых ЭВМ, дазволіла сабе вольнасць, распрацаваўшы новую мадэль! Толькі пасля ўмяшання вышэйшага кіраўніцтва БССР праект зацвердзілі, пасля чаго з 1963 г. заводам было выпушчана 118 адзінак «Мінск-2».
ЭВМ «Мінск-22»
Стварэнне мадэлі ЭВМ «Мінск-2/22» паказвае, як хутка ЭВМ знайшлі сабе прымяненне ў розных галінах гаспадаркі, што патрабавала ўносіць дапрацоўкі ўва ўжо запраектаваную машыну. Калі «Мінск-2» прызначалася для навукова-тэхнічных і інжынерных разлікаў, то мадэль «Мінск-22» магла выкарыстоўвацца і для разлікаў эканамічнага характару. За кошт новых сфер прымянення распрацоўнікі імкнуліся пашырыць збыт, а тым самым і выпуск машын. Сфера прымянення ЭВМ пашыралася і пашыралася: яшчэ ў 1959 г. тагачасныя вылічальныя машыны спрабавалі выкарыстоўваць для вытворчых разлікаў. Крыху пазней распачаліся працы і праекты па аўтаматызацыі праектавання ЭВМ з дапамогай ЭВМ.
Кантрольная панель да ЭВМ «Мінск-22»
Пашырэнне тэорыі і напрацовак аўтаматызаваных сістэм кіравання ў СССР паступова пераключылі ўвагу на машынную апрацоўку не толькі навукова-ваеннай, але і фінансава-эканамічнай і вытворчай інфармацыі. У заходніх краінах у гэты час буйнымі серыямі выпускаліся простыя і адносна недарагія машыны для дзелавых разлікаў — IBM-1401, IBM-1440 і інш., якія істотна падвышалі эфектыўнасць апрацоўкі падобнай інфармацыі. Мадэль «Мінск-22» была, безумоўна, машынай «двайнога прызначэння»: адна ЭВМ была ўсталявана на навукова-даследчым судне «Акадэмік Шырокаў», якое даследавала моры і акіяны, прымала сігналы са спадарожнікаў; ёсць меркаванні, што ЭВМ гэтага ж класу кіравалі працай лунаходаў «Луна-1» і «Луна-2».
ЭВМ «Мінск-23»
У 1966 г. скончылася стварэнне ЭВМ «Мінск-23», прызначанай для апрацоўкі планава-эканамічных задач, задач статыстыкі, кіравання вытворчасцю, інфармацыйнага пошуку. Хуткадзейнасць «Мінск-23» складала каля 7 тыс. аперацый за секунду. Ёмістасць аператыўнай памяці — 40 тыс. байтаў. У ЭВМ «Мінск-23» рэалізавалі мультыпраграмны рэжым работы — яна забяспечвала выкананне трох рабочых і пяці службовых праграм адначасова. Пры гэтым яна магла ўзаемадзейнічаць па васьмі напрамках з 64 вонкавымі прыладамі адначасова. Упершыню для савецкай вылічальнай тэхнікі гэтай мадэлі пачалася пастаўка, побач з заходнім імпартам, свайго назапашвальніка даных на магнітнай стужцы. Упершыню ў склад праграмнага забеспячэння «Мінск-23» увайшла і свая аперацыйная сістэма.
Працоўная мадэль «Мінск-32» на стэндзе Мінскага завода вылічальных машын
Але машына, насуперак чаканням распрацоўнікаў, поспеху не мела. Асноўнымі карыстальнікамі аўтаматызаванай інфармацыі працягвалі заставацца ваенныя, у меншай ступені — навуковыя і даследчыя арганізацыі, і яшчэ больш абмежавана — банкаўская сістэма краіны. У сістэме планавай эканомікі і за адсутнасцю «жывога» зменлівага рынка, машынны патэнцыял аператыўнага доступу да інфармацыі для прагназавання, ацэнкі рызыкаў і стратэгічнага планавання не меў важнага значэння... Навуковыя даследаванні і інавацыі таксама былі абмежаваныя планамі і часта прамымі процідзеяннямі савецкай складанай бюракратычнай сістэмы.
ЭВМ «Мінск-32»
ЭВМ «Мінск-32» была створана ў 1968 г. Галоўная мэта распрацоўкі — выпуск сучаснай машыны масавага прымянення, якая аб’ядноўвае лепшы функцыянал машын «Мінск-23» і «Мінск-22М» пры поўнай сумяшчальнасці з апошняй па носьбітах інфармацыі і прыкладных праграмах. Неабходнасць забеспячэння сумяшчальнасці з шырока распаўсюджанай на той час ЭВМ «Мінск-22М» сур’ёзна стрымлівала магчымасці развіцця лагічнай структуры «Мінск-32». Машына атрымала праграму «Дыспетчар», якая з’яўляецца даволі моцнай аперацыйнай сістэмай. З машынай пастаўляўся пакет праграм, сістэма сімвалічнага кадавання, макрагенератар, транслятары — агульным аб’ёмам больш за 500 тыс. каманд і 8 тыс. старонак дакументацыі. Была прадугледжана магчымасць стварыць, як бы сёння сказалі, размеркаваную сістэму апрацоўкі даных, якая магла аб’яднаць у адзіны вылічальны комплекс да васьмі ЭВМ(!). «Мінск-32» выкарыстоўвалася ў АН БССР у якасці калектыўнай сістэмы аўтаматызацыі навуковых даследаванняў, для дыстанцыйнага ўводу даных ад спектрометраў, плазматронаў, храматографаў, іншых прыбораў і ўстановак, іх апрацоўкі ў рэальным часе і прадстаўлення вынікаў на працоўных месцах эксперыментатараў, а таксама ў сістэме аўтаматызаванага праектавання для машынабудаўнічых аб’ектаў.
На расійскіх аўкцыёнах і барахолках яшчэ і сёння можна сустрэць лоты з блокаў ці запчастак ад ЭВМ «Мінск-32»
ЭВМ «Мінск-32» выпускалася ажно да 1975 г. Было выпушчана 2889 машын, у выніку гэтая мадэль сталася самай распаўсюджанай ЭВМ агульнага прызначэння ў СССР. Больш за тое, калі пад агульным прызначэннем ЭВМ разумець дастаткова высокую яе прадукцыйнасць на разліковых і планава-эканамічных задачах, то варта прызнаць, што «Мінск-32» да з’яўлення вылічальных машын класа ЕС была адзінай ЭВМ агульнага прызначэння ў Савецкім Саюзе. Па сваёй лагічнай структуры гэтая машына нічым не саступала замежным ЭВМ аналагічнага класа. Калектыў Мінскага СКБ на канец 1960-х гадоў быў самым кваліфікаваным у краіне і найбольш падрыхтаваным для стварэння шэрагу сумяшчальных ЭВМ на базе архітэктуры IBM 360.
ЭЦВМ «Мінск-32», гатовая для міжнароднага экспарту
Усяго было выпушчана больш за 4000 машын серыі «Мінск», гэта складала каля 70% парка машын у СССР у той час. У 1970 г. распрацоўнікам і вытворцам ЭВМ гэтай серыі была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Каля 100 мадэляў ЭВМ «Мінск» былі экспартаваныя ў 12 краін, у тым ліку ў Вялікабрытанію і Галандыю. На аснове ЭВМ «Мінск-32» у Бельгіі, Галандыі, Фінляндыі, Індыі і іншых краінах былі створаны вылічальныя цэнтры, якія на камерцыйнай аснове выконвалі заказы на вылічальныя работы і апрацоўку даных.
У канцы 1970-х слава мінскіх ЭВМ стала згасаць. Некамерцыйнасць савецкай ІТ-сферы пачала выяўляць сур’ёзныя недахопы: па-першае, ЭВМ розных заводаў СССР былі несумяшчальнымі паміж сабой, ні ў тэхнічнай, ні ў праграмнай частках, па-другое, — кірылічны ўвод даных (і нават мова каманд) рабіў савецкія ЭВМ праграмна несумяшчальнымі з замежнымі машынамі, а тым часам канкурэнцыя ў гэтай сферы па ўсім свеце толькі нарастала.
Акадэмія навук СССР прыняла рашэнне спыніць выпуск серыі «Мінск» і стварыць адзіную серыю вылічальных машын — ЕС ЭВМ.
Зніклая «Няміга»
У гісторыі Мінска ўсё ўзаемазвязана і перакручана нябачнымі і нязвыклымі сувязямі. Як на пачатку 1990-х знікла ў цьмяных трубах плынь скаронай рэчкі Нямігі, такі ж лёс напаткаў і яе цёзку — савецкі 16-разрадны персанальны камп’ютар, распрацаваны ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце (МРТІ) на кафедры электронных вылічальных сродкаў пад афіцыйнай назвай «Няміга ПК 588».
У канцы 1980-х гг. перад урадам БССР стаяла задача камп’ютарызацыі сістэмы адукацыі. У 1987 г. навукова-даследчай лабараторыі МРТІ было даручана распрацаваць першы школьны камп’ютар. Ставілася задача стварыць яго «на беларускай элементнай базе». А ў БССР такую «базу» мог даць толькі завод «Інтэграл», які выпускаў мікрапрацэсар 588-й серыі. Трэба адзначыць, што якасцю сваёй прадукцыі «Інтэграл» адзначаўся і ў тыя часы: пробная мадэль камп’ютара так і не запрацавала належным чынам, як потым высветлілася — праз недапрацоўкі ў працэсары. Лабараторыі прыйшлося яшчэ і дапрацоўваць схему працэсара.
Працоўна-навучальнае месца, абсталяванае камп’ютарам «Няміга». Сучаснікі, абазнаныя ў настаўніцкай справе тых гадоў, пазітыўна ацэньваюць айчынную распрацоўку, часам аддаючы ёй перавагу перад школьнымі «Карветамі» і «Ямахамі» — ПК радзеў гарэў (а былі і такія выпадкі!), а вылічальныя магчымасці цалкам адпавядалі тэхнічнай дакументацыі
Да таго часу, як ПК «Няміга» стаў паступаць у школы, Стыў Джобс ужо паспеў заснаваць і прывесці да поспеху прыстойную кампанію, праваліцца з Apple III, зрабіць першую мадэль легендарнага Macintosh і выпусціць першы «Мак» з вадкакрысталічным дысплеем. Тым не менш Няміга апынулася даволі запатрабаванай машынай у сваім сегменце.
Камп’ютарны клас, абсталяваны «Нямігамі». У склад навучальнага вылічальнага комплексу «Няміга» ўваходзіла працоўнае месца выкладчыка «Няміга ПК 588» і 12 працоўных месцаў навучэнцаў «Няміга ПК 588-01».
Фактычна да канца 1990-х гадоў (а месцамі — і пазней) «Няміга» трывала вытрымлівала канкурэнцыю з іншымі школьнымі камп’ютарамі. Настаўнікі тагачасных класаў інфарматыкі адзначаюць, што сярод плюсаў мадэлі была магчымасць падключэння не манахромнага, а каляровага манітора, друкавальнай прылады (прынтара), а таксама арганізацыя даволі хуткай (па тагачасных уяўленнях) лакальнай сеткі і стварэння ўласных навучальных прыкладных праграм з захаваннем вынікаў на дыскету.
Поспехі, на якія забыліся?
Хаця асноўнымі спажыўцамі і замоўцамі камп’ютарных сістэм і ў ЗША, і ў СССР усё ж працяглы час заставалася дзяржава, аднак камерцыйная скіраванасць (а адсюль — больш шырокая запатрабаванасць у ЭВМ, не толькі навуковая або ваенная) у капіталістычным выпадку выйгравала супраць планавай савецкай эканомікі, дзе і распрацоўка архітэктуры новых мадэляў, і праграмнага забеспячэння для іх павінны былі выконвацца ў рамах бягучых патрэб і планаў. Як вынік — серыйны выпуск ЭВМ у СССР абмяжоўваўся некамерцыйнасцю іх выкарыстання, што, адпаведна, тармазіла мэтазгоднасць новых напрацовак, гонку за хуткасцю вылічэнняў і аптымізацыю праграмнай часткі.
Вылічальны цэнтр Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР па вул. Апанскага 7 (сёння — Разліковы цэнтр Нацыянальнага банка Беларусі па Кальварыйскай; здымак пачатку 1980-х гг.) належаў да фінансава багатай і інфарматызаванай галіны народнай гаспадаркі. Аднак і ў банкаўскай сістэме савецкай эканомікі прымяненне магчымасцей ЭВМ заставалася даволі сціплым або абмежаваным
За брэжнеўскім часам СССР ператварыўся ў стабільнага нафтавага экспарцёра і імпарцёра заходніх тэхналогій. Так з’явіліся ВАЗ, КамАЗ і першыя ЭВМ на базе клонаў заходніх мікрапрацэсараў — закупаць (або весці тэхнічны шпіянаж) стала танней, чым распрацоўваць свае «аналогов нет». Абсталяванне для заводаў, якія ўсё гэта выпускалі, таксама завозілася з-за мяжы. А нерушлівая савецкая эканоміка ўжо сваім існаваннем даводзіла, што навукаёмістыя і інавацыйныя праекты, калі яны не інспіраваны дзяржаўнай сістэмай (і асабліва — ваеннай прамысловасцю), непазбежна робяцца неактуальнымі...
Пераход да капіравання архітэктуры IBM, прамы заходні імпарт, жорсткая сусветная канкурэнцыя і ўрэшце — падзенне жалезнай заслоны сталі пахавальнымі фактарамі для ЭВМ «Мінск». Амаль усе вылічальныя машыны хутка аказаліся спісанымі.
Легендарная савецкая ЭВМ «МЭСМ»
Да агульнай гісторыі заняпаду ІТ у краіне так і недабудаванага камунізму варта дадаць і прыклад з захаваннем савецкай інтэлектуальнай спадчыны. У той час, як амерыканскі ўрад запатэнтаваў і захаваў сваю распрацоўку ENIAC (а машына была створана ў адзінкавым асобніку), у савецкай краіне, той жа «МЭСМ» (таксама адзінкавая мадэль) дастаўся іншы лёс: пасля вываду з эксплуатацыі ў 1957 г. ЭВМ паступова разабралі на блокі і дэманстравалі іх на стэндах, але з цягам часу большую частку кампанентаў утылізавалі, а рэшта апынулася ў Фондзе гісторыі развіцца камп’ютарнай навукі і тэхнікі Акадэміі навук Украіны ў Кіеве. Прыблізна такі ж лёс дастаўся і мадэлям савецкіх вылічальных машын Мінскага завода ЭВМ перыяду 1959–1975 гг. Рэшту з іх або асобныя блокі працягвалі захоўваць на прадпрыемствах (калі дазвалялі плошчы), ствараючы своеасаблівыя «музеі». Ідэю стварэння цэнтралізаванага музея камп’ютарнай тэхнікі так ніхто і не агучыў. У 1990-я і 2000-я гг. найбольш каштоўныя запчасткі часта ішлі на лом і ў скупку каштоўных металаў.
Прасцей, канечне, візуалізоўваць, як «дзяды ваявалі» з танкамі і аўтаматамі, чым распавядаць пазнавальную (ды й павучальную) гісторыю, як «дзяды ваявалі» на інтэлектуальным полі, супраць таго самага «злавеснага Захаду», мелі шэраг поспехаў і перамог, але... прайгралі... і не, не столькі заходнім тэхналогіям, як менавіта метадам савецкай палітычна-эканамічнай сістэмы, бязладна пахавалай цэлую перспектыўную навукова-гаспадарчую галіну краіны...
Асноўныя крыніцы ілюстратыўнага матэрыялу — wikimedia.org, computer-museum.ru, informat444.narod.ru, devby.io
Змітро Пілецкі, budzma.org